Намi кіруюць людзі, у якіх няма ідэяў, стратэгіі і тактыкі.
Ох, як моцна ўражваюць апошнія карупцыйныя справы. Размах, сумы. Пісталет у кішэні сам перазараджаецца. Разьлік на тое, што і незадаволены народ прытакне, «так, давай Бацька, душы гадаў». «Бацька» профі, душыць умее, п’еса будзе цудоўнаю. Але ці ацэніць публіка?!
Былі часы, калі абʼектыўна Лукашэнку ўдавалася многае. Быў эканамічны рост у сярэдзіне 2000-ых, людзі рэальна багацелі, а ён меў падтрымку. І я, прыяжджаючы па 4-5 разоў на год у Беларусь, гэта бачыў. І горад, і вёска, багацелі. Стала больш усьмешак на тварах людзей, прыгожы Менск, гіпстэры на яго вуліцах. Але ўсё гэта мінулы час. Ок, Менск надалей прыгожы і жыве. Гэта сталіца, яна вырашае ўсё. Але далей за Менск развал і Армагедон.
Больш пэсымістычных часоў я даўно ня памятаю. Не апошнія 20 гадоў. І хаця ўлада яшчэ па інэрцыі ў цяжкія часы разыгрывае карту кепскіх чыноўнікаў і карупцыянэраў, то відавочна ізноў, «папік ня торт» і нават гэта не ўдаецца прадаць, як раней. Форма ўражвае, але сутнасьць слабенькая. Цяжка ўявіць, на каго гэта ўжо спрацуе.
Я сапраўды на пальцах магу пералічыць прыхільнікаў Лукашэнкі сярод тых, каго я ведаю. Раней, няма чаго хаваць, іх было ня так і мала. Але нуль працы, нуль пэрспэктыў, нуль мэтаў у людзей канвэртаваліся. Толькі не ў дзеяньне супраць, а ў поўную абыякавасьць.
Мара людзей, маіх сяброў, знаёмых, зьехаць зь Беларусі падалей. Хоць куды. На крайняк — ва ўнутраную эміграцыю. Усе мы любім нашу краіну і трымаем за яе кулакі амаль у кожнай сытуацыі (паверце, нават у Празе).
Мо часам нават ня хочам лішняе ляпнуць, бо ведаем, што хоць якая дзяржава, але наша. Але дзяржава здае на ўсіх франтах. Ёю кіруюць людзі, у якіх няма ідэяў, стратэгіі і тактыкі. Рукі ў гэтых кіраўнікоў нават не з аднаго месца растуць, іх даўно ампутавалі.
Сам кіраўнік краіны палохае анэксіяй іншай краінай. Дзівосы. Гэта ж Пуцін меўся нібыта сказаць і зрабіць, не? Ясна для чаго. Ой, да, Сан Грыгорыч, трэба сплаціцца вакол вас або Пуцін прыйдзе. І «опы» клюнуць, яны ж супраць Пуціна, праўда? А вы, які-ніякі, але Булак-Балаховіч, такі сабе герой, але свой.
Народ злы і гэтую злосьць хочуць акуратна перанакіраваць у патрэбнае рэчышча. Маўляў, праклятая вэртыкаль, карупцыянэры, крадуць. Ай яй яй, зараз давядуць да другой Украіны. А дзе ня так красьці, як у дзяржаве-манапілісьце?
Манапалісьце абсалютна ва ўсім, дзе няма ніякай транспарэнтнасьці, уплывовых у нацыянальным маштабе СМІ, НДА?! Гэта ж краіна — казка для любога карупцыянэра. А пастух пасе тлустых, хай крадуць, у цяжкія часы выпусьцім на сцэну. Разьлік, што «народзец» уразіцца, зразумее і прабачыць цара, і будзе ганіць баяраў. Высокія сумы павышаюць і памер ставак. І чым яны вышэйшыя, тым уся гэтая балбатня робіцца больш прымітыўнай, пры поўнай адсутнасьці ідэй на дзяржаву. Нехта робіць тэатар, каб кіраваць краінай абы-як, абы да сьмерці, і ўсё гэта пад сьвіст падзеньня гэтай дзяржавы ў прорву. Былі часы, калі гэтай уладзе ўдавалася многае. Такога больш ня будзе.
Глыбокі аптымізм часта блытаюць з наіўнасьцю. Беларусы перастаюць быць наіўнымі, але аптымізму, ня тое, што няма, ён толькі аддаляецца ад гарызонту.
Дзьмітры Гурневіч, «Радыё Свабода»