Ідэя ёсьць галоўная сіла ў палітыцы.
Памёр Ляўко Лук’яненка — легенда ўкраінскага нацыянальнага змаганьня. Ён быў чалавекам ідэі, чалавекам свайго часу. Ідэя ёсьць галоўная сіла ў палітыцы. Без ідэі перамога немагчымая. Ляўко, зразумеўшы праўду, быў здольны адрачыся ад памылак і служыць ісьціне, нават калі змаганьне за яе пагражала сьмерцю.
І так тое сталася. За стварэньне антысавецкай арганізацыі і дэклярацыю думак пра вольную Украіну яму прысудзілі ў 1961 годзе сьмяротнае пакараньне. Потым замянілі на 15 гадоў турмы, якія Ляўко адмучыў ад пачатку і да канца. У 1976-м выйшаў на волю, але яго неўзабаве замкнулі зноў. Лепшыя гады жыцьця героя трымалі ў турме.
Тут была тактыка расейцаў — добрых людзей, патрыётаў гнаіць за кратамі. Але нічога не зламала яго волі. Я бачыў Ляўка Лук’яненку ў лістападзе 1990 году. Ён разам зь Пятром Пароўскім і Ларысай Скорык прысутнічаў у складзе ўкраінскай дэпутацкай дэлегацыі ад Вярхоўнай Рады на 2-й канфэрэнцыі па арганізацыі Балта-Чарнаморскай супольнасьці, якая была сабрана ў Менску дэпутатамі Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце.
Я адзначыў сабе, што выступы і меркаваньні Ляўка дакладна супадаюць з нашай фронтаўскай пазыцыяй. У спрэчных пытаньнях заўсёды чуўся прыхільны ўкраінскі голас Ляўка Лук’яненкі. Вельмі сымпатычны быў чалавек. На жаль, тады больш прасторна, акрамя як па тэме, пагаварыць не ўдалося. Аля асоба ягоная мне запомнілася.
Вось такія разумныя змагары, як Вячаслаў Чарнавіл і Ляўко Лук’яненка, і былі тады сольлю змаганьня за вольную Ўкраіну. Цяпер вялікі ўкраінец ўжо пакінуў гэты сьвет у трывожны для краіны час, але не найгоршы, бо вольная Ўкраіна жыве і будзе жыць. Гэтай волі дзеля Айчыны Ляўко прысьвяціў сваё жыцьцё і змаганьне. Вечная яму памяць. Слава Ўкраіне!
Зянон Пазьняк, «Радыё Свабода»