Як асабістая справа стала грамадскай.
Для многіх беларусаў менавіта Курапаты — месца памяці сваякоў, якія сталі ахвярамі сталінскіх рэпрэсій. Пра чый лёс пасля рук НКВД невядомы, як і тое, дзе яны пахаваныя на самой справе.
Пра тое, як вілейскія актывісты бачаць сітуацыю вакол Курапатаў, журналісты Рэгіянальнаяй газеты распыталі ў прадстаўніка грамадскага руху «Дзея» з Вілейкі Максіма Ціханава.
Што ў Курапатах цяпер
Дзякуючы ўвазе да праблемы ў сеціве і з боку СМІ ў «забаўляльнай установе» амаль няма наведвальнікаў.
– У сярэднім 1-2 чалавекі за дзень, і то, я так разумею, гэта знаёмыя працаўнікоў і ўласнікаў, – мяркуе Ціханаў. – Буйныя бізнэсоўцы ды прадстаўнікі ўлады выказваліся, што ніколі не наведаюць гэтую ўстанову.
Актывіст удзельнічаў у абароне памятнага месца і ў мінулым годзе. Адзначае, што розніца заўважная. І найперш яна відаць па людзях, што працавалі на будоўлі і што працуюць у рэстаране. У мінулым годзе працаўнікі ў пэўны момант самі пачалі адмаўляцца будаваць: зразумелі, у якім месцы ўсё адбываецца, што грошы на костках не заробіш, ды і не хацелі ісці супраць народа. Сённяшнія работнікі забаўляльнай установы ведаюць, дзе працуюць, што адбылося ў гэтым месцы, але не ідуць насустрач актывістам.
Сёлета ўстанова ўжо пабудаваная, у яе ўклалі вялікія грошы, і гаспадару цяжка іх губляць. Летась будоўля не перайшла той кропкі невяртання, калі ўжо нельга было спыніцца. Са стратамі, але забудоўшчык усё ж спыніў будоўлю ў мінулым годзе.
– Я час ад часу далучаюся да варты ў Курапатах, – расказвае Ціханаў. – У яе хутчэй сімвалічны характар. Мы імкнемся патлумачыць усё людзям, якія сюды прыязджаюць. Расказваем, што гэта за месца, чаму варта яго шанаваць. І сімвалічна не дазваляем уязжаць машынам на тэрыторыю самавольна збудаванага забаўляльнага комплексу.
Абараняюць Курапатах не толькі на месцы. Пішуць звароты, скаргі ў дзяржаўныя ўстановы, водгукі ў «Кнізе скаргаў і прапановаў», на спецыялізаваных сайтах тлумачаць сітуацыю наведвальнікам.
Чаму гэта асабістая справа
Курапаты – гэта не проста месца сталінскіх рэпрэсіяў. Такіх месцаў, дзе адбываўся генацыд, у Беларусі нямала. Але менавіта Курапаты аб’ядноўваюць іх як месца памяці, якое стала сімвалам трагедыі беларускага народа.
– Каб людзі памяталі, што адбывалася на нашай зямлі ў часы сталінскай дыктатуры – вось чаму мы тут! – кажа актывіст. – Як Хатынь стала сімвалам трагедыі Другой сусветнай вайны… У месцах масавых пакутаў ладзіць вяселлі, жэрці ды плясаць на костках сваіх закатаваных суайчыннікаў проста нельга! Майго прадзядулю ў тыя часы, як і сотні тысячаў беларусаў, таксама забраў «чорны варанок». Далейшы яго лёс невядомы. Таму асабіста для мяне Курапаты – месца дзе можна ўшанаваць і яго памяць.
Чаго чакаюць ад улады
Іншага месца для такіх ахвяр няма. Іх не хавалі на могілках і не рабілі помнікаў ці крыжоў з шыльдамі. На думку, актывістаў, менавіта сённяшняя беларуская ўлада павінна абараніць месца памяці.
