Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Парад крывадушнасці

19.07.2018 политика
Парад крывадушнасці

Марнаваць грошы, траўміраваць сон, здароўе дзяцей, трушчыць вуліцы тэхнікай — гэта занадта.

Разумею, што іду насуперак настрою многіх беларусаў, ды кажу, што мне абрыдзеў ваенны парад і яго рэпетыцыі. Не заклікаю адмяняць відовішча, бо ёсць юбілейныя даты, дзе яно да месца, калі праводзіцца без пампезнасці. Але штогод марнаваць грошы, траўміраваць сон, здароўе дзяцей, трушчыць вуліцы тэхнікай — гэта занадта. Патрыятызм такім чынам не выхоўваецца.

Сёлетні парад, які А. Лукашэнка аб’явіў лепшым у навейшай гісторыі Беларусі, яшчэ раз прадэманстраваў безгаспадарчасць, разгульныя, купецкія замашкі рэжыму. Падстаў праводзіць яго не было.

Проста правіцелю і яго чэлядзі падабаецца красавацца ў вайсковых мундзірах на трыбунах, адчуваць абсалютную ўладу не толькі над калонамі салдат, афіцэраў і цывільных, якія праходзяць унізе, але і над усім насельніцтвам. З другога боку, на відовішчы ёсць запатрабаванасць у гараджан, якія не ходзяць у філармоніі, тэатры, мастацкія галерэі, музеі, бібліятэкі, дзе трэба працаваць галавою, душою і сэрцам, а выбралі сабе самую простую ролю — элементарных зявак.

Уладныя пенсіянеры, якія рэгулярна наведваюць конкурсы прыгажосці, балі выпускнікоў ВНУ і школ на гэты раз любаваліся маладымі жанчынамі ў вайсковай форме (да 35 гадоў), некалькі з якіх у час праходкі згубілі чаравікі і адбівалі крок басанож. У такія надта хвалюючыя арганізм моманты галоўнакамандуючы і яго «маршалы» вераць, што яны могуць ісці ў бой, што ёсць яшчэ порах у парахаўніцах, які трэба трымаць сухім. Маладыя салдаты і афіцэры мелі магчымасць паказаць сябе, фарсануць сілаю.

Сем’і сталічных начальнікаў, пастаянная масоўка на казённых мерапрыемствах, адчувалі тут сваю «вагу і значнасць». Звычайныя аматары тусовак блукалі, купаліся ў грукаце, шуме аж да вечаровых песень і фейерверкаў. Усім ім — некалькім тысячам чалавек — відаць, было добра, нягледзячы на тое, што пахмурнае надвор’е перашкодзіла эфектнаму пралёту над сталіцай ваенных самалётаў і салюту. Дарэчы, самалёты можна было б і адмяніць, ды ўладзе народных грошай не шкада. Задуманае даводзім да канца, не зважаючы ні на што! Але ці камфортна адчувалі сябе беларусы, якія не згодныя з датай свята?

Валюнтарысцкія рашэнні аўтарытарнай улады нараджаюць нестыкоўкі, фальсіфікацыю гістарычнай праўды, душэўны дыскамфорт грамадзян. Апраўдваючы дату 3 ліпеня як прымальную для Дня незалежнасці, каляпалітычныя дзеячы ўжо зацягнулі песню пра тое, што людзі прывыкнуць да вызначанага чысла. З такім поспехам ім можна спаслацца і на сталінскі ГУЛАГ, дзе вязні таксама прыстасоўваліся да жахлівых умоў, а некаторыя нават у ім выжылі.

Кожны чалавек і ўсё грамадства маюць устойлівасць у жыцці толькі тады, калі дакладна ведаюць, што робіцца ў яго ўласных уладаннях і навокал, не купляюцца на прапагандысцкую апрацоўку, якую праводзіць зацікаўленая ўлада. Самае галоўнае для разумнага існавання і прыняцця правільных рашэнняў — гэта рэальна ацэньваць сітуацыю на дадзены момант у сям’і, у краіне і ў цэлым у свеце.

Не думаю, што Беларусь, якая напачатку незалежнасці аб’явіла сябе нейтральнай, маючы сціплы эканамічны патэнцыял і невялікую армію, павінна агрэсіўна бразгаць зброяй на ваенных парадах і камусьці пагражаць. Адразу ўспамінаецца рускі байкар І. Крылоў: «Ай, Моська! знать она сильна, что лает на Слона».

Следам за святкаваннем у Мінску свой Дзень незалежнасці (4 ліпеня) адзначылі Злучаныя Штаты Амерыкі. Сучасныя інфармацыйныя магчымасці дазволілі параўнаць два відовішчы. Магутная краіна з самай баяздольнай арміяй у свеце правяла свята спакойна — без вайскоўцаў, ракетных установак, танкаў і самалётаў. Парад быў карнавальным, у якім кожны чалавек мог выявіць сваю вынаходлівасць і пачуццё гумару.

