Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Як у Беларусі ў афіцыйна святкавалі сапраўдны Дзень Незалежнасці

27.07.2018 общество
Як у Беларусі ў афіцыйна святкавалі сапраўдны Дзень Незалежнасці

У Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь захавалася цікавая справа.

Гэта — план урачыста-арганізацыйных мерапрыемстваў па святкаванні 27 ліпеня — дня абвяшчэння дзяржаўнага суверэнітэту нашай краіны — у 1992 годзе, піша «Новы Час».

Як вядома, у гэты дзень у 1990 годзе Вярхоўны Савет 12 склікання зацвердзіў адпаведную Дэкларацыю. Але толькі са знікненнем СССР было магчыма казаць пра паўнавартасную незалежнасць. Беларусь упершыню мусіла адзначыць свята ў якасці самастойнай дзяржавы. І гэта было цалкам мэтазгодна. Нягледзячы на ўнутрыпалітычныя і эканамічныя цяжкасці рэспубліка ўпэўнена крочыла на замежным накірунку. Напярэдадні Дня Незалежнасці Беларусь прызналі 56 краінаў свету. Актыўна адчынялі свае дзверы замежныя пасольствы, Мінск наведвалі аўтарытэтныя еўрапейскія лідары. Так, у ліпені 1992 года ў Беларусь завітаў румынскі герой рэвалюцыі 1989 года Іон Іліеску.

План такі

Падрыхтоўка да свята пачалася за 20 дзён. 7 ліпеня 1992 года старшыня Вярхоўнага Савета Станіслаў Шушкевіч падпісаў распараджэнне (№210-136), паводле якога павінен быў быць падрыхтаваны адпаведны план. Ужо 9 ліпеня 1992 года начальнік упраўлення па справах сацыяльна-культурнага комплексу кіраўніцтва справамі Савета Міністраў Пётр Кішкурна і загадчык аддзела арганізацыйна-савецкай работы і мясцовага самакіравання кіраўніцтва справамі Савета Міністраў Анатоль Шчарбакоў склалі на імя старшыні Савета Міністраў Вячаслава Кебіча дакладную запіску №12/138.

Паводле запіскі, напярэдадні свята (23 альбо 24 ліпеня) у будынку Белдзяржфілармоніі планавалася правесці ўрачыстае паседжанне з удзелам кіраўнікоў краіны, прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі, працоўных калектываў, моладзі і інш.

27 ліпеня да помнікаў і абеліскаў, Кургана Славы планавалася ўскласці кветкі, вянкі, гірлянды, правесці ганаровую вахту памяці. За тры-чатыры дні да свята мусілі быць вывешаны дзяржаўныя сцягі і транспаранты.

На ўсіх пляцоўках планавалася арганізаваць выступы народных дэпутатаў, творчай інтэлігенцыі. Напярэдадні і ў дзень свята ў гарадах і вёсках павінны былі прайсці святочныя вечары, сходы, народныя гулянні, «маніфестацыі грамадзян».

За кожным ведамствам замацоўваўся адказны ўчастак працы. Так, міністэрства інфармацыі (Анатоль Бутэвіч) павінна было забяспечыць прамую трансляцыю ўрачыстасцяў. Шэф КДБ Эдуард Шыркоўскі, міністр унутраных спраў Уладзімір Ягораў і міністр аховы здароўя Васіль Казакоў адказвалі за грамадскую бяспеку, супрацьпажарную бяспеку і медыцынскае абслугоўванне, а міністр гандлю Валянцін Байдак — за арганізацыю гандлёвых кропак і святочных кірмашоў.

За падрыхтоўку Мінска да свята адказваў старшыня гарвыканкома Аляксандр Герасіменка.

У Мінску і ў абласных цэнтрах быў запланаваны святочны салют. Аднак у мэтах эканоміі сродкаў абмежаваліся феерверкам у сталіцы і ў Брэсцкай крэпасці. Адпаведны загад (№73) 17 ліпеня 1992 года падпісаў міністр абароны Павел Казлоўскі.

Што адбывалася на вуліцах? Сведчыць …Карлюкевіч!

