Герб Горадні аднойчы атрымаў савецкую рэдакцыю.
Вы можаце сабе ўявіць герб сталіцы, Божую Маці, зь сярпом і молатам над галавой? І замест анёлаў абапал — піянэраў? Не, ня можаце? А вось герб Горадні аднойчы атрымаў савецкую рэдакцыю. У ім зьявілася чырвоная зорка, а крыж зьнік. Гэта адбылося трыццаць год таму. Старажытны герб з аленем сьвятога Губэрта ў пераробленым выглядзе быў зацьверджаны ў чэрвені 1988 году. Ім карысталіся больш за два гады, пiша «Радыё Свабода».
Як гэта адбылося? Годам раней было вырашана распрацаваць герб Горадні. Але гэта не было нейкай сьмеласьцю, нечаканым крокам гарадзкога начальства. У СССР было вырашана, што адміністрацыйным цэнтрам неабходна мець свае гербы. Афіцыйна зацьверджаныя. Зрэшты, у любым разе гэта стала адной з падзеяў гарбачоўскай перабудовы, сьвежым павевам.
Як тады разважала гарадзенскае начальства? Ёсьць магчымасьць адзначыць дзьве гадавіны па чарзе. 70-годзьдзе «Вялікага Кастрычніка», а потым — 860 год гораду. І зацьверджаны гарадзкі геральдычны знак будзе цалкам дарэчы.
У 1987 годзе ў Горадні быў абвешчаны конкурс на найлепшы варыянт гербу. Больш за тое — па выніках упершыню адбылося грамадзкае абмеркаваньне. І кожны ахвотны мог свабодна выказацца. Гэта было 28 ліпеня.
Конкурс выклікаў калі не эўфарыю, то вялікую надзею на тое, што будзе вернуты алень сьвятога Губэрта — гістарычны герб, які горад атрымаў згодна з Магдэбурскім правам яшчэ ў сярэдзіне ХVІ стагодзьдзя. Як лічыцца, яго зацьвердзіла сама Бона Сфорца. У савецкі час звычайна бралі губэрнскі герб царскіх часоў — зубра, пісалі зьверху «Гродна» — і гатова.
Начальства зубар цалкам бы задаволіў. Хоць і штосьці больш сучаснае — таксама. Яно як разважала? Горадня — горад вялікай хіміі, машынабудаўнічых заводаў, вялікага баваўнянага камбінату, двух прадпрыемстваў радыёэлектронікі. І абысьці гэты важкі факт увагай у гербе было б няправільна, палітычна блізарука.
Герб ад Боны Cфорцы
І вось падсумоўваюць вынікі конкурсу на лепшы эскіз. А што ў дасланых канвэртах? У большасьці — гэты самы алень каталіцкага сьвятога Губэрта з Заходняй Эўропы. Ды яшчэ паміж рагоў у якога — крыж. Таксама касьцельны, не царкоўны. Начальства было, можа, ня ў шоку, але пэўнае расчараваньне адчула. Хоць былі сярод прапанаваных варыянтаў і той жа зубар, і заводзкія атрыбуты.
Але думку большасьці ўдзельнікаў увасобіў у тлумачальнай запісцы адзін з мастакоў. Ён напісаў даволі безапэляцыйна, што ў Горадні «немагчыма выкарыстоўваць у сымболіцы атрыбуты тэхнічнага прагрэсу — хімічныя рэторты, шасьцярэнькі, паколькі такі герб можна павесіць на браме любога гораду».
Я памятаю гэтае абмеркаваньне, падзея адбывалася ў фае кінатэатру «Гродна». Ахвотных выказацца было ня так многа. Адчувалася, што з боку мастакоў герб «ад Боны Сфорцы» быў выклікам уладам, але яны ня надта верылі, што ён пройдзе. Я прыйшоў, каб напісаць для сваёй абласной газэты матэрыял, але быў вымушаны браць слова. Чаму? Таму што адчуў, што гістарычны герб могуць «зарубіць», а пройдуць колбы з рэтортамі альбо той жа зубар.
