Можна набудаваць безліч шыкоўных лядовых палацаў, стадыёнаў, а ў выніку атрымаць — пшык!
У мяне з унукам Францішкам ёсць мілая завядзёнка. Важныя футбольныя спаборніцтвы глядзім па тэлевізары разам. Часта да нас далучаецца і мая жонка. Лепшыя галы ў матчах адзначаем кубкамі загадзя падрыхтаванага халоднага квасу. Гэты сімпатычны рытуал яшчэ маленькім прыдумаў унук.
Нам заўсёды падабаецца непрадказальнасць кожнага чэмпіянату свету па футболу, абавязковае абнаўленне гульні. Гэта радуе, бо ад рэальнага жыцця ў аўтарытарнай Беларусі патыхае эканамічным застоем, прапагандысцкай затхласцю, якія абрыдлі.
Звычайна мы аддаем перавагу не самым вядомым, абсыпаным узнагародамі і званнямі камандам, а тым «навічкам» і «сярэднячкам», якія пераадольваюць страх прад тытулованымі камандамі і выяўляюць стойкі характар, волю да перамогі. На сёлетнім чэмпіянаце нашымі ўлюбёнцамі сталі Харватыя, Бельгія, Швейцарыя, Ісландыя.
Так атрымалася, што сумесныя прагляды футболу давялося перапыніць. Паводле папярэдняга плану ўнук паехаў з групай студэнтаў-археолагаў на раскопкі.
У дзень, перад тым як каманда Харватыі ў паўфінале з неймавернымі намаганнямі, якія знаходзяцца па-за мяжой чалавечых сілаў, вырвала перамогу ў англійскіх футбалістаў, на раскопках была знойдзена цікавая старажытная манета, занесеная ў Беларусь з далёкіх краёў. Пра яе юны гісторык расказваў па тэлефоне ўсхвалявана і захоплена.
Не менш эмацыйна прагучала інтэрв’ю галоўнага трэнера зборнай Харватыі З. Даліча: «Двое гулялі на адной назе, але гэта не заўважалася... У экстра-тайме ніхто не хацеў сыходзіць з поля. Гэта характар. Ніхто не здаўся… Мы — нацыя, якая не здаецца і паказвае характар…
Мы ў верасні будзем гуляць у Лізе нацый, а ў нас няма прыстойнага стадыёна. І пры гэтым мы — у фінале чэмпіянату свету».
Думаю, што шчырая споведзь таленавітага трэнера павучальная для палітычных і спартыўных функцыянераў Расіі і Беларусі. Сапраўды, можна набудаваць безліч шыкоўных лядовых палацаў, стадыёнаў, а ў выніку атрымаць — пшык!
Я не ведаю, што ў майго ўнука выклікала большую радасць: выдатная археалагічная знаходка або бліскучы поспех Харватыі, дзе яму даводзілася быць у час вандровак. Але сутнасць не ў гэтым. Выдатна тое, што Францішак жыве не аднабока, а паўнавартасна, без істэрычнага стварэння нейкіх культаў і куміраў. У яго жыцці гарманічна знаходзіцца месца вучобе ў ліцэі, любімым заняткам і звычайным чалавечым радасцям, у тым ліку і футбольным.
Як гэта ні дзіўна, а дарослым людзям здаровай гармоніі не хапае. Расіяне ў апошні час праваліліся ў стан патрыятычнага псіхозу, хоць перажываць трэба не толькі за футбольную каманду, а болей за недасканалую палітычную і агульную культуру грамадства, за застой у развіцці краіны.
У гісторыі чалавецтва было шмат перыядаў масавага псіхозу, пачынаючы з першабытнага ладу, калі сілы прыроды нагняталі на людзей страх. Савецкі час таксама вызначыўся падобнымі з’явамі, сярод якіх можна ўспомніць грамадзянскую вайну, калектывізацыю і індустрыялізацыю, шпіёнаманію, сталінскія рэпрэсіі (некалькі хваляў), пасляваенны пошук унутраных ворагаў, адміністратыўны ідыятызм.
Знаходжанне грамадства ў стане псіхозу ніколі не прыносіць плёну ў палітыцы, эканоміцы і сацыяльным жыцці. Многія расіяне і беларусы зрабілі з правіцеляў сваіх краін ідалаў і моляцца на іх, але ад гэтага ні вытворчыя паказчыкі, ні народны дабрабыт не растуць.
