Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Аршанец з плякатам «Па 500 тут няма»: Супакойвацца не зьбіраюся

28.06.2018 политика
Аршанец з плякатам «Па 500 тут няма»: Супакойвацца не зьбіраюся

Раман Кузьмянкоў кажа, што дойдзе да Эўрапейскага суду па правах чалавека.

Віцебскі абласны суд разгледзеў 27 чэрвеня скаргу аршанца Рамана Кузьмянкова на пастанову суду Аршанскага раёну і гораду Воршы, які пакараў яго штрафам у памеры 22 б.в. за пікет з плякатам «Па 500 тут няма» (ч.3 арт. 23.34 КаАП). Судзьдзя аблсуду Ірына Смалякова пакінула пастанову бязь зьменаў, а скаргу не задаволіла. Указаньне аб «канфіскацыі пляката» замяніла на яго «зьнішчэньне», піша «Віцебская вясна».

Нагадаем, 28-гадовы беспрацоўны з Воршы Раман Кузьмянкоў некалькі разоў – 14 і 21 траўня – выходзіў з плякатам «Па 500 тут няма» да помніку Леніна ў Воршы, пратэстуючы супраць малых заробкаў у краіне. Пра свой намер зладзіць аднаасобны пікет паведамляў у Аршанскі райвыканкам праз электронную форму для зваротаў грамадзян. Абодва разы быў затрыманы. За правядзеньне несанкцыянаванага масавага мерапрыемства (арт. 23.34 КаАП РБ) Аршанскі суд двойчы караў яго штрафамі. Першы раз аршанец атрымаў 20 б.в, другі раз – 22 б.в (539 рублёў). Акурат другую пастанову Кузьмянкоў абскардзіў у Віцебскім абласным судзе.

Скаргу не задаволілі

У сваёй скарзе Раман Кузьмянкоў прасіў адмяніць пастанову суду Аршанскага раёну і гораду Воршы ад 29 траўня як незаконную, бо «кожны чалавек мае права выказваць сваё меркаваньне». Сам Раман падчас разгляду скаргі ў аблсудзе адсутнічаў.

Судзьдзя Віцебскага абласнога суду Ірына Смалякова скаргу не задаволіла і пакінула асноўную частку пастановы, датычную штрафу, бязь зьменаў. Але «лёс» «сродку зьдзяйсьненьня адміністрацыйнага правапарушэньня» – пляката «Па 500 тут няма» – зьмяніла. Паводле рашэньня аблсуду, указаньне аб канфіскацыі плякату зьмененае на «ўказаньне аб яго зьнішчэньні».

Кузьмянкоў: Супакойвацца не зьбіраюся

«Рашэньне аблсуду пакінуць пастанову бязь зьменаў мяне зусім не зьдзіўляе. Іншага я і не чакаў. Наадварот, меркаваў, што могуць яшчэ і дабавіць да гэтага штрафу. Бо пра які справядлівы суд у нашай краіне можна наогул гаварыць?..» – падзяліўся сваім меркаваньнем у тэлефоннай размове зь «Віцебскай вясной» Раман Кузьмянкоў.

Аўтар «Па 500 тут няма» зьбіраецца далей абскарджваць рашэньне суду. Кажа, што дойдзе да Эўрапейскага суду па правах чалавека.

Раман Кузьмянкоў расказаў таксама, што ня змог прыехаць у Віцебск на разгляд скаргі, бо зранку 27 чэрвеня быў на прыёме ў мэра Воршы Аляксандра Пазьняка.

“Я хацеў запытацца ў Пазьняка вось пра што: калі людзі, як заяўляў аднойчы Лукашэнка, ня могуць існаваць на 300 рублёў у месяц, дык чаму тады ўсё большая колькасьць заробкаў па вакансіях імкнецца да гэтай лічбы? «Гэта дыскусійнае пытаньне», – адказаў мне мэр. На гэтым наша размова была скончаная», – распавёў Раман Кузьмянкоў.

Ужо доўгі час Раман ня можа знайсьці ў Воршы працу. Сьцьвярджае, што «яе няма тут гадамі». Гэтак прыйшоў да пратэсту. «Супакойвацца не зьбіраюся», – запэўнівае.

Нагадаем таксама, што пасьля першага затрыманьня Рамана Кузьмянкова ў яго доме адбыўся ператрус. Каб праверыць, ці не дыскрэдытуе Кузьмянкоў прэзыдэнта і мясцовых чыноўнікаў, у аршанца забралі аргтэхніку. Зрэшты, крымінальную справу так і не завялі, кампутар жа дагэтуль не вярнулі.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]