Крыж забаранілі
І шалі схіліліся ў наш бок. Аднак проста так начальства здацца не магло. Было вырашана: пакінуць выяву аленя, як сымбаль старажытнасьці Горадні, але дапоўніць яго савецкай сымболікай. Зоркай альбо сярпом з молатам, а таксама колерамі дзяржаўнага сьцяга БССР. «Дапрацаваць» было даручана мастаку Сяргею Ільіну і архітэктару Віталю Фралову.
Краязнаўца Алесь Госьцеў узгадвае, які супраціў улады выклікаў гэты крыж. Не хацелася ім, каб быў рэлігійны сымбаль, кажа ён: «Усе спрэчкі вяліся фактычна вакол крыжа, і спачатку яго „забанілі“, асавецілі герб, што, канечне, не спадабалася мастакам і гісторыкам».
Дарэчы, адзін з эскізаў на конкурс прыслалі тады ўдзельнікі гарадзкога клюбу калекцыянэраў пад кіраўніцтвам Віктара Какарэкі. Яны былі рашуча за аленя сьвятога Губэрта. Сёньня Какарэка ўспамінае:
«Размаўляў пра зорку і крыж у гербе з Бутвілоўскай, якая была намесьнікам старшыні гарвыканкаму, адказвала за культуру. Яна сказала — „Пакуль я сяджу на гэтым месцы, крыжа ня будзе“».
Новы вялікі Ленін
Трэба таксама сказаць аб тым, што яшчэ адбывалася ў Горадні ў 1987 годзе. Улады сьпешным чынам рыхтавалі да гадавіны рэвалюцыі плошчу Леніна. Зруйнавалі дзеля гэтага частку камяніцы каралеўскіх часоў, каб пашырыць праход на плошчу для працоўных калёнаў. (Пратэсты клюбу «Паходня» нічога не далі). І паставілі вялікі помнік правадыру, разам з пастамэнтам вышынёю з чатырохпавярховы дом. Дагэтуль Ленін быў меншы і стаяў у парку.
Другое: улады рыхтаваліся адзначыць сьледам 10-я ўгодкі стварэньня раёнаў з савецкімі назвамі і ўзнагароджаньне гораду ордэнам. Раней гэта была проста Горадня, цяпер жа — падзеленая на два раёны, Ленінскі і Кастрычніцкі. І ўявіць герб з крыжам? Не, начальства не магло такога дапусьціць.
Так у аленя «сьпілавалі» крыж, далі яму чырвоную зорку і чырвона-зялёны шчыт. А ў астатнім усё было гістарычным, ніякіх шасьцярэнек і хімічнага посуду.
Як вярнулі сапраўдны герб
Аднак гарбачоўская перабудова і публічнасьць набіралі абароты. Не прайшло году, як намесьнік галоўнага архітэктара Горадні Анісімаў сабраў мастакоў, гісторыкаў, скульптараў, краязнаўцаў — каб савецкага аленя замяніць на гістарычнага. Стварылі ініцыятыўную групу зь пяці чалавек, самым вядомым сярод іх быў прафэсар Ткачоў. Пазьней даручылі тым жа Ільіну і Фралову стварыць эскіз сапраўднага герба: з залатым аленем з крыжам паміж рагамі на блакітным полі, які пераскоквае цераз агароджу.
Гэты герб зацьвердзілі ў 1990-м, «саветызаваны» праіснаваў крыху больш за два гады. (Між іншым, яго выяву сёньня знайсьці вельмі цяжка). Гісторыя выглядае даволі павучальна і калі ўспомніць сытуацыю зь дзяржаўнымі сымбалямі: колькі ні выдумляй чырвоныя зоркі і сярпы з молатамі, але Пагоня напэўна мае вярнуцца.
Віктар Какарэка тлумачыць, у чым была нярэдка праблема, калі іншым гарадам Беларусі пры канцы 1980-х пачалі зацьвярджаць гербы. Прасьцей было, калі горад ці мястэчка атрымалі яго яшчэ ў часы Вялікага Княства Літоўскага. Аднак у многіх цяперашніх райцэнтраў такіх старых геральдычных знакаў не было. Як выходзілі з сытуацыі? Выкарыстоўвалі тады выявы царскіх часоў альбо гербы ўладальнікаў мястэчак, што, між іншым, практыкавалася і ў гістарычныя часы.