Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Падайце ўраду на выжыванне!

Падайце ўраду на выжыванне!

За гады існавання СНД адбывалася шмат чаго, але такое...

Улады Кыргызстана прапанавалі грамадзянам скінуцца і агульнымі намаганнямі пагасіць знешні доўг, які дзяржава аплачваць не ў стане.

Дарэчы, кыргызскія пазыкі не такія ўжо і вялікія. Яны складаюць 4,4 мільярда долараў ЗША (да прыкладу, знешні дзяржаўны доўг Беларусі па стане на 1 чэрвеня 2018 года склаў 16,4 мільярда долараў). Але ў Кыргызстане праблема з аплатай дзярждоўгу існуе. Інакш бы на пачатку лета прэм’ер Мухамедкалый Абылгазіеў фактычна не абвясціў дэфолт — публічна прызнаўся, што ў бюджэце няма сродкаў плаціць па знешніх крэдытах, большасць з якіх былі атрыманыя з суседняга Кітаю.

Праўда, афіцыйнай заявы пра дэфолт яшчэ няма. Магчыма таму ў нетрах урадавага апарата паўстаў геніяльны план выратавання сітуацыі. Чыноўнік разлічылі, што на кожнага грамадзяніна прыходзіцца па 800 долараў дзярждоўгу, што, у прынцыпе, не самая завоблачная сума. Асабліва калі ўлічыць, што амаль у кожнай кыргызскай сям’і нехта працуе за мяжой. Толькі з Расіі за першыя 5 месяцаў гэтага года гастарбайтэры даслалі на радзіму амаль мільярд долараў.

Так і нарадзілася незвычайная ідэя: адкрыць спецыяльны банкаўскі рахунак для жадаючых дапамагчы дзяржаве выплаціць знешнія пазыкі. Абслугоўваць крэдыты, што ўзялі за мяжой, збіраюцца за кошт грошай з другога рахунку. Яго плануюць папаўняць сродкамі, канфіскаванымі ў карупцыянераў.

Не абышлося, натуральна, без адпаведнай прапагандысцкай кампаніі. «Кыргызскі народ павінен сабрацца! Ты, я, сваякі павінны аб’яднацца і пагасіць знешні доўг. Не толькі дэпутаты, простыя працоўныя, некаторыя нават пенсію гатовы аддаць», — заклікае грамадзян адзін з праўладных дэпутатаў.

Заклікаюць кыргызаў таксама раўняцца на паўднёвых карэйцаў, якія прыкладна 20 гадоў таму ў падобных умовах аддалі апошнія кроўныя, каб не дапусціць банкруцтва краіны.

Мяркуючы па ўсім, да справы падключылі праўладных патрыётаў. На старонках афіцыёзу тыя пішуць, што ўслед за дэфолтам на адрас Бішкеку абавязкова пойдуць судовыя пазовы крэдытораў. Замежнікі будуць патрабаваць кампенсацыю ў выглядзе самых смачных кавалкаў кыргызскай прыроды, уключаючы курортную перліну краіны — возера Ісык-Куль.

Нягледзячы на інфармацыйную істэрыку, простыя людзі паставіліся да ініцыятывы ўраду вельмі насцярожана. Шмат хто не разумее, чаму не дзяржава павінна клапаціцца пра народ, а народ мусіць дапамагаць дзяржаве. На сайце кыргызскай секцыі «Радыё Свабода» адзін з каментатараў піша: «Чыноўнікі крадуць, а насельніцтва павінна пагашаць доўг дзяржавы і забяспечваць зноў тых жа чыноўнікаў магчымасцю для далейшага крадзяжу? Яны зусім хворыя на галаву?». Быць філантропамі людзі не толькі не жадаюць, але і проста не могуць — праз цяжкі матэрыяльны стан. Па сутнасці, эканоміка Кыргызстана ўсё яшчэ не выйшла на ўзровень, які папярэднічаў крызісу 2014-га. У сярэднім кожны кыргыз цяпер атрымлівае каля 200 долараў ЗША ў эквіваленце.

