Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Нямецкi журналiст пра Беларусь: Гэтая краіна валодае магічнымі сіламі!

21.07.2018 общество

Як немец закахаўся у ў нашую краiну.

Калі я ўпершыню паехаў у Беларусь у 1994 годзе, бацькі пазіралі на мяне як на вар’ята. Ім было б больш даспадобы, каб я, як усе нармальныя людзі, скіраваўся на Коста Браву ці Лазурны Бераг. Маіх бацькоў у першую чаргу пужала тое, што яны анічога не чулі пра гэтую дзяржаву — Беларусь ці Вайсруслянд, як кажуць у нас дагэтуль.

Што гэта за край такі? І дзе ён увогуле знаходзіцца? Інтэрнэт тады яшчэ хадзіў у дзіцячых штоніках і выдаваў вобмаль інфармацыі. Кнігі пра Беларусь? Старонка не знойдзена. Артыкулы пра Беларусь? Жадаем поспехаў.

Але мне было даспадобы адчыняць краіну, пра якую ніхто нічагусенькі не ведаў. Я здаваўся сабе Джэймсам Кукам ХХ стагоддзя. Тут я навучыўся піць самагон так, каб не зваліцца пад стол, даведаўся, што тутэйшыя балотныя абшары поўняцца містычнымі істотамі, а таксама навучыўся казаць «я кахаю цябе» па-беларуску: Ja kahaju zjabe.

Беларуская мова — глыбока паэтычная ды казачная. Што выклікае неймавернае здзіўленне, калі ўзгадваеш пра ўсё тое гора, якое выпала на долю гэтага краю.

Цягам стагоддзяў сваёй гісторыі, якая надзяліла беларусаў уласнай дзяржавай толькі пасля скону Савецкага Саюзу, Беларусь неаднаразова была ператвораная ў пустэльню, яе насельніцтва высякалі пад корань і прыгняталі.

За гэтыя гады я зразумеў, як цесна звязаная Беларусь з рэштай Еўропы — праз такія духоўныя плыні, як Адраджэнне, праз Магдэбургскае права, а таксама праз катастрофы ХХ стагоддзя: Халакост, дыктатуру, тэрор. Гэтае месца пасуе для таго, каб спасцігаць еўрапейскія культурныя зрухі. Хто б мог падумаць, што Адам Міцкевіч, слынны польскі паэт, быў таксама і беларусам, што першы прэзідэнт Ізраілю Хаім Вайцман, а таксама Марк Шагал паходзяць з Беларусі.

Адпачынак у Беларусі падобны да вакацыяў у федэральнай зямлі Брандэнбург — хіба што тут яшчэ лепей.

Найцудоўнейшыя азёры, інфраструктура — у больш прыстойным стане, чым прынята лічыць, ландшафт не выглядае прылізаным пад грабеньчык — і акурат гэта сімпатычна. Людзі: вясковыя, але сяброўскія. Іх схільнасць да пафасу з’яўляецца бунтам супраць супярэчнасцяў, з якімі даводзіцца жыць.

Калі самалёт вынырвае з аблокаў ля Мінску і адкрываецца від на мора стромкіх соснаў, я адчуваю, што трапляю ў іншы свет, які даўно зрабіўся часткай майго жыцця. Краіна, якую завуць Беларусь, проста-такі валодае магічнымі сіламі.

Доказ: мой цесць мае дом на беразе Нёмана. Вуліца, на якой стаіць хацінка, называецца Наднёманскай. Там я спраўляў вяселле са сваёй жонкай. Мой дзед, які жыў у Штольбергу ля Аахену, меў дом на вуліцы, якую перад вайной называлі Мемель-штрасэ — Нёманская ў перакладзе. Нёман — гэта беларуская назва Мемеля. Для беларусаў Нёман — бацька. Бадай, для нас, еўрапейцаў, таксама.

Пераклаў Руслан Гаёк, Наша ніва

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]