З Курапатаў пачалося падзеньне СССР.
Першы масавы мітынг, які разганялі вадамётамі, адбыўся на Дзяды 1988 году ў Менску. Тады ўжо пайшло-паехала па ўсім Саюзе.
Мы ня бачым маштаб падзеяў, удзельнікамі якіх самі былі, бо ён плянэтарны, касьмічны. Тады, у 1988-м з Курапатаў пачалося падзеньне сусьветнага камунізму. Трэба гэта ўсьведамляць і паказваць ім, якія адкрылі ў Курапатах рэстаран. Яны проста не разумеюць велічыні таго, у што ўляпаліся. Займацца прыдарожным бізнэсам на шляхах сусьветнай гісторыі можа быць, мякка кажучы, неабачліва. Тут і мокрае плямы не застанецца.
Яны, вядома, жывуць сёньняшнім днём, ня думаючы пра заўтра, так, быццам гісторыя скончылася. А яна ня скончылася. Варта ўявіць сабе, чым завершыцца праўленьне Лукашэнкі і якім чынам пакіне сваю пасаду Пуцін. Не ўяўляецца, праўда? Бо зноў жа маштаб — плянэтарны. Адно адчуваецца, што ў канцы гэтых пэртурбацыяў — ні міру, ні дабра. Гісторыя, якая выйшла з-пад кантролю, ня ведае катэгорыі гуманнасьці. У яе іншая, свая бязьлітасная лёгіка ківача: туды — сюды.
Варта згадаць, што той бальшавіцкі камунізм, развал якога пачаўся ў Менску, у Менску ж і нарадзіўся. Самі бальшавікі вядуць свой адлік з 1 зьезду РСДРП у дамку пад вербамі на беразе Сьвіслачы. «Я цябе парадзіў, я цябе і заб’ю»…
У Курапатах ківач таксама робіць свае зрухі паводле закону Фуко. Туды — сюды. Першай тут была «перамога» НКВД над невінаватымі людзьмі — туды. Дзяды 1988-га — сюды. Будаўніцтва кальцавой дарогі праз Курапаты — туды. Сёньняшнія рэстаран і вахта пратэсту супраць яго — першыя прыкметы таго, што новае супрацьстаяньне непазьбежнае, і мы ведаем, што два разы запар у адзін бок ківач ня рухаецца. На падыходзе — прыдуманы Лукашэнкам фэйкавы «мэмарыял» і хваля народнага гневу ў адказ. Баронячы Курапаты, беларусы бароняць сваю краіну, культуру і мову. І гэтаксама, як у 1988-м, акажацца, што маштабу гэтае хвалі «ад гэтых беларусаў» «ніхто не чакаў».
25 гадоў рэжым змагаецца з маштабамі. З маштабам асобы найперш — у краіне ня мусіць быць жывых вялікіх — пісьменьнікаў, мастакоў, кампазытараў, каго заўгодна. І БТ напляваць, што яны ёсьць для ўсяго сьвету, толькі не для БТ. Змагаецца рэжым і з маштабам гісторыі і з маштабам мовы і з маштабам адукацыі — ад колькасьці школ да якасьці — «адукацыя не павінна быць элітарнай». Чалавек мусіць усьведамляць сябе мізэрным прыдаткам гэтае ўлады. Але чым глыбей такая атамізацыя, тым мацнейшая энэргія, што так доўга зьбіраецца пад амонаўскім прэсам.
Можна дурыць людзям галаву з адукацыяй і нават з мовай, на якой «ніхто не гаворыць», можна будаваць фальшывыя «лініі Сталіна», але нічога немагчыма зрабіць з маштабам Курапатаў — чвэрцю мільёна «ворагаў народу», па сутнасьці самога гэтага народу, які тут расстралялі ворагі.
«Поедем поедим»?
Сяргей Дубавец, «Радыё Свабода»