Найбольш прыкметна выказваюць «бязмежную любоў» да начальнікаў публічныя людзі. Брыдка глядзець, як за салідныя грашовыя падачкі, за ордэны і медалі «аблізваюць» аўтакратаў на фестывалях прадстаўнікі расійскага і мясцовага шоу-бізнесу. Свежы прыклад — іх паводзіны на чарговым «Славянскім базары». Недалёка ад спевакоў, музыкантаў у адбіванні паклонаў стаяць і многія спартсмены.
Чаму дыктатары і аўтакраты яшчэ са старажытнага часу апякаюць спорт, увогуле масавыя відовішчы? Таму што для іх — гэта самы лёгкі шлях да эфектыўнага піяру, атрымання вядомасці. Спартыўныя дасягненні заўжды навідавоку, яны ўзнімаюць прэстыж краіны і яе кіраўніка. Адсюль істэрыя вакол спорту ў Расіі і Беларусі. Па тэлебачанні гучаць такія выказванні каментатараў: «Мы не заняли высокое место, но все равно самые сильные».
Расійская настырнасць зашкальвае. Галоўны трэнер зборнай Францыі Д. Дэшам здзівіўся на прэс-канферэнцыі пасля чвэрцьфіналу пытанню журналіста пра каманду Расіі, бо яна выбыла. Але далікатны француз зрабіў выгляд, што не заўважыў нахабства, прамовіў: «Давайце рухацца далей».
Што тычыцца вызначэння пераможцаў чэмпіянату, то ўсе тытулованыя прадказальнікі памыліліся. Алімпійскі чэмпіён, лепшы футбаліст Літвы А. Нарбекавас у прызавую тройку ўключыў Германію, Іспанію і Партугалію, а яны адразу вылецелі. Затое мы з Францішкам дачакаліся срэбра Харватыі і «Залатога мяча», які атрымаў непераўзыдзены Л. Модрыч!
Маё стаўленне да спорту спакойнае, хоць у юнацтве займаўся лёгкай атлетыкай. Больш таго, з трывогай і шкадаваннем гляджу на тое, як ён страчвае гуманістычны і яднаючы пачатак. Грошы забіваюць здаровы спартыўны дух.
Я неаднойчы пісаў пра тое, што праца ў многіх людзей не менш складаная і цяжкая, чым у спартсменаў. Даводзілася бачыць шахцёраў у штольнях Данбаса, у горных забоях Таджыкістана.
Людзі працуюць ва ўмовах, калі вада не толькі ўнізе, а яшчэ ліецца за каўнер, калі ў любую хвіліну можа здарыцца выбух метану. А якая адказнасць ляжыць на плячах хірургаў, бо ім трэба напоўніцу выяўляць прафесійныя здольнасці, каб захаваць жыццё чалавека! Гэтыя прыклады прыводзяць да думкі, што няварта засыпаць з галавой грашыма спартсменаў і занадта пераацэньваць ролю спорту ў жыцці любога грамадства. Усяму павінна быць як сваё месца, так і разумнае ўзнагароджанне.
Пацвярджэнне сваім публікацыям знайшоў нядаўна ў словах прафесара Маскоўскага інстытута міжнародных зносін В. Салаўя, які аналізуе гульню расійскіх футбалістаў: «Норма — не подвиг… Национальная сборная просто обязана играть на пределе своих сил и возможностей.
А учитывая, сколько наши футболисты за это получают, они должны на поле умирать.
Что-то глубоко неправильно и порочно в отечественном мироустройстве, если честное и профессиональное выполнение своего долга и обязанностей мы приравниваем к подвигу. (Труд миллионов, честно вкалывающих в России, за копейки, подвигом не считается. Хотя это и есть подлинное мужество каждый день.)
А после подвига можно расслабиться и вернуться к привычному. Поэтому не стоит строить иллюзий насчет дальнейшей футбольной судьбы России».
Ажыятаж вакол спартыўнага спаборніцтва, нават самага высокага ўзроўню, такога, як чэмпіянат свету па футболу, здзіўляе. Чаму заўзятары надоўга выпадаюць з рэальнага жыцця, рвуць на грудзях кашулі і майкі, істэрычна плачуць, усчынаюць бойкі? Пакрычалі, паперажывалі і хопіць! Праз чатыры гады адбудзецца чарговы чэмпіянат. На ім усё зменіцца, будуць іншыя фаварыты і аўтсайдэры, запануе новы футбол.
Непараўнана больш ганебным, чым пройгрыш у футбол, мне бачыцца тое, што запалоханыя, задураныя прапагандай расіяне і беларусы як сядзелі пад абцасам у аўтакратаў, так і застануцца. Дзе перажыванні людзей над сваёй нягеглай доляй, дзе змаганне за свабоду і дэмакратычнае жыццё?
Сяргей Законнікаў, sn-plus.com