Само святкаванне пачалося ўжо 26 ліпеня, калі на стадыёне вайсковага гарадка «Уручча» былі арганізаваны ваенныя і спартыўныя спаборніцтвы, у тым ліку і з удзелам верталётчыкаў і парашутыстаў. Непасрэдным сведкам таго стаў сённяшні міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч — на той час капітан і карэспандэнт вайсковай газеты «Во славу Родины». Карлюкевіч настолькі быў у захапленні ад свята ва Уруччы, што неўзабаве прысвяціў гэтай падзеі цэлую калонку пад назвай «Незалежнасць у святочным убранні»: «Мастацкая праграма свята была напоўнена сапраўдным беларускім каларытам, фарбамі духоўнасці і братэрскай еднасці народаў, якім выпала разам жыць на Беларусі».

У калоне 27 ліпеня 1992 года (злева направа): першы намеснік старшыні Вярхоўнага Савета Вячаслаў Кузняцоў (ў цёмных акулярах), старшыня камісіі Вярхоўнага Савета па нацыянальнай бяспецы, абароне і барацьбе са злачыннасцю Мечыслаў Грыб, намеснік старшыні Вярхоўнага Савета Васіль Шаладонаў і старшыня Вярхоўнага Савета Станіслаў Шушкевіч. Крыніца: «Советская Белоруссия», ліпень 1992 года.

Асноўным месцам ускладання кветак і вянкоў стаў абеліск на сталічнай пл. Перамогі. Працэдура распачалася дакладна 27 ліпеня ў 9:30, калі загучалі песні, прысвечаныя Беларусі. Затым на працягу 9:55-10:00 адбывалася пастраенне ўскладальнікаў.

З боку праспекта Францыска Скарыны да абеліску ішлі прадстаўнікі Вярхоўнага Савета і Савета Міністраў, Рэспубліканскага Савета арганізацыі ветэранаў, міністэрства абароны, Мінскага гарадскога Савета народных дэпутатаў, Мінскага абласнога Савета народных дэпутатаў, епархіі, прафсаюзаў; з вуліцы Захарава — прадстаўнікі Заводскага, Ленінскага і Партызанскага раёнаў; з вуліцы Кісялёва — прадстаўнікі Маскоўскага, Кастрычніцкага і Фрунзенскага раёнаў; з боку пл. Якуба Коласа — прадстаўнікі Першамайскага, Савецкага, і Цэнтральнага раёнаў.

У 10:00–10:10 пад аркестр міністэрства абароны адбылося ўскладанне. Далей (10:10–10:11) — хвіліна маўчання, а таксама Дзяржаўны гімн і вайсковы рытуал ганаровай варты (10:11–10:15)

Вянкі і кветкі таксама былі ўскладзены на Кургане Славы і ў Курапатах.

Заўсёды існуе альтэрнатыва

Уласнае шэсце і мітынг ля сталічнага помніка Янку Купалу арганізавала апазіцыя, у прыватнасці, БНФ і іншыя партыі і рухі. Там луналі такія лозунгі: «Рэферэндум — святло ў канцы тунэля» (маецца на ўвазе рэферэндум па датэрміновым роспуску Вярхоўнага Савета, ініцыяваны БНФ), «Беларускаму войску — беларускіх генералаў і афіцэраў», «Нарабаваныя Масквой і Варшавай нацыянальныя скарбы — на Беларусь».

Яўген Лугін крычаў: «Далоў чырвоных памешчыкаў!» (24 красавіка 1992 года дэпутат Лукашэнка назваў сябе менавіта так).

Што адбылося ў філармоніі? Сцэнар ад Маслюка

Мерапрыемствы ў філармоніі былі распрацаваны вядомым рэжысёрам і лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Валерыем Маслюком. На франтоне будынку філармоніі быў размешчаны надпіс: «27 ліпеня — Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь» і Дзяржаўны герб «Пагоня». У фае філармоніі арганізатары зладзілі выстаўку карцін (Еўфрасіння Полацкая, Мікола Гусоўскі, Францыск Скарына і Кастусь Каліноўскі).

У 17 гадзін перад гледачамі адчынілася заслона і ў сцэнавай прасторы можна было ўбачыць саламянае сонца з гербамі абласных гарадоў (Мінск – у цэнтры). З дынаміку паліліся словы Уладзіміра Караткевіча: «Над усёй нашай краінай буслы. Іх многія і многія тысячы: хто лічыў? Зямлю нашу Беларусь можна назваць краінай пад белымі крыламі».

