Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

151 пілігрым выправіўся з Мінска ў Будслаў

28.06.2018 общество
151 пілігрым выправіўся з Мінска ў Будслаў

Сёлета дэвіз пяцідзённай пілігрымкі — «Моладзь — надзея Касцёла і грамадства».

27 чэрвеня з мінскай архікатэдры ў Будслаў вырушыла ХХVІІІ пешая пілігрымка, у склад якой увайшоў 151 пілігрым. Сёлета дэвіз пяцідзённай пілігрымкі — «Моладзь — надзея Касцёла і грамадства». Ранішнюю св. Імшу для пілігрымаў цэлебраваў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Звяртаючыся да Евангелля з дня, у якіх Езус казаў, што кожнае добрае дрэва прыносіць добрыя плады, а дрэннае — дрэнныя, іерарх звярнуўся да пілігрымаў, паведамляе catholic.by.

«У пілігрымцы нас чакае рознае надвор’е: пякучае сонца, дождж, гарачыня і холад. Варта спытаць у сябе: якім дрэвам з’яўляемся мы — добрым ці дрэнным? Ад гэтага будзе залежаць і плод, які мы прынясём.

Калі заўважым, што дрэва нашага хрысціянскага жыцця пачало псавацца, то напоўненая малітвай і духоўнымі практыкаваннямі пілігрымка дапаможа нанава знайсці Божы закон, каб вярнуцца да яго», — заўважыў арцыбіскуп.

Іерарх нагадаў, што ў сучасным свеце трэба быць пільнымі перад абліччам шматлікіх спакусаў, каб не паставіць сваю веру пад пагрозу.

«Мы ведаем, што дрэва, як правіла, не памірае ў адзін момант, а паступова трухлее знутры. Таму наш запавет з Богам не павінен быць проста пацверджаны адзін раз, каб потым пра яго забыцца. Яго неабходна пацвярджаць зноў і зноў, дзень пры дні. У нашым жыцці ёсць моманты, калі вельмі важна сказаць, у якім пункце свайго духоўнага жыцця мы знаходзімся. Аб такім паваротным моманце распавядае першае сённяшняе чытанне з Другой кнігі Валадарстваў, у якім ідзе гаворка пра адшуканне Кнігі Закону, якая доўгі час лічылася страчанай. Кнігу чыталі публічна, каб потым аднавіць запавет людзей з Богам. Падобна павінна быць і ў нашым жыцці. Калі мы ўхіляемся ад Божай волі, або наш энтузіязм гасне, неабходна звярнуцца да малітвы, разважаць над Святым Пісаннем і імкнуцца да навяртання, каб быць духоўна добрым дрэвам, якое дае дае добры плён», — сказаў іерарх.

Напрыканцы арцыбіскуп распавёў пілігрымам гісторыю пра двух людзей, якія спрачаліся пра існаванне Бога і сілу веры чалавека.

«Ноеў каўчэг збудавалі простыя людзі, але ён не затануў, бо з ім быў Бог. У той жа час „Тытанік“ будавалі найлепшыя інжынеры таго часу, але карабель затануў ад сутыкнення з айсбергам. Колькі айсбергаў чакае нас у акіяне жыцця? Няхай пілігрымка, якая сёння пачалася, умацуе нашу веру, каб у нас жыў Бог! Тады нам не будуць страшныя ніякія айсбергі», — выказаў пажаданне Тадэвуш Кандрусевіч.

На заканчэнне святой Імшы арцыпастыр нагадаў пра неабходнасць захоўваць у дарозе парадак, прадставіўшы адказнага за пілігрымку Мінск–Будслаў кс. Паўла Трона і яе «генерала» кс. каноніка Антонія Клімантовіча, які адказвае за забеспячэнне пілігрымаў усім неабходным у дарозе.

Традыцыйнае бласлаўленне на дарогу прынялі перад катэдрай 151 удзельнік. У наступныя дні да іх будуць далучацца новыя пілігрымы.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]