У сталіцы ўшанаваныя амаль усе вядомыя кіраўнікі СССР, ваенныя і партыйныя.
Супрацоўнікі кампаніі «Яндэкс» у 2014 годзе падлічылі колькі вуліц у беларускіх гарадах. У тройку лідараў па іх колькасці ўвайшлі Мінск, Магілёў і Віцебск. У сталіцы налічваецца каля 1300 вуліц, праспектаў, плошчаў, тупікоў і завулкаў, у Магілёве — каля 900, у Віцебску — 850. Самым кампактным з абласных цэнтраў стаў Гродна — 550 вуліц.
Амаль палова назваў беларускіх вуліц (44%) носіць нейтральныя назвы геаграфічнага ці этнаграфічнага зместу. Астатнія звязаныя з «увекавечаннем памяці». У назвах вуліц — падзеі і асобы рэвалюцыйнага і савецкага мінулага, асобы і героі так званай Вялікай Айчыннай вайны, некаторыя дзеячы навукі і культуры Беларусі, але перш за ўсё — Расіі. Заходнееўрапейскіх культурніцкіх і навуковых дзеячаў, якія вызначылі дасягненні сучаснай цывілізацыі, у назвах беларускіх вуліц няма. Наогул, расійскія партыйныя, дзяржаўныя дзеячы, мастакі, паэты, пісьменнікі, навукоўцы, военачальнікі, героі ВАВ ушанаваныя ў назвах вуліц сталіцы значна (у разы) болей, чым іх беларускія калегі.
На сайце Мінгарвыканкама ў алфавітным парадку змешчаная інфармацыя пра ўсе вуліцы, плошчы, праезды, завулкі горада. Я скарысталася гэтым, каб прааналізаваць, каго шануюць у сталіцы краіны. Хто нашы героі, пра якіх нам павінны штодзённа нагадваць назвы вуліц? Што ў сувязі з гэтым напамінам мы павінны адчуваць?
Тэрарысты
Вуліца Пуліхава. Названая ў гонар ураджэнца Мінска, тэрарыста, эсэра Івана Пуліхава, які зрабіў няўдалы замах на мінскага губернатара. Эсэры асудзілі губернатара на смерць за тое, што ён даў загад разагнаць мірную дэманстрацыю з ужываннем зброі. Цяжка сказаць, што было б у Мінску, калі б прыкладам увекавечанага героя кіраваліся сучасныя партыйцы, мірныя дэманстрацыі якіх разганяе АМАП не менш жорстка, чым у 1906 годзе, калі Івана Пуліхава павесілі на варотах турмы.
Вуліца і два завулкі названыя ў гонар рускага тэрарыста Сцяпана Халтурына, які здзейсніў няўдалы замах на цара Аляксандра II, калі былі забітыя 11 салдат і яшчэ 56 параненыя. Пасля Халтурын прыняў удзел у забойстве адэскага пракурора Стрэльнікава, за што разам з саўдзельнікам быў павешаны ў Адэсе ў 1882 годзе. Пракурора сябры «Народнай Волі» асудзілі на смерць за тое, што ён жорстка ставіўся ў судовым працэсе да рэвалюцыйнай апазіцыі царскай уладзе, красамоўна і паспяхова выносіў асуджальныя прысуды. Мяркую, на вуліцы Халтурына беларускія пракуроры павінны задумацца пра вынікі сваёй прафесійнай дзейнасці.
Вуліца і праезд Катоўскага. Да Кастрычніцкай рэвалюцыі Рыгор Катоўскі быў вядомым малдаўскім крымінальным аўтарытэтам. Ён называў сябе «Атаман Пекла». За свае «подзвігі» Катоўскі адбываў пакаранне ў турмах для асабліва небяспечных злачынцаў. З нарабаванага дапамагаў бедным сялянам, а ў 1919 годзе стаў служыць Савецкай уладзе, атрымаўшы сваю першую пасаду — камандзіра дывізіі. Абавязкі Катоўскага складаліся ў падаўленні пратэстаў, ён займаўся забеспячэннем збору так званай «харчразвёрсткі»: гвалтам адбіраў харчы ў сялян і расстрэльваў за непадпарадкаванне. За добрую працу атрымаў званне генерала. Падчас НЭП «крышаваў» бізнес Адэсы, які «аддзячваў» Катоўскага нядрэннымі дывідэндамі. У 1925 годзе быў застрэлены на адпачынку. Адразу і не скажаш, каму трэба задумвацца пра лёс на вуліцы Катоўскага.