Урачысты вечар вялі Зінаіда Бандарэнка і Уладзімір Шаліхін.

Вядучая: «Зямля пад белымі крыламі…»

Вядучы: «Беларусь».

Вядучая: «Сёння ў цябе, Радзіма, вялікае свята — Дзень Незалежнасці».

Вядучы: «Пакутлівым, балючым шляхам мы ішлі да гэтага дня: праз гора, рабства, галоту і прымусы».

Затым выступіў Станіслаў Шушкевіч, а пасля — Дзяржаўны хор імя Цітовіча («Журавы на Палессе ляцяць») і фальклорна-харэаграфічны ансамбль «Харошкі».

Пасля выступіў украінскі пасол (Украіна — першая краіна, якая адкрыла пасольства ў Беларусі) Уладзімір Жаліба, які казаў казаў пра каштоўнасць незалежнасці і агульную бяду беларускага і ўкраінскага народаў — Чарнобыль.

Перад гледачамі таксама выступілі Іаганас Рэгенбрэхт, першы сакратар пасольства ФРГ, Леанід Сушчэня, прэзідэнт Акадэміі Навук і легендарная Стэфанія Станюта.

Гледачоў парадавалі фальклорны ансамбль «Свята», ансамбль «Крупіцкія музыкі», Дзяржаўны хор народных інструментаў. Шквал апладысментаў сарваў выступ маленькіх: удзельнікі гістарычна-бытавога ансамбля танца Рэспубліканскага цэнтра эстэтычнага выхавання дзяцей выканалі знакаміты менуэт.

На заканчэнне ў выканні Анатоля Ярмоленкі прагучала песня на словы Ніла Гілевіча «Шлях да Беларусі».

Хто прысутнічаў у філармоніі? Канешне, гэта былі высокія госці. Кіраўнікі краіны і 94 народных дэпутата (будучы прэзідэнт Лукашэнка адсутнічаў), кіраўнікі абласнога і раённага ўзроўню, дыпламатычныя прадстаўнікі (Балгарыя, ФРГ, Індыя, Італія, Кітай, Польшча, Румынія, ЗША, Турцыя, Францыя, Украіна; цікава, што Расія адсутнічала). Прысутнічаў і былы старшыня Вярхоўнага Савета Мікалай Дземянцей, які быў пазначаны як … пенсіянер! Гэта было не зусім справядліва, бо Мікалай Іванавіч на той час афіцыйна ўзначальваў парламенцкую Канстытуцыйную камісію, якая рыхтавала праект галоўнага дакумента краіны.

Прысутнічалі пісьменнікі, паэты, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі: Максім Танк, Адам Мальдзіс, Вольга Іпатава, Пімен Панчанка, Васіль Быкаў, Генадзь Бураўкін, Аляксандр Бяляцкі, Аляксандр Кішчанка (аўтар знакамітага габелену з выявай Лукашэнкі), Міхаіл Савіцкі, Барыс Святлоў (нядаўні міністр культуры).

Былі прадстаўнікі і рэлігійных канфесій: Уладзіслаў Завальнюк, настаяцель Чырвонага касцёла, баптысты, евангелісты, адвентысты сёмага дня, іудзеі, мусульмане.

Прысутнічалі лідары палітычных партый і рухаў: Анатоль Астапенка (Нацыянальна-дэмакратычная партыя Беларусі), Вінцук Вячорка (БНФ), Аляксандр Дабравольскі (Аб’яднаная дэмакратычная партыя Беларусі), Анатоль Лашкевіч (Партыя камуністаў Беларусі), Сямён Шарэцкі (Аб’яднаная аграрна-дэмакратычная партыя), Леанід Школьнікаў (Рух за дэмакратыю, сацыяльны прагрэс і справядлівасць), Яўген Лугін (Беларуская сялянская партыя).

Прафсаюзы прадстаўлялі Генадзь Быкаў (Свабодны прафсаюз Беларусі), Уладзімір Ганчарык (Савет Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі), Сяргей Пякарскі (прафсаюз авіядыспетчараў), Іван Юргевіч (незалежны прафсаюз гарнякоў; 17 сакавіка 1992 года парламенцкая большасць адмовілася даць яму слова ў Вярхоўным Савеце).

