Зь Ісьляндыяй беларусаў зьвязвае значна больш, чым можна ўявіць на першы погляд.
Падчас падарожжа па Ісьляндыі я намагаўся зразумець, чаму гэтая нацыя лідэр у многіх сусьветных рэйтынгах. Што дае гэтаму маленькаму народу сілу, імпэт і натхненьне? Сакрэт іх посьпеху і задаволенасьці з жыцьця — гэта цэлая філязофія.
Зь Ісьляндыяй беларусаў зьвязвае значна больш, чым можна ўявіць на першы погляд. Бо на першы погляд — нічога. Але хрысьціцелем Полацкага княства быў менавіта ісьляндзец — Торвальд Вандроўнік. Ён хрысьціў першую беларускую дзяржаву ў 986 годзе, за два гады да таго, як гэта зрабіў князь Уладзімер. Афіцыйная гістарыяграфія, якая зацыклілася на славяншчыне, проста ігнаруе гэты факт. Полаччына так моцна ўразіла Торвальда, што ён вырашыў там застацца. У горадзе, дзе нараджалася беларуская дзяржаўнасьць, ісьляндзец пабудаваў кляштар і працягваў сваю місію. Памёр Торвальд каля 1000 году і быў пахаваны ў горадзе на Палаце.
Беларусам ёсьць чаму навучыцца ад ісьляндцаў і праз тысячу гадоў пасьля сьмерці Торвальда.
Сваё
Калі б Торвальд трапіў у Менск зь Ісьляндыі сёньня, то яго б моцна зьдзівіў узровень вэстэрнізацыі беларускай сталіцы. Рэстараны KFC, Macdonalnds, Burger King, дадатак euro- да назваў крамаў, гатэлі замежных фірмаў. Ісьляндыя іншая. Гэта адна зь нямногіх краінаў сьвету (іх усяго сем), дзе няма «макдаку».
Ісьляндцы вельмі баяцца, што глябалізацыя зьменіць іх грамадзтва і што людзі пачнуць бяздумна капіяваць мас-культуру. Яны дбаюць пра некранутасьць сваіх краявідаў і нават абмяжоўваюць праз гэта замежны капітал. Пасьля фінансавага крызысу 2008 году, які паставіў выспу на калені, кітайскі багацей хацеў адкрыць забаўляльны парк на сотнях гектараў у бязьлюднай частцы краіны. Гэта быў час, калі грошы краіне былі вельмі дарэчы, але ўрад адмовіўся ад рэкорднай інвэстыцыі. Усё наадварот, праўда?
Нехта назаве гэта ізаляцыянізмам і будзе мець рацыю. Але ў Ісьляндыі нават ізаляцыянізм лепшы, чым беларуская шматвэктарнасьць. Ісьляндцы не імкнуцца ў Эўразьвяз, але яны падпісалі з ЭЗ усемагчымыя дамовы аб супрацы. Беларусь, якая хваліцца, што яна ў цэнтры Эўропы, ня мае нават базавай дамовы з ЭЗ. Ад эўраінтэграцыі ісьляндцаў, па-сутнасьці, дзеліць толькі адно палітычнае рашэньне, пасьля якога сяброўства ў ЭЗ стане толькі фармальнасьцю. Але пакуль у ісьляндзкіх водах водзіцца поўна рыбы, краіна будзе стрымліваць гэтае рашэньне, каб не дзяліцца з рэштай Эўропы квотамі на лоўлю.
Прывязанасьць да свайго і сёньня гарантуе некранутасьць ісьляндзкай культуры, якая разам зь некранутай прыродай, штогод прыцягвае ў краіну мільёны турыстаў. У нас жа сваё гэта часта тое, чаго многія проста саромеюцца. Але гэты сорам не ад глыбока спазнаньня, а вельмі часта вынік звычайнага невуцтва і няведаньня свайго.
Парлямэнтарызм і дэмакратыя
Толькі ўявіце, што калі Торвальд Вандроўнік прыбыў у Полацк, на ягонай радзіме ўжо ва ўсю, больш за паўстагодзьдзя, працаваў першы ў сусьветнай гісторыі парлямэнт — Альтынг.
Гэтае гістарычнае месца знаходзіцца ў гадзіне язды ад Рэйк’явіка, на паўночным беразе возера Тынгвадлаватн. Сёньня гэта частка нацыянальнага парку Тынгвэдлір.
