Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«Жывучы, будзь карысным для другіх, бо інакш няма сэнсу жыць!»

31.07.2018 культура
«Жывучы, будзь карысным для другіх, бо інакш няма сэнсу жыць!»

Ігнат Дамейка да канца жыцця заставаўся верным бацькоўскай старонцы.

Ігната Дамейку, выгналі з Радзімы, і ён стаў нацыянальным героем Чылі, піша «Новы час». Але да канца жыцця заставаўся верным бацькоўскай старонцы: «Я ніколі натуралізавацца не патраплю і маю надзею на Бога, што ці ў Кардыльерах, ці ў Панарах — памру ліцвінам».

Філамат, аграном, паўстанец

Ігнат Дамейка нарадзіўся 31 ліпеня 1802 года ў маёнтку Мядзвятка каля ракі Уша Наваградскага павета. У сем гадоў страціў бацьку, і таму клопат аб пляменніку ўзялі два дзядзькі — Ігнацій і Юзэф Дамейкі, апошні з якіх быў горным інжынерам, якi скончыў Фрайбургскую горную акадэмію.

Юзэф любіў распавядаць пра рамантычныя падарожжы ў пошуках новых адкрыццяў, пра прафесію геолага, якая з дзяцінства захапіла Ігнація. Да таго ж хлопчык цікавіўся прыгодніцкімі раманамі і кніжкамі пра падарожжы. Але яшчэ быў не час, каб ажыццявіць дзіцячыя мары.

Спачатку Ігнат вучыўся ў піярскай школе ў Шчучыне, пасля якой у 1816 годзе паступіў у Віленскі ўніверсітэт. Скончыўшы яго ў 1822 годзе, атрымаў ступень магістра філасофіі. Але за ўдзел у таварыстве філаматаў Дамейка быў асуджаны на “вечны нагляд паліцыі і адхіленне ад усялякай царскай службы”. Таму нягледзячы на шэраг спробаў, так і не здолеў уладкавацца на дзяржаўную працу і вымушаны быў кіраваць гаспадаркай дзядзькі Ігната ў фальварку Заполле Лідскага павета.

Тут ён будуе млыны, тартакі, займаўся вырошчваннем жывёлы, прымяраў на сябе прафесіі доктара, ветэрынара і агранома, аб чым у 1829 годзе пісаў сябрам:

“Пяць тыдняў сяджу самотны дома, штудзірую новыя кнігі, прысланыя з Германіі, а да таго шмат рознымі гападарчымі непрыемнасцямі прыгнечаны; лячу хворых сялян і не раз да чорцікаў абдураны, ашуканы, дрыжу са страху, пасылаючы п’яўкі і г.д., а гарачка не ведае літасці і страшна ў гэтым баку лютуе. Лячу таксама хворых кароў, у чым мне не вельмі шанцуе”.

Таму не дзіўна, што калі ў 1830 годзе на землях былой Рэчы Паспалітай успыхнула паўстанне, Дамейка ўступіў у яго шэрагі. Ваяваў у атрадзе разам з Эміліяй Плятэр, але пасля паражэння пад Шаўлямі летам 1831 года быў інтэрнаваны ў Прусію.

“Жэгота” і “сябар дзяцей”

Пасля доўгага падарожжа, падчас якога ён наведаў вядомы па аповедах дзядзькі Фрайбург з яго Горнай акадэміяй, знакамітыя срэбраныя руднікі ў Рудных гарах на мяжы Германіі і Чэхіі, Дамейка нарэшце ў 1832 годзе разам са сваім сябрам Адамам Міцкевічам прыбыў у Парыж. Іх сяброўства было настолькі моцным, што Міцкевіч першапачаткова хацеў назваць сваю будучую паэму “Пан Тадэвуш” не інакш, як “Жэгота” — мянушкай Дамейкі па таварыству філаматаў. Таксама Дамейка з’яўляецца героем адной з частак міцкевічскіх “Дзядоў”.

У Парыжы Ігнат паступіў у Горную акадэмію. Не гледзячы на даволі сталы 30-гадовы ўзрост, ён старанна вучыўся, а таксама актыўна ўдзельнічаў у дабрачынных таварыствах, дапамагае суайчыннікам, асабліва моладзі, за што яго паважліва называюць “сябрам дзяцей”.

Пасля паспяховага заканчэння навучання ў 1837 годзе Дамейка накіраваўся ў Эльзас, дзе працаваў на радовішчы жалезнай руды і займаўся будаўніцтвам доменных печаў. Але ў гэты ж час яму паступіла прапанова (якую ён адразу прыняў) адправіцца ў якасці прафесара хіміі і мінералогіі ў паўднёваамерыканскі горад Какімба.

“Бацька горнай справы” Чылі

У лютым 1838 года ён з Лондана адправіўся ў Бразіліію і далей у Аргенціну, каб затым разам з выпадковым вандроўнікам перабрацца праз Кардыл’еры і патрапіць у Рэспубліку Чылі, утвораную толькі ў 1818 годзе. Падарожжа Дамейкі доўжылася чатыры месяцы. Калі ж ён, нарэшце, дабраўся да месца, то быў сустрэты не інакш як чарадзей, які займаецца выплаўкай медзі і жалеза, срэбра і золата.