Былі прадстаўлены і нацыянальна-культурныя аб’яднанні палякаў, татараў, немцаў, яўрэяў, азербайджанцаў. Ад імя «рускага свету» выступаў Мікалай Сяргееў — будучы кіраўнік Славянскага Сабора «Белая Русь».

Узброеныя Сілы прадстаўлялі Казлоўскі, ягоны першы намеснік Анатоль Кастэнка, начальнік Генштаба Мікалай Чуркін, галоўны пагранічнік Яўген Бачароў. Акадэмію Навук — Радзім Гарэцкі, Міхаіл Касцюк, Георгій Штыхаў і інш.

Прысутнічалі пасланцы моладзі і дзетак: Аляксандр Фядута — першы сакратар Саюза моладзі Беларусі, Ігар Касцевіч — Беларуская асацыяцыя скаўтаў, Уладзімір Ліпскі — прэзідэнт Беларускага дзіцячага фонда і інш.

Не абышлося і без ганаровых грамадзянаў Мінска: кампазітар Уладзімір Алоўнікаў, адна з забойцаў Вільгельма Кубэ Марыя Осіпава, легендарны спартсмен Аляксандр Мядзведзь, які запальваў алімпійскі агонь у Мінску падчас футбольнага турніру ў ліпені 1980 года ў рамках савецкай XXII-й Алімпіяды.

Дзяржаўныя мужы і прэса

Старшыня Савета Міністраў Вячаслаў Кебіч фактычна самаўхіліўся ад публічнага святкавання, так што парадам кіраваў Шушкевіч. Старшыня Вярхоўнага Савета даваў інтэрв’ю, выказваў сваю думку аб перспектывах Беларусі. Найбольш рэзананснай стала «прамая лінія» Шушкевіча з чытачамі «Звязды», надрукаваная 25 ліпеня 1992 года. Задаваліся самыя розныя пытання: цэны, пенсіі, расійскае войска ў Беларусі, праблема мовы і г.д.

Канстанцін Дамарад, старшыня Савета партызанскага руху Мінскай вобласці лічыў, што трэба вынесці пытанне аб адмене пастановы Вярхоўнага Савета ад 25 жніўня 1991 года аб часовым прыпыненні дзейнасці КПСС-КПБ на Беларусі. Шушкевіч адказаў адмоўна, аднак, як вядома, камуністам удалося давесці справу да канца.

Чырвоныя рэаніматары

З усіх СМІ найбольш удала і крэатыўна Дзень Незалежасці (у нумары за 25 ліпеня) падало выданне міністэрства абароны «Во славу Родины». Так, на першай старонцы яно размясціла інтэрв’ю з вядомым юрыстам Язэпам Юхо (гутарыў Карлюкевіч). Паважаны вучоны заявіў, што мы дрэнна ведаем сваю гісторыю і распавёў цікавыя звесткі з гісторыі славутага Вялікага княства Літоўскага.

Газета таксама распачала рубрыку «Беларусь: архівы часу». Першым у гэтай рубрыцы стаў старажытны вольны Полацк.

Вельмі цікавай (канешне, на узроўні таго часу) апынулася рубрыка «Аномалия», цалкам прысвечаная Беларусі. Гаворка там ішла пра беларускія пушчы і запаведнікі, пра тое, як на Беларусь падалі метэарыты і аб тым, што беларуская зямля не такая бедная: айчынныя геолагі могуць здабываць 10 тыс. тон бурштыну на год і істотна папоўніць залаты запас краіны.

«Сильные мира сего»

Шэраг кіраўнікоў іншых краін даслалі свае прывітанні Беларусі. Барыс Ельцын, напрыклад, пажадаў сяброўскаму беларускаму народу поспехаў ня нялёгкім шляху рэформ. Дабрабыту і працвітання Беларусі пажадалі лідары Кітая (Ян Шанкунь), Украіны (Леанід Краўчук), Арменіі (Лявон Тэр-Петрасян), Малдовы (Мірча Снегур; у ліпені 1992 года прэс-служба Вярхоўнага Савета асудзіла плёткі наконт таго, што беларуская армія будзе ўведзена ў Прыднястроўе) і інш.

