Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Ксёндз Вячаслаў Барок: Не веру ў свята з нагоды перамогі аднаго рэжыму над другім

04.07.2018 общество
Ксёндз Вячаслаў Барок: Не веру ў свята з нагоды перамогі аднаго рэжыму над другім

Нам усім патрэбна пакаянне, а не вайсковыя парады.

Кожная краіна мае такі дзень, калі святкуецца тое, што аб’ядноўвае ўсю нацыю – гэта Дзень Незалежнасці, Дзень Рэспублікі.

У нас, ужо каторы год, такім днём ёсць 3 ліпеня. Дата прыўрочаная да дня вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Што там тое і казаць - падзея беспрэцэдэнтная! І нельга аніяк забыцца на яе. Фашызм – гэта трагедыя сусветнага маштабу. Толькі на Беларусі, як лічыцца, падчас вайны загінуў кожны чацвёрты. Жыццё чалавека ёсць абсалютнай каштоўнасцю, а таму і памяць пра тых хто загінуў, павінна быць святой, пiша ксёндз Вячаслаў Барок у «Фэйсбуку».

Тым не менш, памяць аб трагедыі Другой сусветнай вайны гэта адна справа, а вось пафасная трактоўка гісторыі і пры гэтым фрагментарычны да яе падыход і беспамяцтва ў адносінах да неменшай трагедыі, крыніцай каторай з’яўляўся камуністычны рэжым з Масквы – гэта ўжо зусім іншая справа.

Святкаванне Дня Незалежнасці і атаесамлеванне яго выключна з перамогай над фашызмам, асабіста мяне змушае яшчэ раз пераканацца ў сваіх думках: перамогу здабылі, а стан незалежнасці на жаль, так яшчэ і не асягнулі.

З прыкрасцю, але трэба сказаць, што вызваленне ад фашызму не прынесла Беларусі свабоды. Немагчыма ж прамаўчаць пра палітычныя рэпрэсіі, галадамор , перасяленні… Гэтым з’явам спадарожнічалі сотні тысяч ахвяраў і несправядлівых смерцяў нашых суграмадзянаў.

Хтосьці скажа, але ж гэта іншая гісторыя. Іншая то іншая, але ж наша.

Святкуючы перамогу над фашызмам і неасудзіўшы злачынства камуністычнага рэжыму, мы пішым старонку гісторыі нашай краіны і абапіраемся на фальшывых сведчаннях. Як сказаў Папа Францішак: “усе дыктатуры пачыналіся так: з фальсіфікацыі інфармацыі, з пераходу камунікацыі ў рукі адной несумленнай асобы, несумленнага ўраду”(прамова 18 чэрвеня 2018).

А значыць і сучасная старонка нашай гісторыі становіцца падобнай да мінулай, калі панаваў таталітарны рэжым, пры якім як вядома, чалавек і ягонае жыццё не ўяўляла абсалютнай каштоўнасці. Чалавек – гэта нішто! Важна – парадак.

А таму і атрымоўваецца: маем вайсковыя парады, і калоны вайсковай тэхнікі дэманструюць сваю перавагу над усім, у тым ліку над спецтэхнікай МНС і хуткай дапамогі. Так адбывалася ўжо не раз, калі ў дарожным руху прыарытэт аддаваўся ваенным, а не службам надзвычайнай дапамогі. Доказам з’яўляюцца здымкі ў інтэрнэце, на якіх бачна, як апошнія, прапускаючы ваенную калону, стаяць з уключынамі мігалкамі, а значыць спяшаюцца ратаваць канкрэтных людзей! Пытанне: яны паспелі? Што сталася з тымі людзьмі? У такой сітуацыі ім, або вам, патрэбныя гэтыя парады? Мне – не.

Хтосьці скажа, што я нагнятаю, перабольшваю. Добра, я магу прамаўчаць.

