Дыяканскае пасвячэнне прыняў ураджэнец Маладзечна Аляксандр Астравушка.
1 ліпеня ў горадзе Бары (Італія) у базыліцы св. Фары падчас святой Імшы, якую ўзначальваў арцыбіскуп Франчэско Какучы, Мітрапаліт Бара-Бітонцкі, дыяканскае пасвячэнне прыняў брат Аляксандр Астравушка, ураджэнец Маладзечна, з Беларускай кустодыі Ордэна братоў меншых капуцынаў.
Гэтай падзеі папярэднічала фармацыя ў Ордэне капуцынаў, вывучэнне філасофіі ў Люблінскім універсітэце, трохгадовае вывучэнне тэалогіі ва ўніверсітэце Апуліі ў Бары, паведамляе kapucyny.by.
Пасля паспяховага набыцця неабходнага аб’ёму ведаў і атрымання ступені бакалаўра брат Аляксандр стаў дыяканам, рыхтуючыся да прыняцця святарства. Яго далейшае служэнне будзе праходзіць у Беларусі.
Разам з братам Аляксандрам дыяканскае пасвячэнне прынялі два браты з паўднёвай Італіі і брат з Албаніі. Сярод удзельнікаў урачыстасці былі капуцыны з Беларусі на чале з кусташам братам Алегам Шэндам OFM Cap, а таксама родныя брата Аляксандра.