«Чтоб не горел наш дом…». Евангелле ад Якубовіча

Падрыхтоўка да Дня Незалежнасці і ягонае святкаванне праходзіла ва ўмовах, калі Беларусь ахапілі пажары (гарэла тэрыторыя каля 5 тыс. га лясоў, тарфянікаў і сенажацяў). 22 ліпеня Савет Міністраў нават звярнуўся да насельніцтва з адмысловым зваротам, у якім грамадзяне заклікаліся да пільнага абыходжання з агнём: «Сёння дастаткова невялікай іскрынкі, кінутага незатушанага недакурка, каб здарылася непапраўнае».

Былы кіраўнік урада Вячаслаў Кебіч у сваіх мемуарах «Искушение властью» ўзгадвае цэлыя згарэлыя вёскі.

Некаторыя журналісты надалі пажарам палітычны падтэкст. Адзін іх — былы шматгадовы галоўны рэдактар прэзідэнцкай «Советской Белоруссии» Павел Якубовіч, які тады працаваў у «Народнай газеце». У адным з нумароў гэтага выдання Вярхоўнага Савета напярэдадні Дня Незалежнасці-92 Павел Ізотавіч адзначыўся опусам пад назвай «Лесные пожары как зеркало нашей жизни», дзе паставіў такое пытанне: ці можна Беларусь назваць сапраўды незалежнай краінай, калі яна не ў стане патушыць пажары. Якубовіч абрынуўся на дзяржаўныя сімвалы, кажучы, што яны нібыта не спрыяюць кансалідацыі грамадства. Выказаўся ён і наконт будучага гімна, выступіў супраць «Магутнага Божа» Наталлі Арсенневаў: маўляў, пакуль ў Хатыні стаіць помнік Камінскаму, а ў Жодзіне — Купрыянавай, «гимн на слова Арсеньевой вряд ли будет органичным и святым для всех».

Праблема з сімволікай і «палітычная алергія» Алега Трусава

Гэта сапраўды было так. Рэспубліканскія і асабліва мясцовыя ўлады часта парушалі адпаведнае заканадаўства: падчас урачыстых мерапрыемстваў вывешвалі чырвоныя сцягі і чамусьці «забываліся» пра бел-чырвона-белыя. Выправіць сітуацыю павінна была створаная ў чэрвені 1992 года камісія па забеспячэнні адзінай палітыкі выкарыстання дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь пры Прэзідыуме Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь. Яе ўзначаліў народны дэпутат Алег Трусаў, які звярнуў увагу на тое, што 1 і 9 мая 1992 года на будынку Мінскага трактарнага завода быў вывешаны толькі чырвоны сцяг. Трусаў адправіў запыт у пракуратуру, ў якім папярэджваў, каб такая сітуацыя не паўтарылася 27 ліпеня. Такі запыт камуністычная газета «Мы и время» расцаніла як «политический донос» і назвала яго «политической аллергией».

Страты, страты…

Дэпутацкі запыт Алега Трусава наконт таго, чаму на будынку МТЗ 1 і 9 мая 1992 года быў вывешаны чырвоны, а не дзяржаўны бел-чырвона-белы сцяг. Крыніца: «Мы и время», июль 1992 года.

Дэпутацкі запыт Алега Трусава наконт таго, чаму на будынку МТЗ 1 і 9 мая 1992 года быў вывешаны чырвоны, а не дзяржаўны бел-чырвона-белы сцяг. Крыніца: «Мы и время», июль 1992 года.

14 ліпеня 1992 года памёр вядомы літаратар Аляксей Карпюк, а 22 ліпеня пайшоў з жыцця акцёр Здіслаў Стома. 25 ліпеня скончыў зямны шлях народны дэпутат Беларусі, дырэктар легендарнага БЕЛАЗа Дзмітрый Сыракваш.

«Первым делом, первым делом самолёты…» і верталёты

Напярэдадні і ў час Дня Незалежнасці здарыліся гісторыі з самалётам і верталётам. Адна трагічная: 24 ліпеня над Гомелем загарэўся самалёт ТУ-22. Лётчыкі змаглі павярнуць машыну ад Новабеліцкага раёна Гомеля. Аднак інструктар, 39-гадовы падпалкоўнік Віктар Оськін не змог катапульціравацца (астатнія два члены экіпажа катапульціраваліся на мінімальнай вышыні). У гэтым сэнсе герой Беларусі Уладзімр Карват быў не першым у гісторыі незалежнай Беларусі, хто цаной уласнага жыцця выратаваў іншых.

