А новы міністар павінен выбачыцца за свайго папярэдніка.
«Прычынай здарэньня быў чалавечы фактар», — кажа пра забойства дзьвюх жанчын Ігар Шуневіч. Але асноўнае — гэта, аказваецца, не жаданьне забойцы забіць, а паводзіны ягоных ахвяраў. І выказвае такую пазыцыю ня нейкі малаадукаваны маргінал, а кіраўнік Міністэрства ўнутраных справаў.
Гэтае міністэрства разам зь іншымі «зацікаўленымі бакамі» нядаўна нарэшце прадставіла канцэпцыю закону супраць хатняга гвалту. Для супрацоўнікаў і супрацоўніц міліцыі праводзяцца адпаведныя трэнінгі, але кіраўнік МУС дагэтуль не разумее базавай рэчы — у злачынстве вінаваты толькі злачынца.
Шуневіч кажа: «Ёсьць такая навука віктымалёгія — аб паводзінах ахвяры. Вось у гэтай частцы якраз і асноўныя моманты злачынства».
То бок асноўныя моманты — гэта нібыта тое, што дзьве дзяўчыны паехалі на таксоўцы разам са сваім новым знаёмым да яго ў кватэру, а ня тое, што ім там давялося хавацца ад яго ў ванным пакоі і тэлефанаваць у міліцыю, просячы дапамогі. Зрэшты, ні сховішча, ні міліцыя іх ня выратавалі ад сьмерці.
Пасьля такіх злачынстваў «шырокая грамадзкасьць» звычайна ва ўсіх падрабязнасьцях абмяркоўвае ахвяраў: які ў іх быў лад жыцьця, ва што яны былі апранутыя, з кім сябравалі, дзе адпачывалі, куды, з кім і навошта паехалі. Забойцу абмяркоўваюць значна меней — зь ім нібыта «і так усё зразумела».
Гэта так званы абывацельскі падыход, які недапушчальны ў прынцыпе. Аднак калі яго дэманструе афіцыйная асоба, якая кіруе Міністэрствам унутраных спраў — гэта проста па-за любымі межамі прыстойнасьці і адэкватнасьці.
Калі неаднаразова судзімы мужчына забівае дзьвюх жанчын, гэта значыць як мінімум тое, што турма яго не выправіла. Гэта значыць, што сыстэма працуе кепска, і што яе трэба паляпшаць. І калі некаму падаецца, што чарговае навучаньне жанчын «быць асьцярожнымі» — гэта добрая ідэя, дык гэтыя людзі памыляюцца.
Мы чуем гэтае «будзь асьцярожнай» з раньняга дзяцінства: не выходзь на вуліцу позна ўвечары, не сядай у ліфт зь незнаёмымі, не падавай хлопцам знакаў (мы павінны ведаць, хто і што можа ўспрыняць у якасьці нейкіх асаблівых знакаў), не апранайся надта адкрыта, не карыстайся надта яркім макіяжам. Пералічваць забароны і перасьцярогі, у якіх мы расьцем, можна вельмі доўга. Іх настолькі шмат, што ў любой жыцьцёвай сытуацыі можна падабраць парачку тых, што мы парушылі. Гэта вельмі зручна: раз мы штосьці парушылі, дык мы самі і вінаватыя.
У адваротны бок гэта чамусьці не працуе. У сытуацыі, калі мужчына парушыў крымінальны кодэкс, а жанчына — няпісаныя правілы бясьпекі, вінаваціць перш за ўсё будуць яе. Часам з падачы высокага чыноўніка.
Што мусіць цяпер зрабіць Ігар Шуневіч? Падаць у адстаўку. А новы міністар павінен выбачыцца за свайго папярэдніка і даць адэкватную ацэнку таму, што адбылося.
Наста Захарэвіч, «Радыё Свабода»