Аўтарытарныя лідэры гатовыя кіраваць нават з-пад зямлі.
Чым даўжэй чалавек ва ўладзе, тым больш дзівацкія думкі наведваюць ягоную галаву.
Пачаўся адлік 25-га году «прэзыдэнцтва» Аляксандра Лукашэнкі. Як сьведчыць практыка іншых доўгажыхароў ва ўладзе, досыць небясьпечная рыса ў трактаваньні ўласнай значнасьці на гістарычным адрэзку, паведамляе «Радыё Свабода».
Ведаеце, хто зьбіраўся працягнуць людзкі род пасьля Трэцяй сусьветнай вайны? Альбанскі лідэр Энвэр Ходжа. Натуральна, не адзін — з тысячай набліжаных суайчыньнікаў-ілірыйцаў (альбанец «са знакам якасьці», накшталт арыйцаў у Нямеччыне). Калі б пасярод халоднага супрацьстаяньня на гарызонце раптам вырас ядзерны грыб, кучка зямлянаў узнаўлялася б у сакрэтным бункеры побач з Тыранай.
У сярэдзіне 1980-х, пасьля бясслаўнага фіналу альбанскага дыктатара, элітнае супэрсховішча было закінута і памалу занепадала. Некалькі гадоў таму яго аднавілі як урок магчымым наступнікам, апантаным ідэяй беспакаранай велічы.
Можна толькі здагадвацца, якія таямніцы ў свой час адкрыюцца беларусам...
Праграма татальнай «бункерызацыі»
Адразу пасьля Другой сусьветнай вайны камуністычны кіраўнік Альбаніі Энвэр Ходжа абвясьціў, што краіна пойдзе шляхам СССР: індустрыялізацыя, калектывізацыя, барацьба са зьнешнімі і ўнутранымі ворагамі. Ёсіф Сталін, ад якога Ходжа падчас пэрсанальных сустрэчаў атрымліваў палітычныя інструкцыі, стаў пуцяводнай зоркай Шкіпэрыі, краіны арлоў: горад Кучова, дзясяткі паселішчаў і вуліц, школ і караблёў атрымалі яго імя, паўсталі дзясяткі бюстаў і помнікаў. На дзяржаўным узроўні адзначаліся дні нараджэньня, быў заснаваны ордэн Сталіна — адзін з найвышэйшых у дзяржаве.
Аднак са сьмерцю палітычнага куміра градус сяброўства пачаў астываць, а пасьля разьвянчаньня культу правадыра на ХХ зьезьдзе КПСС, які Ходжа і кіраўнік Дзяржаўнай рады КНР Чжоў Энлай дэманстратыўна пакінулі, стасункі з Савецкім Саюзам былі спыненыя.
Рэвізіянісцкі курс Крамля жорстка крытыкуецца альбанскай прапагандай, перараджэнцы Хрушчоў, Брэжнеў ды іншыя становяцца антыгероямі мастацкіх твораў — як, напрыклад, у працы Гуры Мадзі «Выступ таварыша Энвэра Ходжы на Маскоўскай нарадзе прадстаўнікоў 81 камуністычнай партыі 16 лістапада 1960 году», дзе альбанскі лідэр дае адпор бандзе крамлёўскіх адшчапенцаў (падборка твораў сацрэалізму тут).
У выніку маскоўскай здрады трохмільённая Альбанія абрала ўласны курс — на міжнародную ізаляцыю. Праз адзіны дзяржаўны тэлеканал Ходжа пераконваў свой народ, што краіна ў варожым атачэньні, усе толькі сьпяць і мараць, як напасьці на непакорных спадкаемцаў аднаго з самых старажытных народаў — ілірыйцаў. Была абвешчана частковая мабілізацыя, усе грамадзяне ўзростам ад 18 да 56 гадоў, уключна з жанчынамі, мусілі наведваць курсы вайсковай падрыхтоўкі.
Апагей маніі перасьледу прыпаў на канец 1960-х, калі была ўхваленая праграма татальнай «бункерызацыі» — пабудовы разнастайных бэтонных сховішчаў.
