«Калыханка» - адна зь нешматлікіх беларускамоўных праграмаў на беларускім тэлевізіі і яна мае быць такой цалкам, а не часткова.
У адной зь нешматлікіх беларускамоўных телеперадач для дзяцей паказваюць мультфільмы па-расейску і практычна не паказваюць анімацыйных стужак, зробленых у Беларусі, перадае «Радыё Свабода».
На сайце Petitions.by у мінулы панядзелак зьявілася пэтыцыя «Калыханка» па-беларуску цалкам». На момант публікацыі яе падпісалі больш за 1000 карыстальнікаў.
Вечаровая перадача «Калыханка» на дзяржаўным тэлеканале «Беларусь-3» выходзіць на дзьвюх мовах: вядоўцы размаўляюць па-беларуску, а мультфільмы паказваюцца на расейскай мове. Аўтары пэтыцыі мяркуюць, што гэта «робіць праграму непрыдатнай ані для беларускамоўнай, ані для расейскамоўнай аўдыторыі».
«Беларускамоўныя бацькі і дзеці хочуць глядзець „Калыханку“ па-беларуску цалкам, — ідзе разважаньне ў тэксьце пэтыцыі. — Расейскамоўныя бацькі і дзеці, калі яны мэтанакіравана выбіраюць беларускамоўную праграму для знаёмства зь беларускай мовай, таксама хацелі б чуць яе ад пачатку і да канца праграмы.
А расейскамоўныя бацькі і дзеці, якія хочуць глядзець дзіцячыя праграмы па-расейску, маюць для гэтага шмат магчымасьцящ: такія праграмы — і нават цэлыя каналы — існуюць і на тэлевізіі, і ў кабэльных сетках, і ў інтэрнэце. „Калыханка“ — адна зь нешматлікіх беларускамоўных праграмаў на беларускім тэлевізіі на сёньняшні дзень, і яна мае быць такой цалкам, а не часткова».
Падпісанты пэтыцыі патрабуюць неадкладна забясьпечыць у «Калыханцы» дубляваньне ўсіх мультфільмаў па-беларуску, растлумачыць шлях выбару мультфільмаў і назваць адказных за гэта асобаў, бо ў перадачы «амаль цалкам адсутнічаюць» мультфільмы, створаныя ў Беларусі.
За чэрвень, як адсачылі аўтары пэтыцыі, з 30 мультфільмаў быў адзін беларускі — расейскамоўны «Тошка і гераічны ўчынак» 2017 году. Яшчэ паказалі 17 савецкіх мультфільмаў і 12 эпізодаў брытанскага мультсэрыялу «Ўсё пра Розі» з расейскім дубляваньнем.
Дзяржаве «дастаткова» беларускай мовы на ТВ — яе там амаль няма
Дзяржаўныя тэлеканалы Беларусі пераважна расейскамўныя. На «Беларусь-1» хіба ёсьць асобныя перадачы па-беларуску: 10- і 15-хвілінныя «Навіны рэгіёну», асобныя рубрыкі перадачы «Добрай раніцы, Беларусь», штодзённая віктарына «Мая Беларусь» на 2–5 хвілін, асобныя штотыднёвыя, штомесячныя і штоквартальныя перадачы па-беларуску. У «нумарной» сетцы БТ ёсьць таксама тэлеканал «Беларусь-3», пра які кіраўніцтва БТ казала, што беларускамоўныя перадачы на ім займаюць 32% штодзённага вяшчаньня, а па-беларуску робяцца 75% уласных перадач каналу.
Тым часам беларускамоўнаму тэлеканалу «Белсат», які вяшчае з Польшчы, адмовілі ва ўключэньні ў беларускія тэлевізійныя кабэльныя сеткі: на пэтыцыю аб гэтым намесьнік гендырэктара «Беларусь-1» Сяргей Шышко адказаў, што «ў сетцы вяшчаньня прысутнічае шырокі пералік беларускамоўных перадач і рубрык».
Мабільны апэратар Velcom, які фундуе праект перакладаў фільмаў на беларускую, цяпер зьбіраецца стварыць свой тэлеканал, на якім абяцае ў тым ліку беларукамоўны кантэнт.