Дарэчы, я б наогул не задаваў аніякіх пытанняў, каб іх не задавалі памерлыя, несправядліва загінуўшыя, а больш дакладна іх косці, якія ўздымаюцца з-пад зямлі. Ім, усёадно як быццам ба не ляжыцца пад зямлёй. Такое ўражанне, што ім абрыдла маўчанне жывых і яны хочуць задаць пытанні: Адкуль столькі пафасу і фанабэрастасці ў праўладных колах? Адкуль такая блізарукасць плебса? Чаму адбываюцца парады на касцях? Чаму не хаваюць дастойна ахвяраў ХХ стагоддзя і так імпэтна хочуць справіць хаўтуры памяці народа?

Аб чым гэта я?

Я пра Хайсы што пад Віцебскам.

Там ляжаць косці несправядліва забітых людзей. Яны дагэтуль непахаваныя. Яны кожны год вылазяць з-пад зямлі. І нібы моўчкі шукаюць людзей, якія б ушанавалі іх памяць. Я хадзіў па Хайскаму ўзлеску, сам браў у рукі раскіданы гумовы абутак, вытрэсваў з іх зямлю, а разам з ёй высыпваліся людзкія косткі, бачыў чэрапы з адзінай дзюркай ў патыліцы.

Гэта ўсё Хайсы. Там ляжаць парэшткі тысяч чалавек, якія былі забітыя НКВД перад вайной. А колькі ж такіх магіл на Беларусі. Яны ёсць у кожным рэгіёне нашай краіны. Іх столькі шмат, што можна меркаваць: камуністычны рэжым сыстэматычна вынішчаў наш народ. І немагчыма не задаць пытанне: ці гэта не быў генацыд супраць беларускага народу? Няхай на гэтае пытанне шукаюць адказ гісторыкі.

Фактам ёсць, што ад Чырвонага рэжыму ў Беларусі загінула людзей не менш, чым ад фашыстаў пад-час вайны. Фактам ёсць, што сыстэматычна вынішчалася культура Беларусі. Нішчылася мова – душа народа. І ў пэўны момант знішчэнне Беларусі дайшло да такой мяжы, што сёння небезпадстаўна можа прагучаць пытанне: Ці наогул існуе такі шанец на адраджэнне беларускай нацыі? На гэтае пытанне, адкажа час.

Я не веру ў Дзень Незалежнасці, які святкуецца з нагоды перамогі аднаго злачыннага рэжыму над другім. Такая перамога не дае ані незалежнасці, ані свабоды. І мы сёння, маем небяспеку стаць закладнікамі памылковай ідэалогіі і яе нявольнікамі.

Я веру ў Хрыста, які кажа: “пазнайце праўду і праўда вызваліць вас.” (Ян 8,32).

А таму, калі хочам сапраўднага вызвалення, свабоды і незалежнасці, можа варта перастаць блефаваць, ладзячы вайсковыя парады.

Хопіць крывадушнічаць праз ушанаванне ахвяраў фашызму і ўпартае незаўважанне ахвяраў камунізму, якія ляжаць побач, а часцяком у тых самых магілах. Давайце пазнаем гістарычную праўды і адкрыем усе архівы. Давайце рассакрэцім тыя злачынствы, доказы якіх яшчэ сёння захоўваюцца ў тэчках з грыфам “сакрэтна".

Тут няма памылкі, каб я памыляўся, і не было складу злачынства ў гістарычных дзеях таго часу, то і не ўтойваліся б так упарта і архівы другой сусветнай вайны, якія засакрэчаныя ў Расіі да 2040г, а архівы НКВД да 2050г. Каб было чым ганарыцца і не было б чаму саромецца чэкістам за мінулае, то і адкрылі б архівы КДБ у Беларусі.

Калі няма злачынства, то чаго хаваць?

Аднак, праўдай ёсць, што несправядлівым рэжымам ёсць што хаваць. Пераконвае нас у гэтым вопыт іншых краінаў, напрыклыд Літвы Украіны. Ў іх рассакрэцілі архівы і гісторыкі сёння раскрываюць злачынствы супраць народу.