У 1956 годзе, неўзабаве пасьля разьвянчаньня культу Сталіна, Энвэр Ходжа абмяняўся міждзяржаўнымі візытамі зь іншым «вялікім правадыром» — камуністычным кіраўніком Паўночнай Карэі Кім Ір Сэнам. У ліпені таварыш Кім наведаў Тырану, а ў верасьні ў Пхэньян завітаў таварыш Энвэр. Уразіўшыся «перадавымі тэхналёгіямі» чучхэ, альбанскі лідэр зрабіў выснову: падняволіўшы народ, можна выжыць і з апорай на ўласныя сілы. Мабыць, тады і нарадзілася ідэя закапацца ад зьнешніх ворагаў пад зямлю.
Як бы там ні было, пры адміністрацыйных і навучальных установах пачалі расьці навабуды. На гародах і абапал дарог цэлае дзесяцігодзьдзе ўдзень і ўначы вайскоўцы і цывільныя варочалі зямлю з разьліку 1 бункер на 10 чалавек. У выпадку атакі імпэрыялістаў уся Альбанія мелася зьнікнуць з паверхні зямлі.
З заплянаваных больш як 220 тысяч аб’ектаў пасьпелі закласьці «толькі» 170 тысяч (у некаторых крыніцах лічбы фігуруюць утрая большыя): назіральныя пункты, артылерыйскія пазыцыі, грамадзкія і сямейныя сховішчы.
Самая распаўсюджаная мадэль — Qender Zjarri («агнявы пункт»). Жалезабэтонны «грыб» дыямэтрам 3 мэтры ў раёне шапачкі ў адлітым выглядзе закопваўся ў зямлю, бэтанаваўся і быў разьлічаны на 1–2 байцоў. Іншая канструкцыя мела назву Pike Zjarri («агнявы рубеж»). Яна мела плошчу блізу 30 квадратных мэтраў і зьмяшчала да трох дзясяткаў чалавек. Спачатку «доты» плянавалі ставіць на стратэгічных пазыцыях, але Ходжу ўжо было не стрымаць: усе на перадавую, у бэтонныя акопы.
Чырвоны ўнітаз для элітнай пэрсоны
У 1972 годзе альбанскія ўлады распачалі рэалізацыю праекту, беспрэцэдэнтнага па сваім размаху — будоўлю ядзернага бункера. Тры гады тысячы будаўнікоў пад наглядам вайсковых куратараў і цывільных інжынэраў выдзёўбвалі тунэлі ў скальных пародах на ўскрайку Тыраны.
Вынік нявольніцкай працы — 100 зь лішкам аўтаномных памяшканьняў на пяці ярусах, дзе больш за год можна было жыць бязь зьнешняга сілкаваньня. Бункер не паддаваўся разбурэньню ўдарнай хваляй, не прапускаў радыяцыі, меў некалькі ступеняў абароны — пераходы адгароджвалі 5–7 гермэтычных мэталічных дзьвярэй. Па ўсім пэрымэтры і на вяршыні гары былі ўсталяваныя дзясяткі мабільных дотаў зьнешняй аховы.
У момант ядзернай атакі ў супэрбункер павінны былі даставіць Энвэра Ходжу зь сям’ёй, прэм’ер-міністра Мэхмэта Шэху, найвышэйшых военачальнікаў, навукоўцаў, іншых асабліва набліжаных, а таксама адказных за забесьпячэньне сховішча.
Для першых асобаў былі абсталяваныя даволі камфортныя кабінэты, спальні, кухні, санвузлы. Пакоі Ходжы аздобленыя модным тады плястыкам, які прыкрываў дадатковае армаваньне, астатнія больш нагадвалі лазьню зь лякаванай вагонкай (апартамэнты прэм’ера, вайсковая стаўка і г.д.).
Асаблівую ўвагу прыцягвае ванны пакой з чырвоным «рэвалюцыйным» унітазам — сьцьвярджаюць, што такое інтэр’ернае рашэньне прапанаваў гаспадар будучых апартамэнтаў.
А вось бальшыня шараговых пасажыраў Ходжавага «каўчэга» мусілі задаволіцца спартанскімі ўмовамі ў цёмных бэтонных каморках.
Пра заканчэньне будоўлі элітных катакомбаў адрапартавалі ў 1975-м, але яшчэ тры гады даводзілі іх да кандыцыі. Толькі ў 1978-м у прысутнасьці галоўнага замоўніка адбылася, як пазначана ў тагачаснай дакумэнтацыі, «інаўгурацыя» антыядзернага бункера.
