Да 80-годдзя з дня нараджэння.
Юрый Хадыка правеў сваё жыццё ў трох іпастасях: як навуковец, як збіральнік Музея старажытнабеларускай культуры і як грамадскі дзеяч.
Калі 11 верасня 2016 года Юрый Віктаравіч скончыў свой зямны шлях у Дэнверы (ЗША), багата людзей прыгадвала яго як палітыка, дзеяча БНФ. Але ён быў адзіны ў трох іпастасях — як навуковец, як збіральнік Музея старажытнабеларускай культуры, як грамадскі дзеяч. Ва ўсіх сферах вызначаўся нязломнасцю характару, і, адначасова, здольнасцю да перамоваў з апанентамі.
Але найперш упартасцю. Скуль гэта? Пачнем ab ovo.
Дзед па бацькоўскай лініі — паўстанец 1863 году. Каб пазбегнуць арышту, мяняў прозвішча (на “Лях”), хаваўся, а сапраўднае імя вярнуў з поўнай амністыяй паўстанцаў у 1913 годзе: “Хадыка”. Сярод бацькоўскіх продкаў — уніяцкі святар. Па кудзелі — расеец. Дзед — “чырвонадрэўшчык”, пры тым кулачны баец з Курску. Бацька па маладосці (1901 г.нар.) — падмануты бальшавікамі — удзельнік штурму Кранштадту. Потым, зразумеўшы сутнасць падзей, у 1926 годзе хацеў пайсці ў беларускія гісторыкі. Пабачыў першыя рэпрэсіі супраць “нацыяналістаў”, усё зразумеў і стаўся будаўніком. Некалькі дамоў у цэнтры Мінска — праца ягонага будаўнічага інстытута. У адным з іх у чэрвені 1941 года сям’я атрымала кватэру, але, калі Віктар Лукіч вярнуўся паранены з фронту, яе займаў афіцэр НКУС. Узяў крэдыт, збудаваў прыватную хату, а пасля сталінскай грашовай рэформы 1947 года вымушаны быў вярнуць крэдыт у 10-кратным памеры.
Так што ў Юрыя Хадыкі, з досведу продкаў, пра жыццё не было ілюзій.
Мужчынская чыгуначная школа №60 гартавала характар, а залаты медаль даваў шанцы на навуковую кар’еру. Атрымаўшы паўпрахадны бал у славутым МФТІ, вярнуўся дамоў на фізфак БДУ. Зноў адвучыўся на выдатна, зрабіўся капітанам каманды ўнівера па гандболе.
У аспірантуры адмовіўся ісці ў КПСС, “не даспеў”. За тры гады напісаў кандыдацкую, ажаніўся з Валянцінаю з Клецка (таксама шляхцянкай) без дазволу бацькоў — у адзін дзень дамогшыся дазволу ЗАГСа. Разам з навуковай ступенню нарадзіў сына (1963). З доктарскаю ў 1976 — другога. Прафесарам зрабіўся ў 1980, у 42 гады. Членства ў Акадэміі беспартыйнаму навукоўцу не пагражала, як і добрая кватэра, таму ўпецярох жыў у прахадной 32-метровай хрушчоўцы да 1986, пакуль жонка не зрабіла скандалу прэзідэнту Акадэміі Навук Барысевічу. І мела на тое матывацыю: лабараторыя Хадыкі (35-40 чалавек) “карміла” не толькі Інстытут фізікі, але і навуковыя ўстановы ў Віцебску і Гродне. Бо па ўсесаюзнай кааперацыі Лабараторыя оптыкі неўраўнаважных срэдаў працавала над аптычнай часткай савецкага аналагу праграмы “зорных войнаў”. Задача — сачэнне за балістычнымі ракетамі НАТА. Менавіта іх распрацоўка дазволіла прадухіліць ядзерны канфлікт 26 верасня 1983 года, калі савецкія спадарожнікі памылкова, з-за збою сістэмы лінзаў зафіксавалі старт з Каліфорніі пяці ядзерных “Мінітмэнаў”. У КПСС яму такі давялося ўступіць на пачатку 1980-х, бо заробленыя грошы нахабна размяркоўвалі спачатку на парткаме, і толькі потым — на навуковай радзе.
У 1960-я, пасля знаёмства з Элеанорай Вецер (якая чытала курс па імпрэсіянізме ў Мастацкім музеі), пачалося апантанае вывучэнне беларускай культурнай спадчыны. У адпачынкі, за свае грошы, Хадыка і сотня паплечнікаў паехалі па ўсёй краіне ратаваць старажытнасці ў паўразбураных саветамі храмах. Да 1974 года сабралася вялізная калекцыя, але здарыўся чарговы прыступ барацьбы з нацыяналізмам, усю яе схавалі ў фондах Мастацкага музею, забраўшы з Акадэміі Навук. Хадыку не кранулі — “з-за космасу”. Аматары не адступілі, да 1979 года паўтарылі працу, а скарыстаўшыся дапамогаю Ніны Мазай у Саўміне (уменне дамаўляцца) і часовай адлігай, адчынілі ў АН Музей старажытнабеларускай культуры. Дагэтуль лепшы ў сваёй галіне. Яго душой зрабілася Вольга Церашчатава — са сваім “прыкрыццём”. Напрыканцы вайны яе рыхтавалі ў дэсантніцы-разведчыцы.