Нарэшце, ад шырокага жэсту ўтрымлівае і сумны досвед. Раней урад некалькі разоў заклікаў кыргызаў скінуцца на будаўніцтва буйных аб’ектаў інфраструктуры. Напрыклад, у канцы 1990-х гадоў з народа былі сабраныя грошы на будаўніцтва адной з ліній чыгункі. Аднак справа не была даведзена да канца, а справаздачы па сабраных грошах людзі так не дачакаліся.

Праўда, чыноўнікі падобную рэакцыю з боку народных мас прадбачылі. Таму паспяшаліся запэўніць насельніцтва, што кантроль за ахвяраваннямі на выплату пазыкі будзе належны. Прапануецца стварыць назіральную раду, якая будзе складацца з 13 чалавек — у тым ліку прадстаўнікоў няўрадавых грамадзянскіх арганізацый. Сродкі будуць акумуляваныя на асобным рахунку Цэнтральнага казначэйства ў Нацбанку. Мінфін абяцае публікаваць на сваім сайце справаздачу пра іх выкарыстанне адзін раз на квартал.

Але і такія гарантыі асабліва не пераканалі грамадзян. Больш за тое, на кыргызскіх інтэрнэт-форумах тыражуюцца плёткі, што дапамога дзяржаве будзе мець «добраахвотна-прымусовы характар». Такія спекуляцыі больш за ўсё непакояць бюджэтнікаў, частку заробкаў якіх цэнтралізавана могуць накіраваць на згаданы рахунак. Хаця і не занятыя ў дзяржсектары, напэўна, нервуюцца. Праблему даўгоў могуць вырашыць за кошт павышэння падаткаў на бізнес.

Трэба сказаць, што кыргызам нават трошкі пашанцавала. Калі б нешта падобнае мела месца ў суседніх аўтакратычных краінах Сярэдняй Азіі, улады проста праігнаравалі б крытычныя настроі. У Кыргызстане захаваліся рэшткі плюралізму і, як вынік, у апошнія дні «план па раскулачванні» пачалі асцярожна спускаць на тармазах. Так, Улан Прымаў, сябра парламенцкага камітэту па фінансах, удакладніў, што адрасатамі закліку ўраду з’яўляюцца «забяспечаныя кіраўнікі, бізнесмены, неабыякавыя заможныя грамадзяне».

А днямі прэзідэнт краіны Сааранбай Жээнбекаў заклікаў для вырашэння праблемы дзярждоўгу імпартаваць армянскія напрацоўкі. Нагадаем, што армянскі прэм’ер-міністр Нікола Пашынян, які прыйшоў да ўлады на хвалі нядаўняга Майдана, фармуе новыя фонды за кошт вяртання грашовых сродкаў, атрыманых карупцыйнымі шляхамі. З 1 ліпеня ўсе чыноўнікаў Арменіі абавязаныя здаць новыя падатковыя дэкларацыі. Прэзідэнт Кыргызстана таксама лічыць неабходным хутка праверыць даходы і выдаткі ўсіх чыноўнікаў.

Можна меркаваць, што ўлада паступова адмаўляецца ад сваёй экстравагантнай ідэі. Але радавацца кыргызам пакуль рана. Працэс пошуку карупцыйных грошай і вяртання іх у бюджэт, відавочна, патрабуе шмат часу. Між тым кітайскі пасол у Бішкеку катэгарычна заявіў: усе плацяжы павінны быць пагашаныя ў тэрміны, абумоўленыя кантрактамі. Таму не выключана, што хутка кыргызаў зноў папросяць падзяліцца кроўнымі грашыма.

Увогуле, лагічней за ўсё чакаць непапулярных крокаў ад ураду ў верасні, калі ўся краіна будзе сачыць за Трэцімі сусветнымі гульнямі качэўнікаў. Мерапрыемства абяцае быць вельмі маштабным. У гэтым годзе на яго ў якасці ганаровых гасцей запрошаны Анджаліна Джалі, Джэкі Чан, Леанарда Ды Капрыё і іншыя сусветныя зоркі.

Алег Новікаў, «Новы час»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]