– Улада павінна прыслухацца да народа, ды выправіць свае мінулыя памылк, звязаныя з дадзенай забаўляльнай установай. Трэба вярнуць межы ахоўнай зоны, якія былі да 2014 года, выканаць прадпісанні Генеральнай Пракуратуры 2012 года.
Згодна з Грамадзянскім кодаксам, самавольна збудаваныя будынкі неабходна знішчыць, а зямлю прывесці ў першапачатковы стан. Надыйшоў час уладам зрабіць вялікую праверку будаўніцтва гэтай установы, змяніць межы ахоўнай зоны, бо няўзброеным вокам бачна, што тут прысутнічаюць карупцыйныя схемы!
– мяркуе Ціханаў.
Актывіст пералічвае, што адбывалася з Курпатамі:
– Будаўніцтва на той тэрыторыі распачалося яшчэ ў 2006 годзе, калі міністэрству культуры быў прадстаўлены праект «аб’екта прыдарожнага сэрвісу» – звычайна гэта невялічкая кафэшка ці запраўка. У 2012 годзе грамадскасць заўважыла, што будуюць там не прыдарожны сервіс, а забаўляльны комплекс, тады і адбыліся першыя пратэсты. Гэта прымусіла ўлады правесці праверку будаўнікоў. Генеральная Пракуратура пастанавіла, што «БелРэстІнвест» будуе не тое, што было зацверджана ў першапачатковым праэкце, залезла на ахоўную зону «Курапаты», будуе самавольна. Але будоўля не спынялася, ды ў 2014 годзе ўлады памянялі межы ахоўнай зоны, ды «БульбашХолл» апынуўся нібыта па-за ёй… З’яўляецца пытанне, якім чынам не былі выкананыя прадпісанні Генеральнай Пракуратуры? Якім чынам адбылася змена межаў ахоўнай зоны? Ды якім чынам змена межаў адмяніла рашэнні Генеральнай Пракуратуры ад 2012 года? То бок нехта напляваў на заканадаўства ды выйшаў сухім з вады!
Гісторыя змагання за Курапаты
Курапаты – гэта месца на поўначы Мінска, дзе масава пахаваныя ахвяры НКУС 1937-1941 гадоў. Ад 1993 года месца ўнесенае ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў.
Пасля артыкула Зянона Пазняка, у якім раскрывалася праўда аб Курапатах, яны сталі месцам ушанавання ахвяр сталінізму і сталі сімвалам барацьбы супраць камуністычнай ідэалогіі, за незалежнасць Беларусі.
У пачатку 2000-х улады вырашылі пашырыць Мінскую кальцавую аўтадарогу так, што яна захапіла б урочышча Курапаты. Да праблемы прыцягнулі ўвагу міжнароднай супольнасці. Вынікам стала тое, што дарогу праклалі у абход памятнага месца, але побач з ім.
У 2002 годзе выканкам дазволіў распачынаць будоўлю катэджнага пасёлка «Сонечны» каля мемарыяльнай зоны. Аднак пасля хвалі абурэння ў грамадстве будаўнічую пляцоўку закрылі. Праз некалькі год шырыню ахоўнай зоны вакол месца скарацілі.
Пасля ў 50 метрах ад Курапатаў дазволілі пабудаваць забаўляльны цэнр «Бульбаш-хол». Грамадскія актывісты распачалі кампанію па абароне мемарыяльнага месца. Адказ актывістам ад Мінкульта тлумачыў, што пры будаўніцтве знайшлі парушэнні і праект закрылі. Аднак пасля Мінкульт скараціў ахоўную зону са 120 да 50 метраў, і пабудовы не знеслі. Зянон Пазняк ацаніў пакія паводзіны і само будаўніцтва як «Абразу нацыянальнага гонару і знішчэнне нацыянальнай святыні».
Сёлета ў чэрвені сярод пабудоваў «Бульбаш-холу» адчынілі рэстаран. Грамадскія актывісты ў чарговы раз паднялі пратэст з гэтай нагоды.