Дэлегаты розных родаў спатыкаліся пад скалою ў маляўнічай даліне, дзе, дарэчы, разыходзяцца амэрыканская і эўрапейская мацерыковыя пліты. Сустрэчы і дэбаты адбываліся наўпрост пад адкрытым небам. Быў і свой суд, які вырашыў спрэчкі паміж жыхарамі.
Тагачасны ісьляндзкі парлямэнт меў унікальны характар. Ён не прадугледжваў ніякай выканаўчай улады. Людзі прымалі карысныя для ўсіх законы і дамаўляліся іх выконваць. Гэта мусіла ўплываць на пачуцьцё адказнасьці і этыкі ў ісьляндцаў. Мы ганарымся Статутамі ВКЛ, але будзьма шчырымі, што мы пра іх ведаем, апрача таго, што яны былі? Тым часам некаторыя з законаў, прынятых больш за тысячу гадоў таму Альтынгам, дзейнічаюць і сёньня. Пераемнасьць у гісторыі ісьляндзкай дэмакратыі не перарывалася.
Цяжка гэта ўявіць, але Альтынг зьбіраўся ў даліне Тынгвэдлір да 1879 году, яшчэ за тры гады да нараджэньня Коласа і Купалы. Калі беларускія клясыкі нарадзіліся, парлямэнт пераехаў у Рэйк’явік. Але Тынгвэдлір працягваў заставацца для ісьляндцаў адным з галоўных сымбаляў дзяржавы. У 1930 годзе Тынгвэдлір стаў першым нацыянальным паркам на высьпе. І менавіта там 17 чэрвеня 1944 году Ісьляндыя абвясьціла незалежнасьць ад Даніі.
Ісьляндыю часта называюць прамой дэмакратыяй. Краіна дае рады без усенародных зьездаў, рухаў тыпу «Белая Русь», ляяльнай вэртыкалі і «крэпкіх хазяйственьнікаў». Прамой дэмакратыі спрыяюць давер і сучасныя тэхналёгіі. Ісьляндыя не абвяшчала сябе ІТ-краінай, ня ўводзіла адмысловых дэкрэтаў, але выкарыстаньне новых тэхналёгіяў на высьпе ўражвае. Звыш 90% ісьляндцаў маюць профілі на Фэйсбуку. Доступ да хуткага інтэрнэту там звычайная зьява. У леташнім рэйтынгу ААН самых разьвітых інфармацыйных грамадзтваў Ісьляндыя перагнала Паўднёвую Карэю, якая займала першае месца некалькі гадоў запар.
Пасьля крызысу 2008 году два ісьляндзкія праграмісты стварылі адмысловую інтэрнэт-плятформу, каб грамадзянам было прасьцей камунікаваць з палітыкамі. Тагачасны мэр Рэйк’явіку паабяцаў штомесяц абіраць 10 найлепшых ідэяў для гораду з гэтай плятформы і фінансаваць іх. За сем год там было зарэгістравана 20 тысяч чалавек, а 769 іхных ідэяў былі ўхваленыя горадам. Такім жа шляхам абіраліся пытаньні на канстытуцыйны рэфэрэндум у Ісьляндыі пару гадоў таму.
Цяпер па такім жа шляху адбываецца сьвяткаваньне 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці Ісьляндыі. Каб матываваць грамадзян, дзяржава вырашыла раздаць ім амаль 3 мільёны даляраў. Аргкамітэт абвясьціў яшчэ летась конкурс на лепшыя ідэі сьвяткаваньня. У ім маглі прымаць удзел усе, хто хацеў. Людзі даслалі амаль 170 праектаў. Парлямэнт зацьвердзіў сьпіс са 100. Самы экзатычны праект — гэта «Гарачыя дыскусіі» пра незалежнасьць, якія пройдуць у «гарачых джакузі». Людзі ўдзельнічалі ў гэтым конкурсе грантаў цэлымі сельсаветамі, дварамі ў гарадах і школамі. Папулярнасьць конкурсу была настолькі вялікай, што ўлада працягне прыём заявак на новыя праекты з новым бюджэтам.
Калі трэба, ісьляндцы могуць і нагою топнуць. У 2016 годзе стала вядомы, што імя тагачаснага прэм’ера фігуруе ў PanamaPapers. Дзясяткі тысяч чалавек выйшлі на акцыю пратэсту. Не прайшло і 24 гадзінаў, як Сігмундур Гунлаўгсан падаў у адстаўку.