У савецкія часы тэрарыстычныя акты, накіраваныя супраць царскай улады, былі рамантызаваныя, самі тэрарысты выстаўляліся героямі. Зараз нават расійскія гісторыкі пераглядаюць станоўчую ацэнку тых падзей. Увекавечаныя ў Беларусі былыя расійскія героі —зараз там і не героі зусім.
Кастрычніцкая рэвалюцыя і яе выканаўцы
Рэвалюцыйныя назвы — самы вялікі блок у назвах, амаль 22% вуліц. Пры гэтым назвы, якія ўзгадваюць пра рэвалюцыю ў Расіі і яе дзеячаў, не маюць ніякага (нават ускоснага) дачынення ні да гісторыі Беларусі, ні да яе станоўчага развіцця. Як, напрыклад, вуліцы Аўрораўская ці Валачаеўская. З першага погляду незразумела: якое дачыненне яны маюць, напрыклад, да Мінска або Гродна? Але ўвекавечанне павінна не толькі захаваць памяць, яно яшчэ павінна вучыць, уплываць на сённяшні дзень і заўтрашні. Калі глядзець на назвы вуліц з гэтага пункту погляду, то, аказваецца, усё не так проста. Спынімся на назвах некаторых цэнтральных вуліц Мінска, якія, як кажуць зараз, з’яўляюцца ці тварам, ці візітоўкай сталіцы.
Вуліца Валадарскага. Сапраўднае імя — Майсей Гальдштэйн. Нарадзіўся ва Украіне, быў сябрам габрэйскай партыі Бунд, потым пэўны час знаходзіўся ў эміграцыі ў ЗША. У траўні 1917 года вярнуўся ў Расію, у 1918 годзе стаў камісарам друку, прапаганды і агітацыі ў Саюзе камун Паўночнай вобласці. На гэтай пасадзе кіраваў рэпрэсіямі ў дачыненні да апазіцыйнай прэсы — ён быў галоўным абвінаваўцам на публічным працэсе супраць небальшавіцкіх расійскіх газет. У сярэдзіне чэрвеня 1918 года быў таксама асноўным арганізатарам фальшавання вынікаў выбараў у Петраградскі савет. Забіты ў ліпені 1918 года эсэрам, рабочым Мікітам Сяргеевым у Петраградзе. Увекавечанне памяці Валадарскага мае сэнс, толькі калі думаць пра адносіны да апазіцыйнай прэсы і выбараў у сучаснай Беларусі.
Вуліца Кнорына. Сапраўднае імя — Вільгельм Кнорыньш, нарадзіўся ў Латвіі. У лютым 1917-га Кнорын дэзерціраваў з Заходняга фронту і ажыццяўляў кастрычніцкі пераварот у Мінску, дзе неўзабаве ўступіў у партыю бальшавікоў. Хутка стаў рэдактарам бальшавіцкай газеты «Звязда» і сакратаром Мінскага Савета. У снежні 1918-га яго прызначылі сакратаром Цэнтральнага бюро КП(б)Б. Катэгарычна адмоўна ставіўся да ідэі дзяржаўнасці Беларусі як у выглядзе БНР, так і БССР. Кнорын выступаў за ўваходжанне тэрыторыі рэспублікі ў склад РСФСР у якасці абласцей, у сваіх артыкулах і выступах неаднаразова аспрэчваў існаванне беларускага народа і адмаўляў яму ў праве на нацыянальную мову і культуру, лічыў, што трэба сілай сцерці ўсякія адрозненні беларусаў ад рускіх («нацыянальныя рагаткі»).