Хто ж пусціць некамуніста-нацыяналіста ў публічную палітыку? На выбарах 1 З’езду народных дэпутатаў СССР (дзе блістаў потым Андрэй Сахараў, Хадыку па Акадэмічнай выбарчай акрузе вылучылі 17 інстытутаў АН і яшчэ некалькі ўстаноў. Спецыяльнае сеціва — “перадвыбарчы сход” — з прадстаўнікоў пенсіянераў-наменклатуршчыкаў — яго кандыдатуру не зацвердзіў. На выбарах ВС 12 склікання, калі ў першым туры галасавання прайшло больш 20 прадстаўнікоў БНФ, а Хадыка выйшаў у другі тур з 47% галасоў і перспектывай відавочна перамагчы, зрабілі інакш. Па загадзе Пятра Краўчанкі з Мінскага гаркама партыі, журналістка Бумажкова напісала пасквіль у "Вячэрнім Мінску": "Пазняк і Хадыка — нашчадкі калабарантаў-фашыстаў-нацыяналістаў у апошняй вайне". У выбарчай акрузе “ВМ” раскідалі ў кожную паштовую скрыню. Людзі тады часта верылі друкаванаму слову.
На выбарах у гарсавет, дзе Хадыку чакалі, каб зрабіць старшынём Мінгарвыканкаму, проста падпалілі выбарчы участак у Акадэмічнай бібліятэцы. “Выбары не адбыліся”. Так ён і застаўся, прыйшоўшы ў БНФ у 1989 годзе, “шэрым кардыналам” без дэпутацкага мандату. Выканаўцам вялікага аб’ёму штодзённай рэгулярнай працы. Стварыў разам з аднадумцамі Уладзімірам Анцулевічам, Валянцінам Голубевым, Андрэем Саннікавым Народны ўніверсітэт. За 10 год з 1996 яны з лепшай беларускай прафесурай аб’ехалі каля 50 гарадоў Беларусі. У кожным — лекцыі па выходных днях цягам 4 месяцаў на самыя актуальныя тэмы, ад эканомікі да экалогіі. Выдалі 13 падручнікаў, выпусцілі больш дзясятка нумароў спецыяльнага часопіса “Філаматы”. Дамагліся абрання ў мясцовыя саветы каля сотні выхаванцаў універсітэта. Пакуль мясцовыя саветы вярхоўная ўлада не ператварыла ў “фігавы лісток”.
Тытульная парламенцкая апазіцыя ў 1990-я займалася ў ВС вялізнай дзяржаўнай працай, а Хадыка рабіў у БНФ “чорную работу”. Стаяў з народам на плошчы падчас жнівеньскага путчу 1991 года. Ачольваў, падаваў заяўкі на палітычныя дэманстрацыі. Як у 1996-м на Чарнобыльскі шлях, што сабраў больш за 40 тысяч грамадзян. А скончыўся правакацыямі міліцыі і “ціхароў”. І арыштам заяўнікаў — Юрыя Хадыкі і Вячаслава Сіўчыка, з перспектывай бясконца гніць у турме. Яны галадалі больш за 3 тыдні. Першая палітычная галадоўка ў Беларусі. Калі за вязняў уступіўся прэзідэнт Расіі Барыс Ельцын і амерыканскі сенатар Джон Макейн, Лукашэнка здаўся.
Памятаеце перыяд 1999-2002 гадоў: найбольш небяспечныя апаненты ўлады знікалі ці загадкава паміралі? На чарзе быў Юрый Хадыка. У чэрвені 2001 года ў час простай аперацыі ў клініцы яму “выпадкова” занеслі сепсіс, сінегнойную палачку, смяротны ў 95% выпадкаў. З’явіўся кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Урал Латыпаў: “Юрый Віктаравіч, мы вас адправім лекавацца ў Швейцарыю!”. Хадыка адмовіўся. Выжыў. А здароўе падарваў.
Палітычная сістэма дэградавала, Юрый Віктаравіч губляў сілы, пад канец 2000-х адышоў ад палітыкі. Каб у 2013 з’ехаць да малодшага сына ў ЗША, выканаць апошняе заданне жыцця: выхаваць унукаў.
Сваю ўласную калекцыю ікон (запіс у тэстаменце) ён аддаў грэка-каталіцкай царкве. Меркаваў: ёй іконы належаць па гістарычным праве.
Зрабіў, што мог, хай іншы зробіць лепш.
Аляксей Хадыка, «Новы час»