26 лістапада Уладзіміру Караткевічу спаўняецца 80. Многіх пытаньняў клясыку ўжо больш за чвэрць стагодзьдзя не задасі, але на некаторыя адказы атрымаць можна.
«Салідарнасць» падрыхтавала «Выбранае» інтэрвію Уладзіміра Караткевіча.
У тэксьце выкарыстаны выказваньні Уладзіміра Караткевіча з аўтабіяграфіі «Дарога, якую прайшоў», а таксама адказы на пытаньні А. Губіч і Тацяны Шамякінай. Фота – uladzimir-karatkevich.com.
– Падчас вайны, калі вы, Уладзімір Сямёнавіч, былі яшчэ дзіцём, загінуў ваш старэйшы брат. А вы ў эвакуацыі апынуліся ў інтэрнаце. Чаму?
– Здарылася звычайная на вайне рэч: доўгі час ня ведаў, дзе бацькі і ці жывыя яны наогул, а калі жывыя, то дзе, за лініяй фронту або пасьпелі эвакуіравацца.
Быў спачатку ў Маскве, потым на Разаншчыне. Пасьля давялося ўцякаць і адтуль. На Урал, у навакольле Кунгура. Выпадкова даведаўся, што бацькі ў Арэнбургу. Зь вялікімі цяжкасьцямі (бяз пропуска і білета) дабраўся да іх. У Арэнбургу скончыў шостую клясу.
Потым – нядаўна вызвалены Кіеў (Беларусь яшчэ была акупіраваная). Крашчацік ляжаў у руінах. Па бульвары Шаўчэнкі некалькі разоў на суткі праходзіў трамвай. У руінах унівэрсытэту мы разважаліся, шукаючы міны. Як ня трапіў у «палату мінёраў» (па выразу майго друга Барадуліна), сам ня ведаю.
Уладзімір Караткевіч у 1959-м
– У 49-м вы паступілі ў Кіеўскі унівэрсытэт на філялягічны факультэт. Яшчэ зь дзяцінства марылі стаць пісьменьнікам?
– Не, калі паступаў ва ўнівэрсытэт, я хацеў быць літаратуразнаўцам. Напісаў некалькі прац: «Багдановіч і сучаснасьць», «Моўная стыхія Пушкіна», «Беларускія і ўкраінскія школьныя драмы»…
Пасьля заканчэньня ўнівэрсытэту я здаў кандыдацкі мінімум і пачаў быў пісаць дысэртацыю пра паўстаньне 1863 г. ва ўсходнеславянскіх і польскай літаратурах, але прыйшлі іншыя інтарэсы: зьявілася задумка аб рамане («Каласы пад сярпом тваім») на тую самую тэму. Да рэалізацыі яе, праўда, я прыступіў толькі праз дванаццаць год.
– Што вас прымусіла паехаць у сакавіку 1953-га ў Маскву на пахаваньне Сталіна?
– На пахаваньне Сталіна паехаў і падбіў на паездку хлопцаў з пакоя не з-за смутку, а каб бачыць уласнымі вачамі. І ўбачыў. І, разам з хлопцамі, дапамагаў санітарам выцягваць зь цісканіны людзей. І патрапіў у пераробку ў Веташным завулку ў дзень пахаваньня. А гэта ўжо не пакідала ніякіх сумневаў і выклікала адно жаданьне: «Хутчэй бы скончылі з усім гэтым»…
1969. Уладзімір Караткевіч на Прыпяці
– Вы – пісьменьнік рамантычнага складу...
– Я не пісьменьнік рамантычнага складу! Хто хоча, каб я яго паважаў – хай здасьць гэта азначэньне, гэты ярлык у архіў.
– Добра. Але ці ёсьць у вашых літаратурных герояў прататыпы?
– Я, можа, больш чым хто авантурыст (хоць ніколі не шукаў у авантурах выгады), і жыцьцё падсоўвае мне і такіх людзей, і такія выпадкі, якія не назавеш штодзённымі.