За час яго працы ў Беларусі (да 1922 года) усе спробы стварэння беларускіх школ або выдання прэсы на беларускай мове перарываліся, а тыя, што былі, — зачыняліся. Кнорын жорстка пераследаваў актывістаў беларускіх нацыянальных партый — у 1920–1922 гадах ініцыяваў шэраг судовых працэсаў над імі. Асаблівую нянавісць Кнорына выклікала беларуская інтэлігенцыя, і ў першую чаргу тыя яе прадстаўнікі, што спачувалі БНР ці былі выхадцамі з заходніх абласцей Літвы і Польшчы: ён іх расцэньваў як «шпіёнаў і дыверсантаў». Быў расстраляны ў Маскве ў ліпені 1938 года па абвінавачванні ў падрыхтоўцы тэрарыстычных актаў. Відавочна, што спадар Замяталін у сваіх дзеяннях на кіруючых пасадах у Беларусі быў «другім Кнорыным», браў з яго прыклад, карыстаўся яго ідэямі. Відаць, у свеце няма іншай нацыі, якая б ушаноўвала памяць пра чалавека, што адмаўляў яе права на існаванне.
Праспект Дзяржынскага. Названы ў гонар Фелікса Дзяржынскага, які, хоць і нарадзіўся каля Івянца, лічыў сябе палякам. Дзяржынскі мае важную «заслугу» ў гісторыі Расіі — быў арганізатарам і кіраўніком «чырвонага тэрору». Дзяржынскі памёр у 1926 годзе, афіцыйна — ад сардэчнага прыступу. На гэты час ён быў не толькі кіраўніком савецкіх спецслужбаў, але і ўзначальваў галоўны савецкі кіруючы гаспадарчы орган — ВСНГ, быў галоўным барацьбітом з карупцыяй і бюракратызмам. Яго сталі афіцыйна і максімальна ўшаноўваць як героя, калі спецслужбы атрымалі ў СССР галоўныя кіруючыя пасады: ім былі патрэбныя свае, не партыйныя і не рэвалюцыйныя героі. Сёння Дзяржынскі — афіцыйны герой КДБ Беларусі.
Вуліца Мяснікова. Сапраўднае прозвішча Аляксандр Мяснікян, нарадзіўся ў Нахічэвані, армянін. У чэрвені 1917 года ўзначаліў Мінскую арганізацыю РСДРП(б), разам з першым «галоўным міліцыянерам» Мінска Міхаілам Фрунзе арганізаваў і стаў першым рэдактарам бальшавіцкай газеты «Звязда». У кастрычніку 1917-га стаў членам Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта Заходняга фронту, а ў лістападзе — ужо яго камандуючым. Выконваючы абавязкі Вярхоўнага галоўнакамандуючага, Мяснікоў кіраваў ліквідацыяй Стаўкі ў Магілёве, праводзіў чыстку сярод афіцэраў царскай арміі. Гэта прывяло да поўнага развалу фронту і масавага дэзерцірства, што спрыяла немцам у акупацыі Беларусі.
Мяснікоў быў адным з ініцыятараў і выканаўцаў разгону Усебеларускага з’езду. Ён, як і яго тагачасныя саратнікі Кнорын і Ландэр, не лічылі беларусаў нацыяй. Але, з’яўляючыся даверанай асобай наркама па справах нацыянальнасцяў РСФСР Іосіфа Сталіна, падпарадкаваўся партыйнай дысцыпліне і прыняў удзел у падрыхтоўцы стварэння Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь (ССРБ). 1 студзеня 1919 года паставіў свой подпіс пад маніфестам Часовага рэвалюцыйнага рабоча-сялянскага ўрада Беларусі, прымаў кіраўнічы ўдзел у распрацоўцы першай Канстытуцыі савецкай Беларусі, быў адным з арганізатараў Літоўска-Беларускай ССР (ЛітБел). З 1921 года працаваў у Арменіі. Загінуў у авіякатастрофе ў 1925 годзе. У савецкай Беларусі Мяснікоў заўсёды згадваўся як чалавек, які «перамог» БНР.
У сталіцы ўшанаваныя амаль усе вядомыя кіраўнікі СССР, ваенныя і партыйныя, — Куйбышаў, Свярдлоў, Арджанікідзэ, Чапаеў, Кіраў, Калінін, Шчорс, Тухачэўскі, Ленін (таксама і ў выглядзе Ульянава), яго жонка Крупская і іншыя. Нават у Расіі да гэтых асобаў сёння ставяцца неадназначна. Для развіцця Беларусі (нават і ў выглядзе БССР!) іх дзейнасць мае негатыўны (у лепшым выпадку, нейтральны) характар. У сукупнасці гэтыя назвы маюць толькі ідэалагічны сэнс — але гэта зусім не беларуская дзяржаўная ідэалогія.