Другая гісторыя — больш камічная, але паўтараецца ў выглядзе фарсу. Чытачы, напэўна, памятаюць гісторыю са шведскім самалётам 4 ліпеня 2014 года і плюшавым дэсантам. Амаль такая ж сітуацыя, але без дэсанту, адбылася 27 ліпеня 1992 года: у 16 гадзін 11 хвілін у мінскім аэрапорту прызямліўся прыватны верталёт з прадстаўнікамі польскай фірмы «Алсі», якая займалася вытворчасцю газавага абсталявання. Сустрэча была запланавана «Белгазтэхнікай», але палякі незаконна перасеклі мяжу ў раёне населенага пункта Сувалкі (Літва). Палякі ляцелі з Беластоку і павінны былі зрабіць прамежкавую пасадку ў Вільнюсе. Аднак часу не хапала, таму яны і пайшлі на парушэнне.

Малюнак да Дня Незалежнасці ад камуністычнай газеты. «Поджигатели войны» Ельцын, Краўчук, Шушкевіч. Крыніца: «Мы и время», июль 1992 года.

Малюнак да Дня Незалежнасці ад камуністычнай газеты. «Поджигатели войны» Ельцын, Краўчук, Шушкевіч. Крыніца: «Мы и время», июль 1992 года.

У беларускіх СМІ з’явіліся непрыемныя пытанні: ці ёсць у суверэннай Беларусі дзяржаўныя межы, як і кім яны ахоўваюцца.

Гэтую рэзанансную справу на кантроль узяў КДБ.

Як у правінцыі? У Брэсце «дзядзька Ленін упаў на калені»

Рэгіёны адзначылі Дзень Незалежнасці амаль па адзінай схеме: ускладанне кветак да помнікаў і абеліскаў і народныя гулянні.

Мелі месца прыклады пэўнага крэатыву. У Ашмянах адбыліся спаборніцтвы па картынгу. Шклоўская цэнтральная бібліятэка арганізавала газетна-часопісную выставу з трох раздзелаў: «Мінулае, далёкае і блізкае», «Сілуэты продкаў», «Дзень сённяшні».

Дзяржаўнае выданне «Кобрынскі веснік» на першай старонцы нумара, прысвечанага Дню Незалежнасці, размясціла словы са знакамітага «Ваяцкага марша»: «Няхай жыве магутны, смелы, наш беларускi вольны дух», а таксама вытрымкі з Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце.

Маладыя воіны Кобрынскага ваеннага гарнізона 27 ліпеня 1992 года. Ці вярнуцца тыя часы, калі нашы хлопцы будуць прысягаць краіне пад бел-чырвона-белым сцягам? Крыніца: Кобрынскі веснік, ліпень 1992 года.

Маладыя воіны Кобрынскага ваеннага гарнізона 27 ліпеня 1992 года. Ці вярнуцца тыя часы, калі нашы хлопцы будуць прысягаць краіне пад бел-чырвона-белым сцягам? Крыніца: Кобрынскі веснік, ліпень 1992 года.

Вясёлая гісторыя адбылася ў Брэсце. Вечарам 27 ліпеня 1992 года на мясцовай плошчы Леніна выступаў шэраг спевакоў, у тым ліку і малады выканаўца з Лунінецкага раёна Валерый Пазнякевіч. Хлопчык сам сачыніў цудоўныя словы:

Няхай дзень ахінае плечы

І хінецца да зорак вечнасць.

Беларусі матыў спрадвечны —

Незалежнасць, незалежнасць!

Аднак калі хлопчык заспяваў пра тое, што «дзядзька Ленін упаў на калені», на плошчы пачаўся нечаканы вэрхал. «Верныя ленінцы» пажадалі высветліць адносіны, але сітуацыю ўдалося нармалізаваць.

P.S. Той Дзень Незалежнасці нельга параўноўваць з сённяшнім 3 ліпеня: маштаб і грошы зусім іншыя. Але якая радасць святкаваць апошні пад металашукальнікамі і пад дуламі аўтаматаў?

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]