Нягледзячы на палітычныя і іншыя разыходжанні, амерыканцы любяць дзяржаўныя сімвалы і святы, бо яны прымаліся не валюнтарысцкімі метадамі, не спехам, не «на калене», як у аўтарытарнай Беларусі.

Маштабны парад крывадушнасці менавіта і пачынаецца з таго, што наша краіна жыве не калектыўным розумам, а паводле прыдумак і каманд аднаго чалавека, якія вызначаюцца пастаяннымі супярэчнасцямі і местачковай прымітыўнай хітрасцю, што заўсёды «вылазіць бокам».

Мясцовы рэжым, спадзеючыся з дапамогай Расіі правіць вечна, загнаў сябе ў пастку. Па-першае, уваходжанне ў гэтак званую саюзную дзяржаву, ваеннае пагадненне з усходняй суседкай вымушаюць яго залежаць ад яе агрэсіўных выбрыкаў, быць датычным да палітычных скандалаў, з цяжкасцю лавіраваць у міжнародных стасунках. Па-другое, жыццё Беларусі на халяву, атрыманую ад «усходніх і заходніх дабрадзеяў», і за кошт замежных пазык прывучыла чыноўнікаў да нахлебніцтва, а адсутнасць умоў для пашырэння масавага прадпрымальніцтва стрымлівае развіццё эканомікі, яна топчацца на месцы.

Залежнасць аўтарытарнага рэжыму ў ваенным і эканамічным плане ад «родных людей» з Усходу, як іх лісліва называе правіцель, даходліва паказаў праход на парадзе ваеннаслужачых Пскоўскай дэсантна-штурмавой дывізіі, вайсковага падраздзялення з Кітая. Глядзіш на гэта і разумееш, што беларуская незалежнасць — папяровая і трыбунная. У любы момант ад яе могуць застацца толькі «рожкі ды ножкі».

У парадзе крывадушнасці ўдзельнічаюць і заходнія палітыкі. Канцлер Аўстрыі (на працягу шасці месяцаў яна ўзначальвае Еўразвяз) заявіў пра неабходнасць змагання за захаванне на кантыненце верхавенства права і дэмакратыі. Сам жа С. Курц на здзіўленне еўрапейскай супольнасці распачаў гэтыя дзеянні з легітымізацыі ўзурпатара ўлады, гасцінна запрасіў А. Лукашэнку ў Аўстрыю. Нядаўна станоўчы фон для яго стварылі прэзідэнты Аўстрыі і Германіі, якія прыехалі на адкрыццё мемарыялу ў Трасцянцы. Такіх прыкладаў двурушнасці палітыкаў можна прывесці шмат. Яны, падкрэсліваючы, што займаюцца дэмакратызацыяй, тым часам дзеля асабістых выгод разбураюць атмасферу прынцыповага і жорсткага стаўлення да аўтакратаў, якія душаць свабоду народаў.

А ўзурпатары ўлады не спяць у шапку, прыстасоўваюцца да змен. Любыя ўступкі і паслабленні кантролю за іх агрэсіўнымі паводзінамі з боку Захаду ўспрымаюцца як перамога над «слабакамі».

Крамлёўскі правіцель задзейнічаў дзяржаўныя рэсурсы на стварэнне сабе іміджу самага ўплывовага палітыка свету, хоць яго вядомасць грунтуецца толькі на агрэсіях. А беларускі калега пад шумок даў каманду выкарыстаць санкцыі супраць Расіі на сваю карысць, для чаго эксплуатуюцца ўсе «чорныя выхады» і «лазы».

Аўтакраты гуляюць з уладай, а ў простых людзей чубы трашчаць. Доўгае знаходжанне пад аўтарытарызмам дэфармуе характар людзей, падаўляе волю, ініцыятыўнасць, самабытнасць. Абыякавая большасць беларускага грамадства прымае іншую культуру, чужыя завядзёнкі, звычкі, прывыкае да ўмоў, як у Паўночнай Карэі, дзе ў арміі таксама шмат маладых жанчын, дзе людзі смяюцца і плачуць паводле каманды начальнікаў.

Тым не менш я веру, што здаровы сэнс у жыцці пераможа. Прыйдзе час, калі дэнацыяналізаваныя, прыдушаныя прапагандай і камандамі беларусы зразумеюць, што гарантамі незалежнасці з’яўляюцца не начальнікі, якія прыходзяць і сыходзяць, а вечныя атрыбуты нацыі — родная мова, культура, гісторыя і яны самі. Марудна, але мы ўсё ж пасоўваемся ў бок ісціны.

Сяргей Законнікаў, sn-plus.com

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]