Сёння ў нашым грамадстве нарастае супрацьстаянне. Мы беларусы, дзеці катаў і дзеці ахвяраў на ўзроўні падсвядомасці адчуваем паміж сабою прорву. І калі мы розныя, хочам мірна жыць ў адной краіне, то павінны задумацца над тым, што зрабіць, каб паяднацца і прымірыцца паміж сабою і са сваёй гісторыяй.

Такога прымірання безумоўна не магчыма ўявіць без яскравых і непахісных маральных арыентыраў у грамадстве. Гэту місію павінны выканаць рэлігійныя арганізацыі.

Аднак, гэта будзе магчымым, калі ў Беларусі будзе дадзена сапраўдная свабода сумлення і веравызнання. А пакуль даводзіцца толькі гаварыць пра свабоду рэлігіі, а не жыць ёю. Ці ж магчыма ў краіне дзе ёсць свабода рэлігі ўявіць такую сітуацыю, калі дзяржаўны чыноўнік на пытанне, чаму ён не дазваляе працаваць тым ці іншым святарам з-за мяжы, адказвае: “а гэта маё права" … Вось і ўся свабода, гэта свавольства чыноўніка, але ж не свабода рэлігіі.

Разумею, каб дзяржава дала свабоду рэлігійную, Цэрквы павінны захацець яе ўзяць. Зноў, як сведчуць архівальныя дакументы з Украіны, занадта ж блізка былі паміж сабою структуры КГБ і РПЦ , даходзіла што план дзейнасці Цэрквам, сінодам, біскупам пісала Лубянка, а пра здраду Касцёла Каталіцкага гаварыць не прыходзіцца з той простай прычыны, што не было бўіскупаў у той час, а з духавенства выжылі адзінкі.

У такой сітуацыі пакуль РПЦ, не прызнаецца ў памылках і сваёй невернасці Хрысту, якое праяўлялася ў супрацоўніцтве паасобных біскупаў і святароў з КДБ, і не пакаяіцца ў гэтам, няма мовы, каб РПЦ адыграла такую ролю маральнага арыентыра.

РКЦ - яе роля змінімілізаваная дзяржавай. А поля дзейнасці зведзеная да гетта. Можна адчытаць пасыл дзяржавы РКЦ : маеце свае касцёлы, то і маліцеся ў іх і нават не спрабуйце са сваім Евангеллем выйсці па-за межы, якія праходзяць па лініі сценаў вашых храмаў. Красамоўным доказам ёсць перадача крыжа з могілак Благаўшчына касцёлу св.Роха ў Мінску. Крыж быў пастаўлены на могілках у гонар памяці кс Гадлеўскага, пробашча Чырвонага касцёла, які быў забіты пад-час вайны. І ў гэтым годзе, раптоўна, крыжы пачалі перашкаджаць камусьці. Крыжы знікаюць у Трысцянцы, у Курапатах крыжы арыштоўваюць, бо ім, як аказваецца няма месца ў “свабодным і незалежным” грамадстве. Што гэта, як не гетта хрысціянства?

Нам усім патрэбна пакаянне, а не вайсковыя парады.

Трэба адкрыць архівы , каб пазнаць гістарычную праўду, пазнаць злачынствы. Трэба акрэсліць зло, яго межы, каб можна было ў ім пакаяцца.

І пакаяўшыся ў злачынствах мінулага, мы, нашчадкі катаў і ахвяраў, зможам прыцягнуць сабе ўзаемна рукі для прымірэння.

Калі гэта настане, то гэта і будзе дзень сапраўднага вызвалення, і пераломны момант нашай гісторыі, бо дзякуючы яму , мы атрамаем магчымасць распачаць будаўніцтва нашага агульнага дома, імя якога Беларусь, нашай Рэспублікі.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]