Ці трэба казаць, што тагачасная Альбанія была палітычнай драбніцай на сусьветнай мапе і ў прынцыпе мала каго цікавіла. Таму гульня ў ядзерную вайну аказалася ўсяго толькі дарагой забавай дыктатара. Пасьля сьмерці Ходжы ў 1985 годзе пра бункер, якія спусташаў і без таго дэфіцытны бюджэт, паступова забыліся — падтрымліваць вялізны аб’ект у функцыянальным стане было недазвольнай раскошай. Толькі ў 2014-м яго адрамантавалі ды пачалі выкарыстоўваць з камэрцыйнымі мэтамі.
Цяпер за 5 эўра ацаніць маштабы памутненьня дыктатаравага розуму можа кожны ахвочы. Праўда, са 106 памяшканьняў музэефікавана хіба палова, на астатнія няма экспанатаў. Хоць у першапачатковым праекце ўсё мела функцыянальнае прызначэньне, апрабоўваліся апошнія тэхнічныя дасягненьні тых гадоў (перадусім кітайскія): фільтрацыйныя камэры, сховішчы боепрыпасаў, сыстэмы вэнтыляцыі, аўтаномныя генэратары. Прадугледзелі ўсё, за выключэньнем аднаго — падзеньня «вечнага рэжыму».
Непрыступная цьвярдыня партыйнай эліты
Сапраўднай крэпасьцю выглядаў і ўрадавы раён у цэнтры Тыраны, дзе жыў Энвэр Ходжа з бліжэйшым атачэньнем. Назва кажа сама за сябе — «Блёк» (Blloku). За часамі італьянскай акупацыі тут пабудавалі катэджы для вышэйшых афіцэраў, у якія пасьля вайны перабралася альбанская эліта. «Блёк» ахоўвалі ўзброеныя пасты, і простым альбанцам трапіць туды было немагчыма.
Гэта быў горад у горадзе з сучаснай інфраструктурай, спэцабслугоўваньнем і дарагім аўтапаркам. Астатнім насельнікам нічога з гэтага нават ня сьнілася: грамадзянам было забаронена мець уласныя машыны (першы сьвятлафор у сталіцы зьявіўся толькі пад канец 1980-х), лецішчы, насіць джынсы, карыстацца замежнай касмэтыкай, слухаць заходнюю музыку.
Пад татальную забарону трапіла і рэлігія — у шматканфэсійнай краіне абвясьцілі атэізм. Па прыкладу кітайскай культурнай рэвалюцыі канфіскоўвалася маёмасьць храмаў, пабудовы або руйнаваліся, або ішлі пад адміністрацыйныя будынкі, кінатэатры, склады. За парушэньні антырэлігійнага заканадаўства — хрост, вянчаньне, іншыя абрады — пагражаў суровы прысуд аж да сьмяротнага пакараньня.
Аднак доўгія гады на чале канцлягера, у які, па сутнасьці, была ператворана краіна, не маглі мінуць бясьсьледна. 11 красавіка 1985-га, пасьля чарады інфарктаў, інсультаў і абвастрэньня дыябэту, Энвэр Ходжа памёр. Яму было 76. Асірацелыя альбанцы 9 дзён разьвітваліся зь целам у палацы імя Сталіна. Пахавалі Ходжу на мэмарыяльных могілках «Загінулых герояў нацыі».
Адразу ж пасьля сьмерці Ходжы ягоная дачка Пранвэра запраектавала музэй у гонар бацькі. Зразумела, з адзнакай абранасьці — у форме эгіпецкай піраміды. Месьціцца ён побач з цэнтральным пляцам Скэндэрбэў, на мяжы з урадавым раёнам. Комплекс быў адкрыты ў 1988-м, да 80-годзьдзя «партыйнага генія». На выгляд — чарговы бункер, толькі ня звыкла акруглы.
Праўда, праіснаваў ён у такім статусе нядоўга. У траўні 1992-га, пасьля канчатковага краху камуністычнага рэжыму, новыя ўлады эксгумавалі і перазахавалі цела дыктатара на аддаленых грамадзкіх могілках, а музэйны будынак прыстасавалі пад выставачны цэнтар. Сёньня безгустоўная спаруда паціху развальваецца. Страціў сваё стратэгічнае значэньне і некалі недаступны «Блёк», забудаваны, як па сёньняшніх мерках, досыць прымітыўнымі панэлькамі.