Вось, скажам, падзеі толькі дзесяці дзён верасьня 1978 году. З 9-га па 21-га. Палёт у Душанбэ. – Паход у Варзобскую цясьніну. – Пастухі, што спускаліся з гор чародамі. – Старажытная крэпасьць у Гісары. Рынкі і іх людзі. – Музэі. – Кераміка і яе вывучэньне. – Будоўля Нурэцкай ГЭС. – Над гарамі ў Самаркандзе. – Узьбецкае вясельле ля Гур-Эміру. – Абсэрваторыя ў Афрасіябе. – Начны кішлак Улуг-бек. – Зноў Душанбэ. – Таджык-міліцыянер і яго сям’я. – Спрэчкі аб каране і хрысьціянстве. – Начныя кішлакі ў Варзобе. – Пералёт у Абхазію і выхад у мора з рыбакамі, якіх ведаю шмат год…
Гэта не рамантыка. Такім жыцьцём жывуць многія тысячы людзей. І я хачу жыць і жыву, як яны, і люблю іх, і апісваю.
– Вы сказалі, што лічыце сябе авантурыстам. А маглі б прыгадаць нейкі кур’ёзны выпадак са сваіх падарожжаў?
– Сцэна ў кактэбэльскай міліцыі. Пагранічнікі затрымалі. Маёр: «Каго затрымалі? Мы яго шмат год ведаем. Добрыя людзі ўсе сьпяць, а гэты псіх лазіць ноччу па скалах». Мне гэтыя словы – самая дарагая ўзнагарода.
Падчас экспэдыцыі па Палесьсі на цеплаходзе «Владимир Маяковский». Зь левага боку ад рубкі ў бэрэце Валянцін Ждановіч, з правага боку ад рубкі Уладзімер Караткевіч, на пярэднім пляне з правага боку Зянон Пазьняк (фота з архіву reginaz.livejournal.com)
– Якія мясьціны Беларусі вы найбольш любіце і ведаеце?
– Люблю ўсе месцы на Беларусі. Ведаю таксама ўсе. Некаторыя болей, некаторыя меней. Найбольш – Прыдняпроўе, Палесьсе, Прыдзьвіньне, Наваградчыну… А ўсё ведаю і люблю. І яшчэ Далёкі Ўсход, Украіну, Урал, горны Крым і Каўказ. І, пасьля Беларусі, больш за ўсё – мора.
З жонкай і маці. Уладзімір Караткевіч жаніўся толькі ў 41 год. Жонка пісьменьніка Валянціна Браніславаўна Караткевіч памерла ў пачатку 1983 года. Сябар пісьменьніка прафэсар Адам Мальдзіс узгадваў: «Калі Валя памерла ад анкалёгіі, Валодзя як дзіця разгублены быў, хадзіў непрыкаяны»
– Уладзімір Сямёнавіч, разумею, што гэта пытаньне будзе складаным, але ўсё ж: якія вашы творы найбольш дарагія для вас?
– Я назаву тры: «Каласы пад сярпом тваім», «Чазенія» і «Ладзьдзя роспачы». Раман «Каласы пад сярпом тваім» закранае яркую старонку беларускай гісторыі. Аповесьць «Чазенія» дарагая мне як успамін аб цудоўных месяцах, праведзеных на Далёкім Усходзе. «Ладзьдзя роспачы», па-мойму, найбольш удалая спроба даць абагульнены характар беларуса, якому і чорт ня брат, якога і сьмерць не палохае, які больш за ўсё любіць Радзіму, жыцьцё і весялосьць і ні пры якіх абставінах не саступіць у барацьбе за іх.
Вядомае фота «Караткевіч з кацянятамі» зрабіў Валянцін Ждановіч. Згодна з інфармацыяй Уладзіміра Арлова, журналіст і фотамастак Валянцін Ждановіч быў адным зь нешматлікіх сапраўдных сяброў Караткевіча. Разам яны былі і ў падарожжы на плыце па Прыпяці летам 1984-га, дзе пісьменьніку стала дрэнна. Па вяртаньні ў Менск у Караткевіча разьвілося страўнікавае кровацячэньне, і ён неўзабаве памёр.Валянцін Ждановіч вельмі цяжка перажываў сьмерць Караткевіча, казаў пра долю сваёй віны, хоць ініцыятарам трагічнай вандроўкі быў сам пісьменьнік
– Вы ж ведаеце ў якім незайздросным стане знаходзіцца нацыянальная культура. Як можна зьмяніць стаўленьне беларусаў да яе?
– Выхоўваць любоў да нацыянальнай культуры можна адным толькі спосабам: выхаваньнем у чалавеку годнасьці за свой народ і яго дзеяньні ў гісторыі. І – у сучасным – працай, часам непасільнай, па асьвеце моладзі, па абуджэньні ў ёй глыбокіх ведаў аб сваіх людзях і сваім краі.
Калі ўсе будуць працаваць над гэтым на грані сваіх магчымасьцяў – грамадзтва здолее ўсё.