Адкуль такая матывацыя?
«Купіў падручнік у Менску і як толькі вярнуўся ў Нямеччыну, пачаў вучыць мову», – распавядае герой новага выдання праграмы «Welcome ў Беларусь» на телеканале «Белсат».
Адкуль такая матывацыя? «Гэта вынік маёй цікавасці да Беларусі, дзе я апынуўся выпадкова», – тлумачыць Бэньямін Гаўзнэр. Пасля заканчэння школы ў 2013-м ён не хацеў адразу паступаць ва ўніверсітэт, каб папрацаваць валанцёрам у іншай краіне. Знайшоў такую магчымасць у Беларусі і падумаў, што гэта будзе цікавы вопыт, таму што гэта – «невядомая краіна», якая знаходзіцца зусім недалёка ад Нямеччыны.
Бэн валанцёрыў 10 месяцаў.
«Гэта быў цудоўны час, і краіна мяне вельмі ўразіла. Упершыню я пачуў беларускую мову (калі не ў метро) на культурным імпрэзе ў Менску. Тады я нічога не разумеў, таму што вучыў толькі расейскую», – узгадвае Бэн.
Два гады таму ён зноў наведаў Беларусь, тады і вырашыў вывучыць мову, каб лепш разумець краіну: «Купіў падручнік у Менску і, як толькі прыехаў дадому, пачаў».
Бэн вучыўся ў Польшчы і Літве, а цяпер вывучае сацыялінгвістыку ў Нямеччыне. У свае 23 ён ужо валодае 8-мю мовамі, у тым ліку літоўскаю, польскаю ды расейскую. Ён цікавіцца сувяззю гэтых моваў, а таксама тапонімамі нашага рэгіёну. «У беларускай мове ёсць значны ўплыў іншых моў, што бачна і ў тапонімах. Шмат якія беларускія тапонімы маюць, напрыклад, балтыйскае паходжанне, такія як Жодзішкі або Ашмяны. Да таго ж, мне проста падабаецца, як тапонімы гучаць. Напрыклад Шышчыцы, Іўе», – тлумачыць ён.
«Ці ведаеш, што беларусаў называюць славянскімі немцамі?» – пытаю. «Не, але я насамрэч сам часам так гавару. Я быў у суседніх з Беларуссю краінах і лічу, што беларусы спакайнейшыя і скрамнейшыя, чым, напрыклад, украінцы ці расейцы. Такія рысы характару асацыююць звычайна і з немцамі. Парадак і добрая інфраструктура ў Беларусі напамінаюць мне таксама пра маю радзіму».
Гэтым летам Бэн зноў прыехаў у Беларусь, каб рамантаваць школу на Меншчыне. Навошта? Глядзіце ў чарговай серыі «Welcome ў Беларусь» (відэа вышэй).