На подступах да колішняга ўмацаванага жылога раёну і цяпер можна наткнуцца на кулямётныя доты, якія гарантавалі дыктатару спакой ад непажаданай увагі суайчыньнікаў. З разьвянчаньнем культу большасьць бункераў пазносілі, але некалькі пакінулі на памяць пра цемрашальскія часы — на іх набіваюць руку тутэйшыя графіцісты.
1000 эўра за дэмантаж бэтоннай спаруды
Сьляды кругавой абароны сустракаюцца па ўсёй Альбаніі. Розныя па форме, але аднолькавыя паводле прызначэньня — касьцьмі легчы на шляху агрэсара. Якога — асабліва не ўдакладнялася, у пералік траплялі практычна ўсе, прычым з абодвух бакоў жалезнай заслоны. Паколькі ўтылізацыя нават самага прымітыўнага дота каштуе немалых грошай (ад 1000 эўра ў эквіваленце), то, калі яны не замінаюць гаспадарчай дзейнасьці, выкарчоўваць іх не сьпяшаюцца. А для турыстаў яны, наадварот, разынка ў стылі мілітары.
Некаторыя падземныя лябірынты прыносяць цяпер прыбытак у гарадзкую казну. Так, у Тыране ў сярэдзіне 1970-х вялізную тэрыторыю адвялі пад бункер тагачаснага Міністэрства ўнутраных спраў. Наўскідку нават не западозрыш, што пад зямлёй схавалася капітальнае ўмацаваньне з мудрагелістай сеткай злучэньняў і пераходаў. Сёньня гэта арт-аб’ект «БункАрт-2» (№ 1 — антыядзерная «крэпасьць» на ўскраіне). Значнае месца ў ім займае экспазыцыя памяці ахвяраў камуністычнага рэжыму.
Закопваліся на глыбіню ня толькі ў сталіцы. Абсалютна звыклае відовішча — бэтонны «каўпак» пасярод поля, падобны да плянэтарыя. Гэта перадавыя снайпэрскія пазыцыі. А ў нечым гародзе неахайна прыкрыты ўваход у закінуты «пэнал» — тут зьбіраліся пераседзець небясьпеку вучні бліжэйшай школы. Паўсюль можна наткнуцца на «дзірку» ў падножжы гары, якая будзе мець выхад з адваротнага боку — часьцяком там сотні мэтраў выдзеўбаных пародаў.
Што рабіць зь дзясяткамі тысяч закінутых аб’ектаў — адзінай думкі няма. Хтосьці безапэляцыйна заклікае сьцерці з твару зямлі ганебнае мінулае, апанэнты лічаць, што спаруды трэба пакінуць як напамін нашчадкам. Беларусы, пэўна, прыстасавалі б рознакалібэрныя скляпы, каб захоўваць сэзонныя закаткі (як нямецкія доты часоў Першай сусьветнай). Альбанцам гэта не патрэбна — садавіна ды гародніна і так круглы год сьвежая. Хоць некаторыя камэрсанты і выкарыстоўваюць іх пад танныя склады, фармальна бункеры належаць Міністэрству абароны Альбаніі.
Маніякальнае жаданьне адгарадзіцца ад усяго сьвету непрабівальнымі сьценамі ня вытрымала аднаго — часу...
Беларускі рэжым — малапрыемны, але ўсё ж адносна мяккі, калі параўноўваць з 40-гадовым дыктатам альбанскага правадыра. Ілюзія ўласнай велічы на палітычнай мапе, якая справакавала зьяўленьне тысяч бункераў, — гэта толькі адзін бок мэдаля. На другім баку — поўнае паняволеньне народу, калі сталі нормай фізычнае вынішчэньне апанэнтаў і турэмныя адседкі за ўсякі намёк на неляяльнасьць. Каб быць на віду ў спэцслужбаў, забаранялася выяжджаць нават за межы свайго паселішча.
