Рада Беларускай Народный Рэспублікі заклікае захаваць недатыкальнасць Курапатаў.
Рада Беларускай Народнай Рэспублікі выказвае сваё абурэнне фактам перагляду ахоўнай зоны Курапацкага мемарыялу і адкрыцця забаўляльных установаў на ягонай тэрыторыі, паведамляе сайт radabnr.org .
Курапаты – адзін з галоўных гістарычных помнікаў і мемарыялаў на тэрыторыі Беларусі.
На тэрыторыі ўрочышча Курапаты савецкія акупанты ў трыццатыя і саракавыя гады мінулага стагоддзя расстралялі тысячы мірных жыхароў Беларусі. Гэтае месца з’яўляецца галоўным нацыянальным мемарыялам, дзе ўшаноўваюцца ахвяры савецкага рэжыму на Беларусі. Апроч гэтага, у 1988 годзе Курапаты сталіся знакавым месцам для фармавання агульнанацыянальнага дэмакратычнага руху, які зрабіўся асноўнай сілай, што спрычынілася да з’яўленьня на карце свету незалежнай Беларусі у 1991 годзе.
Савецкія акупацыйныя ўлады і постсавецкі рэжым Лукашэнкі неаднаразова дэманстравалі сваё жаданне зганьбіць Курапаты, а таксама сцерці народную памяць аб гэтым месцы і страшных падзеях, якія там адбываліся, праз:
– замоўчваньне савецкіх злачынстваў і наўмысны распаўсюд хлусні аб Курапатах у дзяржаўных СМІ,
– будаўніцтва аўтамабільнай шашы непасярэдна па магілах ахвяраў рэпрэсій,
– дэманстратыўнае нерасследванне фактаў наўпроставага вандалізму і нападаў на добраахвотнікаў, што займаюцца ўпарадкаваннем мемарыяла, – а, магчыма, і арганізацыю вандалізма і правакацыяў,
– неналежную ахову мемарыяла,
– дазвол на будаўніцтва рэстарану на тэрыторыі Курапатаў.
Рада БНР заяўляе, што пабудова забаўляльных установаў на месцы масавых расстрэлаў і пахаванняў ахвяраў рэпрэсій, а таксама перагляд ахоўных межаў мемарыяла з’яўляюцца злачынствам супраць нацыянальнай памяці.
Рада БНР выказвае сваю падтрымку і шчырую падзяку ўсім, хто асабіста ўдзельнічае ў акцыях пратэсту на месцы і спрыяе пашырэнню інфармацыі пра тое, што адбываецца ў Курапатах.
Рада БНР заяўляе, што маўклівая згода афіцыйных уладаў Беларусі на зганьбаванне Курапатаў чарговы раз сведчыць аб тым, што рэжым Лукашэнкі ў важных аспектах па-ранейшаму захоўвае характар палітычнага пераемніка акупацыйнага савецкага рэжыму.
На працягу вось ужо больш за дваццаць гадоў маральная і ідэйная пераемнасць рэжыму А. Лукашэнкі і савецкага рэжыму праяўляецца як у сімвалічнай прасторы, так і на практыцы, праз сістэматычныя парушэнні правоў чалавека, адсутнасць дэмакратычных выбараў, адкрытую пагарду да годнасці беларусаў як грамадзянаў і да ключавых складнікаў беларускай нацыянальнай памяці і годнасці.
Палітыка ў справе мемарыялу ахвярам савецкага тэрора ў Курапатах відавочна і востра супярэчыць пазітыўным жэстам з боку кіраўніцтва Беларусі, якія маглі быць з надзеяй успрынятыя беларускім дэмакратычным грамадствам і дыяспарай у кантэксце адзначэння 100-годдзя незалежнасці БНР у сакавіку гэтага года.