Праблема ў польскіх школах у Беларусі з’явілася ўжо тры гады таму.
Дзве польскія школы працуюць у Беларусі, і абедзве – на Гарадзеншчыне. Ахвотных вучыцца ў іх – традыцыйна шмат, аднак трапіць у іх – часам праблематычна. Чаму так адбываецца? Пра гэта ды іншае з размаўляем з госцей ранішняга эфіру «Радыё Рацыя», а гэта – старшыня Галоўнай Рады непрызнаванага ўладамі Саюза палякаў у Беларусі Анжаліка Арэхва.
- У Беларусі працуе дзве школы з польскай мовай навучання: у Гародні школа №36 і Ваўкавыску школа №8. Дзеля месца ў польскамоўнай школе бацькі зноў дзяжурылі па начах. Чаму так адбываецца?
— Гэтая праблема ў польскіх школах у Беларусі з’явілася ўжо тры гады таму, калі ўлады пачалі абмяжоўваць доступ да першых класаў у школах. Напрыклад, улады вырашылі, што ў Гародні колькасць першых класаў павінна быць абмежаваная да двух класаў.
Першы раз такая сітуацыя здарылася ў 2015 годзе, і тады акурат бацькі былі вымушаныя стаяць у чэргах, рабіць спісы і гэтак далей. Цяпер сітуацыя выглядае так, што яшчэ ўвосень бацькі пачалі звяртацца да ўладаў у галіне адукацыі з просьбай арганізаваць большую колькасць першых класаў, паколькі толькі на падрыхтоўчыя заняткі ў польскай школе ў Гародні пажадала хадзіць 75 дзяцей.
- І гэта прыкладна вучняў на паўнавартасныя тры класы?
— Так, канешне. Як раней нам казалася пра тое, што маюць быць два класы з 24 вучняў, то 75 дзяцей – гэта нармальна тры класы.
- Вядома, што яшчэ фактычна да канца лета бацькі маюць магчымасць падаваць заявы на навучанне дзяцей у польскай школе. То бок, колькасць такіх дзетак можа павялічыцца…
— У гэтым годзе, пасля актыўных намаганняў бацькоў, якія кіравалі лісты і ў аддзел адукацыі Ленінскага раёна Гародні, і да абласных уладаў, і ў Міністэрства, у апошні момант перад пачаткам адкрыцця набору ў школы ўлады вырашылі, што ў польскай школе ў Гародні яны прымуць дакументы і заявы ад усіх бацькоў, якія хочуць, каб іх дзеці вучыліся ў гэтай школе ў першым класе. Ужо ў першы дзень 76 чалавек падалі такія дакументы. Пры гэтым набор у першыя класы працягнецца амаль да канца жніўня.
Анжаліка Арэхва кажа, што ў польскай школе ў Гародні пры гэтым ёсць усе ўмовы на адкрыццё большай колькасці класаў: — Усё ёсць, усе ўмовы. Цяпер школа працуе ў адну змену, але, калі будзе патрэба, школа гатовая арганізаваць навучанне ў дзве змены. Праўда, дырэктарка школы запэўнівае, што першакласнікаў ёсць магчымасць навучаць у першую змену. Усе ўмовы для гэтага ёсць.
- Другая школа №8 месціцца ў Ваўквыску. Там сітуацыя больш напружаная, і магчыма, што не ўсе першакласнікі змогуць трапіць у гэтую школу?
— На жаль, так. У Ваўкавыску прынялі дакументы толькі ў 18 асобаў, і было сказана, што менавіта столькі дзяцей прымуць у першы клас. Яшчэ сем асобаў пакінулі заявы, але без дакументаў. Праўда, практыка польскай школы ў Гародні з папярэдніх гадоў паказвае, што, калі дакументы адразу не прынялі, то гэтыя дзеці не будуць прынятыя ў школу. Можа толькі, калі нехта адмовіцца з тых 18-ці.
- Якія афіцыйныя прычыны гэтага?
— Прычынай улады называюць тое, што няма магчымасці арганізаваць навучанне для двух класаў. Сітуацыя выглядае так, што на сёння ў Ваўкавыску няма ўмоў для арганізацыі большага па колькасці вучняў класа, на 25-30 чалавек. Але ёсць умовы для таго, каб арганізаваць працу двух меншых па колькасці класаў, аднак улады не хочуць на гэта пагаджацца.
Саюз палякаў не збіраецца складаць рук, падчас пасяджэння Галоўнай Рады арганізацыі будзе вырашацца, што рабіць далей. “Бо пытанне навучання на польскай мове – вельмі важнае для Саюзу палякаў у Беларусі”, — дадае наша суразмоўца. Школы з польскай мовай навучання ў Гародні і Ваўкавыску існуюць больш за 20 гадоў.