Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Князь Міхаіл Глінскі: гульні вакол двух тронаў

15.07.2018 общество
Князь Міхаіл Глінскі: гульні вакол двух тронаў

Таямніцы лёсу аднаго з самых супярэчлівых беларускіх магнатаў.

Самыя розныя і супярэчлівыя ацэнкі заслужыў князь Міхаіл Глінскі. Так звычайна бывае з яскравымі асобамі, мяцежная душа якіх штурхае іх на авантурныя ўчынкі. Вядомы нямецкі дыпламат Сігізмунд Герберштэйн называў яго «чалавекам выдатнай вопытнасці і рэдкай доблесці». Другі сучаснік Глінскага — кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт Казіміравіч — гняўліва абвінавачваў яго ў дзяржаўнай здрадзе і атручванні свайго брата і папярэдніка Аляксандра Казіміравіча. Гісторыкам Міхаіл Глінскі ўяўляўся авантурыстам і інтрыганам без якіх-небудзь маральных прынцыпаў. Дзеля сваіх інтарэсаў ён прадаваў сваіх гаспадароў, здраджваў прысязе і расплачваўся трагедыяй свайго жыцця.

Нашчадак татарскіх ханаў князь Глінскі зрабіў бліскучую кар'еру. У маладосці ён служыў імператару Свяшчэннай Рымскай імперыі Максіміліяну і саксонскаму герцагу Альберту. Дзейны і амбіцыйны князь спадабаўся вялікаму князю Аляксандру Казіміравічу, і той наблізіў яго да сябе, надаўшы яму пасаду дворнага маршалка — распарадчыка вялікакняжацкага двара.

Па ўсіх найважнейшых справах гаспадар раіўся са сваім новым дарадчыкам. Шмат каму з кіруючай эліты не падабалася ўзвышэнне Глінскага. Адсюль і розныя чорныя намовы на князя, падазрэнні ў тайнай здрадзе. Асабліва напружаныя адносіны склаліся ў князя Міхаіла з троцкім ваяводам Янам Забярэзінскім. Узаемная нянавісць паміж імі магла закончыцца крывавай бойкай. Аляксандр на судзе памірыў абодвух непрыяцеляў. Забярэзінскага падтрымалі радныя паны, якія дружна выступілі супраць Глінскага ў 1505 годзе на Брэсцкім сойме.

Намоўлены Глінскім («Пакуль у Літве будуць жыць гэтыя паны, да тых часоў у княстве не сціхнуць звадкі»), Аляксандр прагнаў іх прэч. Аднак яны адыграліся на Глінскім, калі Аляксандр смяротна захварэў. Глінскі лячыў хворага гаспадара, а таму рабілася ўсё горш. Паны казалі, што Глінскі «псуе» гаспадару здароўе, каб захапіць уладу ў Вялікім Княстве. І вось летам 1506 года гэты «авантурнік» у самы крытычны для краіны момант нашэсця крымскіх татар узначаліў войска ВКЛ. Ён мог адмовіцца, прыкінуцца хворым, як гэта зрабіў гетман Станіслаў Кішка, і не браць на сябе смяротнай адказнасці, бо ў выпадку паражэння падазрэнні ў здрадзе сталі б відавочнымі. Глінскі ўзначаліў войска і павёў яго супраць ворага. У бітве каля Клецка 5 жніўня 1506 года войска крымскіх татар было разбіта. У гэтай бітве Міхаіл Глінскі праявіў сябе і як умелы палкаводзец, і як правадыр, што сваім палымяным заклікам падняў баявы дух воінаў, і як гераічны віцязь, які біўся ў гушчы сечы (пад ім забіла двух коней). Тыя 40 тысяч чалавек, вызваленыя з татарскай няволі, — вось знамянальны вынік гэтай слаўнай перамогі. Яна паўплывала на пазіцыю Крымскага ханства, якое адмовілася ад саюза з Маскоўскай дзяржавай.

У іншы час Міхаіла Глінскага чакалі б слава і пашана. Але памёр яго апякун Аляксандр Казіміравіч. Новы гаспадар Жыгімонт Казіміравіч, баючыся ўзвышэння Глінскага і паверыўшы намовам, пазбавіў яго дворнага маршальства. А прапанову князя апраўдацца на судзе гаспадар не прыняў. Герой ператварыўся ў ізгоя і нягодніка. Такое прыніжэнне Глінскі не мог дараваць. Калі не давёў сваю правату на судзе, дык вырашыў зброяй чыніць свой суд.

Энергія і рашучасць Глінскага зайздросныя. Жалезная воля і самавалоданне, энергічнасць і паслядоўнасць, палітычная дасведчанасць і хітрасць інтрыгана, смеласць воіна і талент палкаводца — усё тое, чаго, на думку тагачаснага гісторыка Мацея Мяхоўскага, не хапала ні Аляксандру, ні Жыгімонту Казіміравічам, было ў Глінскага.

