Усе ўзнагароды — з беларускамоўнымі надпісамі і нацыянальнай сімволікай.
У Гомелі прайшлі фінальныя гульні аматарскіх футбольных каманд на кубак антыалкагольнай ініцыятывы «Хопіць піць – трэба жыць», перадае racyja.com.
Сёлета турнір быў прысвечаны таксама 100-годдзю Беларускай Народнай Рэспублікі.
Усе ўзнагароды (кубкі і медалі) — з беларускамоўнымі надпісамі і нацыянальнай сімволікай.
Адзін з арганізатараў спаборніцтваў гамяльчук Марцін заўважае, што сярод гомельскіх маладзёнаў чэмпіянат даволі папулярны:
– Мэта турніра «Хопіць піць» – зменшыць спажыванне алкаголю на душу насельніцтва. Штогод узровень футбалістаў павялічваецца. Нашыя спаборніцтвы цалкам бясплатныя, таму моладзь з ахвотай далучаецца да гульняў, людзі адсочваюць турнірныя табліцы ў пабліку. Сёлета ў турніры ўдзельнічала многа новых каманд. З 13-ці толькі 5-6 – «старыя».
Гулец каманды «Грыбнікі» Аляксей адзначае, што спаборніцтвы праходзяць на высокім узроўні:
– Сёлета не ўсё ў нашай каманды атрымалася, але турнір як быў на вышыні, так і застаецца. Мы хочам, каб моладзь болей займалася спортам, а не сядзела на лавах з бутэлькамі піва. Нашая каманда прытрымліваецца такога прынцыпу. Апроч гэтага, турнір 2018 прысвечаны таксама адной з найбольш важных дат – 100-годдзю Беларускай Народнай Рэспублікі.
«Мы не п’ем, не курым, вядзем здаровы лад жыцця. Чаму б не правесці цікава выходны дзень? Гэты турнір усе ведаюць з тых, хто цікавіцца футболам у Гомелі. Мы прапагандуем спорт і патрыятызм», – гаворыць яшчэ адзін гулец каманды «Грыбнікі».