Мова і нацыянальная культура
Ісьляндцы — ультрапатрыёты сваёй мовы. Яны страшэнна клапоцяцца пра яе некранутасьць. Для гэтага на высьпе працуе цэлы інстытут, названы ў гонар калекцыянэра сярэднявечных рукапісаў Арні Магнусана.
Ісьляндзкі школьнік можа без праблемаў прачытаць сагу, напрыклад, пра таго ж «хрысьціцеля Полацка» Торвальда, якой больш за 800 гадоў. Бо мова за гэты час практычна не зьмянілася. Але ў адрозьненьні, напрыклад, ад французаў, якія таксам слынуць са свайго трапяткога стаўленьня да францушчыны, у Ісьляндыі складана знайсьці чалавека, які б не размаўляў па-ангельску ды яшчэ і з выдатным амэрыканскім акцэнтам. Шмат хто ведае дацкую, якая стагодзьдзямі была мовай заваёўнікаў Ісьляндыі. Яна, як і ангельская, абавязковая ў ісьляндзкіх школах.
Мастацкія кнігі ісьляндзкіх аўтараў, ці то трылеры, любоўныя раманы або дзіцячыя творы, вельмі часта пабудаваныя на гістарычным матэрыяле. Іх часта перакладаюць на асноўныя сусьветныя мовы і гэта надзвычайная рэкляма краіны. У Ісьляндыі дзейнічае цэлы інстытут, які клапоціцца пра пераклад кніг сваіх аўтараў на іншыя мовы.
А вось нашае ныцьцё пра беларускіх аўтараў, якія пішуць пра сялян і вёску, у Ісьляндыі наўрад ці зразумелі б. Сюжэты ў ісьляндзкіх клясыкаў разыгрываюцца на хутарах і фэрмах. Атмасфэра ў адным з самых вядомых раманаў нобэлеўскага ляўрэата Лаксэнса «Незалежныя людзі» такая, што нават мележаўскія «Людзі на балоце» ці Адамчыкава «Чужая Бацькаўшчына» будуць выглядаць як супэраптымістычныя кнігі.
Літаратура ў Ісьляндыі — гэта нацыянальны спорт. Прэм’ерка краіны Катрын Ёкабсдотыр — літаратуразнаўца, якая дыплёмную працу прысьвяціла пісьменьніку Арнальдуру Ідрыядсону, бацька якога Індрыдзі Торстэйсан — таксама пісьменьнік. Думаеце, што іхны прэзыдэнт горшы? Гвюдні Ёхаўнэсан напісаў дзьве біяграфіі былых ісьляндзкіх прэзыдэнтаў і перакладаў на сваю мову кнігі Стывэна Кінга. Гэта вам не вершы Быкава і Скарына ў Піцеры.
Ісьляндцы любяць дэманстраваць адданасьць да ўласнай культуры. Яны паўсюль носяць свае ваўняныя швэдры, вешаюць нацыянальныя сьцягі ў вокнах, вельмі любяць падарожнічаць па сваёй краіне. Але як гэта ня дзіўна, усё гэта ніяк не перакладаецца на нецярпімасьць. За апошнія гады яны прынялі некалькі дзясяткаў тысяч працоўных эмігрантаў і ўцекачоў з Блізкага Ўсходу. Шавіністы і ксэнафобы проста ня маюць ніякіх шанцаў у Ісьляндыі.
Блізкасьць з прыродай
У ісьляндцаў гісторыя адносінаў з прыродай няпростая. Выбухі вульканаў, землятрусы. Каб выжыць, яны павінны былі навучыцца з гэтым жыць, прыстасавацца. Жыць побач з вульканамі, ледавікамі, даваць рады вялікім адлегласьцям праз горы, рэкі і азёры ў, пераважна, капрызьлівае надвор’е. Гэта ў ісьляндцаў заняло стагодзьдзі. Сёньня са сваёй прыродай яны выглядаюць вельмі гарманічна. Ісьляндцы навучыліся зь ёй жыць і быць узаемна карыснымі.
Больш за 70 працэнтаў энэргетычных патрэбаў Ісьляндыі задавальняюцца за кошт аднаўляльных крыніц энэргіі, а астатнія — вугалем і нафтаю. Практычна ўся электрычнасьць Ісьляндыі забясьпечана аднаўляльнымі крыніцамі, прычым больш за 80 працэнтаў паступаюць ад гідраэлектрастанцый, а астатнія — ад геатэрмальных.