Каб ягоная дзейнасць была накіравана на стваральную працу, дык мы мелі б у нашай гісторыі выдатнага дзяржаўнага мужа. Але так атрымалася, што людская зайздрасць штурхнула яго на разбурэнне, мяцяжы, распальванне крывавых канфліктаў.

У 1508 годзе Глінскі пры падтрымцы сваіх братоў — наваградскага ваяводы Івана і брэсцкага старасты Васіля — падняў мяцеж. Глінскі напаў на маёнтак Яна Забярэзінскага і забіў яго. А пасля ён пераходзіць на бок маскоўскага ўладара Васіля ІІІ і падтрымлівае яго ў вайне супраць ВКЛ. А гэта ўжо дзяржаўная здрада. Здраднікаў нідзе і ніколі не любілі, якімі б яны матывамі ні кіраваліся. І хоць католік па веравызнанні Глінскі абвясціў сябе абаронцам праваслаўя, аднак праваслаўная шляхта не падтрымала яго. Учарашні герой цяпер з ворагамі нішчыў сваю краіну. Ганарлівая слуцкая княгіня Анастасія не прыняла яго сватанне і сама ўзначаліла абарону роднага горада ад аблогі мяцежнікаў Глінскага. Абклаў ён разам з маскоўскімі атрадамі і Менск. Сваёй актыўнасцю Глінскі заслужыў ласку новага гаспадара. І той аддзячыў свайму памагатаму, даўшы яму два гарадкі.

Толькі Глінскі лічыў сябе пакрыўджаным. Яму хацелася вялікай улады. Сваю значнасць ён мог паказаць падчас вайны Масковіі з ВКЛ. Таму ён падбухторвае Васіля ІІІ на вайну, наладжвае сувязі з імператарам і дамаўляецца з ім аб саюзе імперыі з Масковіяй. У 1514 годзе Глінскі ўгаворвае смалян здаць Смаленск маскоўскім войскам. Глінскі сапраўды робіцца праклёнам для Жыгімонта. І вось раптам Жыгімонт атрымлівае ад яго патаемны ліст з паведамленнем аб жаданні перайсці на яго бок. І Жыгімонт даруе здрадніку, высылае да яго ганца. Але змова была выкрыта, і Глінскі апынуўся ў вязніцы. «Смерцю я заўсёды пагарджаў і без жаху сустрэну яе хаця б таму, каб не бачыць твайго твару, тыран. Душа мая не ў тваёй уладзе», — вось так ганарыста адказаў Глінскі Васілю ІІІ. Пераход у праваслаўе і заступніцтва мітрапаліта выратавала жыццё Глінскаму. Толькі якое яно было для дзейнага чалавека, пазбаўленага волі і сэнсу свайго жыцця? Танталавы пакуты!

Трынаццаць гадоў прамучыўся Міхаіл Глінскі за кратамі з цяжкімі кайданамі на руках і нагах. Але Васіль не дачакаўся ад яго мальбы аб літасці. Атрымаў волю Міхаіл Глінскі па просьбе сваёй пляменніцы, новай жонкі Васіля ІІІ, Алены Глінскай. Вось такі паварот лёсу.

Пасля няўдалага паходу ў 1530 годзе на Казань Міхаіл жыў у гарадку Старадубе-Рапанаўскім. Ён ажаніўся і меў сына Васіля. Але лёс зноў узвысіў князя, каб пасля канчаткова прынізіць ягоны ганарлівы дух. Васіль ІІІ у 1533 годзе перад сваёй смерцю прызначыў Міхаіла Глінскага апекуном сваіх малалетніх сыноў Івана (Грознага) і Юрыя, траюрадных пляменнікаў князя. Такім чынам Міхаіл Глінскі стаў рэгентам пры маленькім гаспадары Іване ІV. Здавалася, ён нарэшце дасягнуў сваёй запаветнай мэты — вялікай улады. Толькі цяпер ён перашкаджаў сваёй пляменніцы, вялікай княгіні Алене і яе палюбоўніку (магчымаму бацьку яе сыноў) баярыну Івану Аўчыне-Абаленскаму. Князя абвінавацілі ў здрадзе і замарылі голадам у вязніцы.

Трагічны лёс, сапраўды сатканы з шэкспіраўскіх жарсцяў. Як бачым, улада не прынесла Міхаілу Глінскаму ні шчасця, ні славы, ні багацця — адны пакуты і горкія расчараванні. Займальны гістарычны сюжэт для літаратуры, а вось для нашай гісторыі імя Міхаіла Глінскага засталося перш за ўсё як імя пераможцы ў слаўнай Клецкай бітве.

Вітаўт Чаропка, «Звязда»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]