Як палiтыкi адрэагавалi на «справу прафсаюзаў».
Ужо тыдзень, як у судзе Савецкага раёна Мінска доўжыцца працэс па гучнай «справе прафсаюзаў».
3 жніўня – пяты дзень судовага працэса над лідарамі прафсаюзу РЭП Генадзем Фядынічам і Ігарам Комлікам, пiша «Народная воля».
Прафсаюзным лідарам прад’яўлена абвінавачванне па ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры).
Па інфармацыі, якую распаўсюдзіў Следчы камітэт, Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік мелі рахунак у Літве, у 2011 годзе ад нерэзідэнтаў Беларусі на яго паступалі грошы ў замежнай валюце агульным памерам 140 тысяч еўра.
Паводле разліку Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю, сума нявыплачаных падаткаў склала каля 23 тысяч рублёў.
А вось што думаюць пра «справу прафсаюзаў» вядомыя палітыкі і грамадскія дзеячы:
Уладзімір Някляеў, экс-кандыдат у прэзідэнты:
– У сістэме прававой дзяржавы сітуацыя ктшталту той, што стала зачэпкай для крымінальнай справы супраць незалежнага прафсаюза РЭП, проста не магла ўзнікнуць. Яна ўзнікла толькі таму, што прафсаюзы, як і ўся краіна, існуюць ва ўмовах бяспраўя, ва ўмовах татальнага палітычнага ціску. І мяняць гэтыя ўмовы ніхто не збіраецца, што непазбежна прывядзе краіну да палітычнага і эканамічнага калапсу.
Станіслаў Шушкевіч, былы старшныя Вярхоўнага Савета Беларусі:
– Калі ў якасці сведкі выступала сакратарка незалежнага прафсаюза, якая заявіла, што была агентам КДБ, то асабіста для мяне гэта азначае толькі адно – у Беларусі адбываецца палітычны сыск. Прафсаюз РЭП бясплатна прадастаўляў у арэнду памяшканне нашай партыі, дык вось пасля таго, як супраць Фядыніча і Комліка была распачата крымінальная справа, сілавікі без усялякага папярэджання забралі і ўсю нашу камп’ютарную тэхніку. А недзе праз месяц яе вярнулі, але ўжо ў сапсаваным стане. Дык навошта такім шкодніцтвам займацца?
Гары Паганяйла, юрыст РПГА «Беларускі Хельсінкскі Камітэт»:
– Магу сказаць дакладна – будзе абвінаваўчы прысуд. Іншая справа, што мы ж бачым – Комлік і Фядыніч падчас расследвання справы нават пад вартай не знаходзіліся. Гэта паказвае, што жорсткага прысуду таксама не варта чакаць.Такім чынам улады паказваюць, што яны па-ранейшаму будуць прэсаваць сваіх найбольш «агрэсіўных» апанентаў, хаця і стрымліваюць сябе ў эмоцыях, каб паказаць «цукерку» Захаду. Дзесяць год таму гэтыя прафсаюзныя лідары адназначна пайшлі б у турму на некалькі год, а зараз, думаю, пакаранне не будзе звязана з абмежаваннем волі.