Узнікненне ў Курапатах рэстарацыі - юрыдычнае і маральнае злачынства.
Развязка ў справе са скандальнай рэстарацыяй у Курапатах хутка павінна наступіць. У гэтым перакананы сустаршыня Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец, паведамляе «Радыё Рацыя».
Ён лічыць змены ў ахоўнай зоне Курапатаў, узнікненне там рэстарацыі юрыдычным і маральным злачынствамі. Неўзабаве сваё слова мусіць сказаць дзяржава.
— Насамрэч пакуль маўчанне, паўза зацягваецца, але рана ці позна давядзецца адказаць. Я думаю, усё больш і больш логіка і здаровы сэнс схіляюць да таго, каб прыняць рашэнне аб пераглядзе дазволаў на будаўніцтва, рашэнне аб зносе «Поедем Поедим» і зачыніць гэтую тэму. Я думаю, што тут выйсце адназначнае: іншага здаровы сэнс проста не падказвае. Гэта юрыдычнае злачынства, гэта маральнае злачынства і яно павінны быць адпаведным чынам кваліфікаванае.
Пратэстоўцы арганізавалі штодзённую варту ў Курапатах, яны не пускаюць на тэрыторыю забаўляльнага комплексу машыны і актыўна раздаюць кіроўцам і мінакам інфармацыю пра ахвяраў, целы якіх знаходзяцца ва ўрочышчы.