Калі чарнагорцы нарэсьце пачнуць Трэцюю сусьветную вайну, то Ісьляндыя — гэта тое месца, дзе можна яе ператрываць. Вада з-пад зямлі сагрэе, вецер дасьць энэргію, акіян і зялёныя горы рыбу і авечак. А ці чулі вы, што да нядаўна Ісьляндыя была найбуйнейшым вытворцам бананаў у Эўропе? Можна? Можна!
Некалі вялікая частка Ісьляндыі была пакрытая лясамі. Сёньня гэта ўсяго 1%. Дрэвы на высьпе выразалі вікінгі, каб будаваць лодкі. Але ісьляндцы ўжо каторы год засаджваюць краіну новымі лясамі. Калі чуеш, як супрацоўнік турыстычнай інфармацыі называе лесам невялікую лапінку з 30 дрэвамі, то гэта выклікае ўсьмешку. Але ісьляндцы цалкам сур’ёзна аднаўляюць лясы на высьпе.
Нездарма некалькі гадоў таму па выніках дасьледаваньня Сусьветнага эканамічнага форуму Ісьляндыя была прызнаная самая экалягічнай краінай сьвету. Думаю, што калі б Торвальд пабачыў, як у беларускіх гарадах трактуюць зеляніну, як будуюць дарогі праз некранутыя балоты і выразаюць пушчы, то ён плюнуў бы на ўсё гэта, і вярнуўся б у родную поўночную Ісьляндыю.
Спакой
Усё, што я зараз скажу пра ісьляндцаў, рызыкуе стаць стэрэатыпам. Але на высьпе я не пабачыў ніводнага мясцовага, які б кудысьці сьпяшаўся. Калі аўтобус па краіне прэ, як ненармальны, то будзьце ўпэўненыя, што за стырном паляк ці эмігрант зь іншай усходнеэўрапейскай краіны. Ісьляндцы паводзяць сябе трошкі як падчас мэдытацыі. Размаўляюць яны павольна, ходзяць важна, не заўважаючы часу.
Адна зь гераіняў раману Лакснэса хадзіла па прадукты ў суседняю вёску на некалькі дзён. Пасядзіць на гары, пасьпявае, нагаворыць з эльфамі, і далей ў дарогу. Магчыма вялікія адлегласьці навучылі іх ставіцца да часу спакойна. Гэта выхавала ў іх вытрываласьць і спакой. Гэты спакой уплывае на рэшту. Сёньня ў ісьляндцаў адна з найдаўжэйшых працягласьцяў жыцьця ў Эўропе — за 80 гадоў у жанчын і 72 гады для мужчын. Нават у сталым узросьце яны намагаюцца заставацца фізычна актыўнымі і працягваць працаваць.
Ісьляндцы — багаты народ, але звонку гэтага ня бачна. Па характары яны мінімалісты. Дамы ў іх сьціплыя, мэблі вобмаль, вопратка самая звычайная. Адзінае, што ўражвае, гэта памер аўтамабіляў-пазадарожнікаў. Але як тлумачаць самі жыхары выспы, гэта неабходнасьць, калі ты хочаш бясьпечна праехаць праз складаную тэрыторыю. У параўнаньні з выбарам прадуктаў у беларускіх крамах, паліцы ісьляндзкіх крамах напаўпустыя. Але выглядае, што ісьляндцам усяго стае. Увогуле, наракаць — гэта ня ў іх стылі. Ім хапае быць разам, у сваёй невялікай супольнасьці, са сваімі легендамі, сагамі, экалягічна чыстай ежай, са сваёй некранутай прыродай, і нізкаалькагольнымі напоямі.
На поўдні Ісьляндыі ёсьць славуты чорны пляж, адзін з найпрыгажэйшых у сьвеце. Адна са славутасьцяў гэтай мясьціны — базальтавыя слупы ў скале. Паводле легенды, гэта ісьляндзкія тролі, які ператварыліся ў скалы ад моцнага сонца. Для мяне гэта найлепшы сымбаль Ісьляндыі. Мясцовыя людзі нібыта прырасьлі да сваёй прыроды, ціхенька і ўтульненька сядзяць там, і ня вельмі хочуць вызваляцца з гэтага «палону».
Дзьмітры Гурневіч, «Радыё Свабода»