Змаганьне з дысыдэнтамі было задачай тайнай паліцыі «Сыгурымі» (Drejtoria e Sigurimit të Shtetit). Зь нязгоднымі не цырымоніліся. Квітнелі даносы, паказальныя суды і палітычныя чысткі: распачаўшыся ў канцы 1940-х, яны не спыняліся да сярэдзіны 1980-х. Тых, хто спрабаваў уцячы з альбанскага «раю», чакаў расстрэл — кожны дзясяты з амаль 10 тысяч злоўленых пры спробе перайсьці мяжу быў забіты. Пад «каток» Дырэктарату дзяржаўнай бясьпекі трапіў нават Мэхмэт Шэху — другі чалавек у партыйнай герархіі. Найбліжэйшы паплечнік Энвэра Ходжы, шматгадовы прэм’ер-міністар краіны быў запісаны ў здраднікі і загінуў пры нявысьветленых абставінах. Да гэтага ён асабіста зацьвярджаў расстрэльныя сьпісы.
Агулам за гады праўленьня Ходжы былі забітыя звыш 7 тысяч чалавек, блізу 35 тысяч кінутыя ў турмы, многія памерлі за кратамі. Прыкладна 50 тысяч зазналі інтэрнаваньне і дэпартацыі. У паваенным Крымінальным кодэксе максымальны тэрмін ссылкі ці турэмнага зьняволеньня быў яшчэ большы, чым у СССР, — 30 гадоў.
На працягу 40 гадоў кіраваць краінай Энвэру дапамагала жонка Нэджміе, якая ўзначальвала нацыянальны Інстытут марксізму-ленінізму. Менавіта ёй Ходжа абавязаны вобразам камуніста — змагара за шчасьце нацыі: на падставе «аналітычных дадзеных» інстытуту Альбанія ў 1981 годзе абвясьціла пра поўную перамогу сацыялізму і пачала будаваць камунізм. Не бянтэжыла, што жыць станавілася ўсё горш, тым часам як у спаборніцтвах культаў Ходжа пасунуў самога таварыша Сталіна: заводы, калгасы, унівэрсытэты, караблі, нават горныя вяршыні былі названыя ў гонар лідэра нацыі. Ягоныя помнікі, партрэты і цытаты на ўсе выпадкі жыцьця запаланілі ўсю вольную прастору.
Энвэр Ходжа родам з Гіракастры, месца з глыбокай і захапляльнай гісторыяй. На якім гістарычным этапе сымпатычнага круглатварага камуніста «перамкнула» — загадка нават для мясцовых. Мяркуючы па вялікім доме, дзе цяпер этнаграфічны музэй, сям’я жыла ў дастатку, бацькі мелі сваю справу. Дык якая «чырвоная бацыла» стала прычынай, што колішні вайсковы афіцэр падаўся ў рэвалюцыю?
Хоць ад моманту сьмерці дыктатара прайшло больш за 30 гадоў, сьляды ягонага шпіёнаманства паўсюль — нягледзячы на тое, што альбанцы разьвітваюцца зь мінулым бяз жалю. Закінутыя тунэлі для ўцёкаў партыйнай эліты, бамбасховішчы з бэтоннымі лаўкамі пры сьценах, вялікія і малыя бункеры на плошчах і ўздоўж шашы.
Як кажуць мясцовыя, спатрэбілася нямала часу, каб выслабаніцца з абдымкаў Ходжы, справу якога намагаліся працягнуць ягоныя ідэалягічныя наступнікі. Пра дэмакратызацыю як факт было заяўлена толькі ў другой палове 1990-х, калі больш-менш усталяваўся пераходны пэрыяд з карткамі, нармаванымі пайкамі, татальным дэфіцытам на ўсё.
Сёньня мала хто з настальгіяй згадвае дыктатуру. Хоць і не бязь іх: давялося наслухацца дытырамбаў і Ходжу, і Сталіну, і Пуціну, перапала нават «міратворцу» Лукашэнку. Такое чуваць найперш ад тых, каму нядрэнна было пры партыйнай кармушцы.
На мурах сустракаюцца графіці з заклікам вярнуць жалезны парадак, а ў гарадзкіх парках часьцяком можна стаць сьведкам пікіроўкі старых ідэйных апанэнтаў — голас народу дагэтуль ня можа дараваць намэнклятуры змарнаванага жыцьця цэлых пакаленьняў.
Сацыялістычная партыя, якая лічыць сябе прадаўжальніцай справы Энвэра Ходжы, і сёньня мае шыкоўны будынак у цэнтры Гіракастры, за лічаныя крокі ад ратавальнага тунэля часоў свайго куміра. Мала што раптам...