Дамейка адразу ж заняўся асветніцтвам мясцовага насельніцтва, дэманструючы на вуліцах горада розныя навуковыя эксперыменты. І, што было яшчэ больш важна, пачаў вучыць іспанскую мову, якую асіліў за тры месяцы напружанай працы. Менавіта гэты час сам Дамейка называў самымі цяжкім у сваім жыцці.

Кожны год Дамейка выдзяляў па некалькі месяцаў на падарожжы і збіранне даследчых матэрыялаў. Ён таксама вывучаў побыт і жыццё карэннага насельніцтва — плямёнаў араўканаў, і крытыкаваў нехрысціянскія адносіны да іх чылійскага ўрада.

У 1847 годзе ён перабраўся ў Санцьяга ў Чылійскі ўніверсітэт. Дамейка пісаў падручнікі па фізіцы і мінералогіі, і менавіта па яго праекту ў краіне была арганізавана сістэма адукацыі, прыкладам для чаго паслужыла Радзіма. Дамейка правёў вадаправод у Санцьяга, увёў у краіне метрычную сістэму мераў і вагі, дзякуючы яму горназдабываючая прамысловасць стала асноўнай галінай эканомікі Чылі — самай багатай у той час краіны Лацінскай Амерыкі. Яго называлі “Бацькам горнай справы”, самым паважаным чалавекам Чылі.

Прызнаннем заслуг Дамейкі стала наданне яму ў 1848 чылійскага грамадзянства, а ў 1867 годзе ён нават прадстаўляў Чылі на Парыжскай сусветнай выставе ў якасці камісара. Па вяртанні з Парыжа ён быў абраны рэктарам універсітэта ў Санцьяга і яшчэ чатыры разы перавыбіраўся, пакуль у 1883 годзе ў знак пратэсту супраць вайны Чылі з Перу не адмовіўся ад рэктарства. Калі чылійскі ўрад накіраваў ва ўніверсітэт атрыманае ў якасці кантрыбуцыі ў вялікіх скрынях прыборы і абсталяванне,

Дамейка заявіў: “Універсітэт нарабаваных трафеяў не прымае. Прашу забраць рэчы назад”.

Шчаслівы муж

Яшчэ ў 1850 годзе 47-гадовы Ігнат Дамейка ажаніўся з 16-гадовай чылійкай Энрыкетай Сотамаёр Гусман. Знаёмства здарылася дзякуючы адданаму індзейцу Хуану, які падштурхнуў Ігната патрапіць у госці да сям’і маладой дзяўчыны. Ужо на першай сустрэчы высветлілася, што тая даўно зацікавілася паважаным еўрапейцам. У хуткім часе быў заключаны шлюб, у якім нарадзілася чацвёра дзяцей.

На жаль ні дачка Дамейкі Аніта, ні двое яго старэйшых сыноў не пакінулі нашчадкаў. Але малодшы сын Казімір меў чацвёра сыноў і 23 ўнука. Энрыкета ж памерла ад сухотаў у 1870 годзе, пасля 20 гадоў шчаслівага сямейнага жыцця.

У 1884 годзе Ігнат Дамейка накіраваўся на Радзіму, праехаўшы па дарозе па ўсёй Заходняй Еўропе. У 85 гадоў нават узабраўся на вяршыню Везувія і пабываў ля яго кратара. Чатыры гады ён пражыў спачатку ў Мядзвядцы, а затым у Жыбуртоўшчыне Слонімскага павета, паспеўшы здзейсніць падарожжа ў Святую зямлю.

У канцы 1888 года ён вырашыў зноў наведаць Чылі, каб уладкаваць жыццё сыноў. Па дарозе Дамейка цяжка захварэў.

У выніку, 13 студзеня 1889 года ён памёр у Санцьяга. У гэты дзень у Чылі была абвешчана агульнанародная жалоба.

***

Імя Ігната Дамейкі занатавана ў мінерале дамейкіце, акамянеласцях малюскаў — Навуцілус дамейкус, фіялкавай кветцы — віёла дамейкона, і нават малой планеце 2784 Дамейка. Таксама ў яго гонар названа паселішча Дамейка (у раёне Какімба), порт на поўдні краіны, у Араўканіі (Пуэрто-Дамейка), цэп Кардыльер даўжынёй у 350 км — Кардыльеры Дамейка. У Санцьяга яму пастаўлены помнік, на якім змешчаны надпіс: “Вялікаму Асветніку”.

Ігнат Дамейка мог шмат зрабіць для Радзімы, але ў выніку яго плённая праца стала штуршком для развіцця іншай маладой краіны — Чылі. Нездарма Вінцэсь Каратынскі назваў яго “Пястун нацыянальнага дабрачынства і гонару сярод чужых народаў”.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]