Чатыры рэакцыі.
Іх сабрала «Наша ніва»:
«Паколькі Аляксей Стрэльнікаў застрашыў мяне, каб я не адбірала хлеб ў тэатральных крытыкаў, дык я скажу пра «Сон ў купальскую ноч» проста. АААААААААААААААААААААААААА! — піша ў сябе ў фэйсбуку Ганна Севярынец.
— Гэта быў ўзровень — і яны яму адпавядалі, гэта была планка — і яны яе ўзялі, гэта быў эксперымент — і яны былі вартыя яго, гэта проста ачумець, што такое!
Падрабязнасці лістом.
Еду дамой шчаслівая.
Купалаўскі — мой тэатр».
* * *
«Няўжо вы ведаеце Шэкспіра на памяць? Я проста не змагла большую частку ўвогуле разабраць, бо акцёры гаварылі з хуткасцю кулямёта, прытым што былі ў кубе і без мікрафонаў», — выказала заўвагу беларуска з Вены Кацярына Гольцапфель-Варажун.
- Там, відаць, дынамікі былі скіраваныя на залу. Мы сядзелі на сцэне, і таксама мала што чулі, — адзначыла журналістка Таццяна Шапуцька.
«Сітуацыя з гукам выправіцца. Усё ж гэта была фармальна апошняя рэпетыцыя. Але ж у мяне было адчуванне неймавернай радасці напрыканцы (ды і падчас) Прыгажосць мовы Разанава (Шэкспіра) + музыка + артысты + задума… Карацей—свята! Я так я рада гучанню Разанава на нашай сцене», — піша Вольга Бабкова.
* * *
А вось як ацэньвае спектакль прафесійны крытык Аляксей Стрэльнікаў: «Рэжысёр Андрэй Прыкатэнка стварыў на сцэне Купалаўскага тэатра святочны візуальны перфоманс і даў задумацца пра ўплыў сучасных тэхналогій на нашы эмоцыі», — напісаў Стрэльнікаў.
У апошні дзень перад летнім адпачынкам купалаўцы паказалі прэсе і грамадскасці перадпаказ спектакля «Сон у Купальскую ноч», прэм'ера якога адбудзецца ў верасні.
Сцэнаграфія Вольгі Шаішмелашвілі выглядае вельмі проста, пасярэдзіне сцэны стаіць «акварыум»: чатыры празрыстыя сценкі са скразным праходам. Гледачоў пасадзілі навокал, нават на сцэну, на сценкі праецыруюцца атмасферныя выявы відэаарту
(ці, як напісана на сайце Купалаўскага, «відэакантэнту», яго аўтары Глеб Куфцерын, Міхаіл Міцькоў). Усё сапраўды вельмі проста, але на сцэне ствараецца сапраўдная атмасфера і магія чарадзейнай ночы, адной з самых папулярных і загадкавых п'ес Шэкспіра. Абстрактная сучасная вопратка — мешкаватая для мужчын, адкрытая і сэксуальная для жанчын, — спартовы абутак і гіраскутары — аўтары спектакля робяць час мастацкай дзеі ўмоўным, гэта такі святочны маскарад пра сучаснасць. Ёсць версія, што шэкспіраўская п'еса была створана для забавы на магнацкім вяселлі, пры канцы спектакля ўсе выходзяць у белым, і сапраўды ўзнікаюць такія асацыяцыі.
Цікава, што для візуальнага афармлення актыўна выкарыстоўваецца менавіта тэкст. Пачынаецца спектакль з таго, што чатыры закаханыя персанажы (Лісандр, Дземетры, Алена і Гермія) чытаюць шэкспіраўскія санеты, якія ў арыгінале і беларускім перакладзе праецыруюцца на сценкі пластыкавага куба.
Словы развальваюцца і ствараюць завею з літар, з якіх у фінале спектакля пачынаюць складацца фінальныя маналогі шэкспіраўскіх герояў. Цягам усяго спектакля шмат разоў героі паўтараюць свае рэплікі, спяваюць іх наноў, тлумачаць іх.
Адна з самых вялікіх і смешных сцэн у спектаклі, калі Робін у выкананні Паўла Харланчука раптам перастае дэкламаваць вытанчана грувасткія канструкцыі свайго маналогу і сваімі словамі пачынае тлумачыць завязку сюжэту, прычыну звады паміж каралём эльфаў Аберонам і яго жонкай Тытаніяй. Заўважу, што гэта не проста тлумачэнне, гэта трактоўка, у якой Тытанія наўмысна правакуе рэўнасць Аберона. Доўгія і падрабязныя тлумачэнні, з якімі Харланчук абабягае ўсе чатыры часткі залы, паступова чытаюцца ўсё хутчэй, пераходзяць у рэчытатыў і «вяртаюцца» ў дэкламацыю шэкспіраўскага маналогу. Так бы мовіць, найлепшы спосаб патлумачыць паэзію — усё ж чытаць паэзію.
Тут асобна трэба дадаць, што пераклад рабіў Алесь Разанаў, для аматараў сучаснай беларускай паэзіі гэты спектакль таксама будзе падзеяй.
Канфлікт Аберона і Тытаніі зрабіўся для спектакля галоўны, цяжка адназначна сказаць, чаму. У Шэкспіра паралельна развіваюцца тры, нават чатыры сюжэтныя лінія, і звычайна лінія караля і каралевы эльфаў выконвае функцыю рамачнага сюжэта, а тут наадварот: некаторыя лініі са спектакля выкінуты амаль цалкам, а лінія чатырох закаханых персанажаў, якіх Робін блытае паміж сабой, выглядае тэатралізаванай устаўкай у візуальны перфоманс. Яны ланцужком рухаюцца адно за адным, правальваюцца пад сцэну ці ўзнімаюцца над ёй. Але яны, такое адчуванне, не вельмі розняцца між сабой, дзіва што Робін іх паміж сабой увесь час блытае. Дарэчы, многія даследчыкі заўважаюць, што Шэкспір спецыяльна так напісаў, што менавіта ў такой знеасобленасці абгрунтоўваецца тое, што героі так лёгка мяняюць свае каханні.
Каханне мусіць быць праявай індывідуальнасці, асобы. Чым менш мы асоба, тым менш вартымі аказваюцца нашы пачуцці…
Аберон Аляксандра Казелы выглядае сапраўдным жывым галоўным героем.
Сіла і ўлада — гэта таксама бяссілле.
Гэты момант толькі ўзмацняецца, калі герой Казэлы з'яўляецца на сцэне з выдатным музычным нумарам. У спектаклі сапраўды шмат музыкі (кампазітар Іван Кушнір). Так шмат рэп-музыкі са сцэны беларускага тэатра яшчэ ніколі не гучала.
Цікава, што самая лірычная п'еса Шэкспіра не становіцца ад гэтага агрэсіўнай (як, напрыклад, спектакль Іскандэра Сакаева ў Маладзёжным тэатры).
Цікава прыдумана кветка, якая зачароўвае герояў.
Харланчук-Робін падносіць да герояў смартфон, робіць сэлфі і мы бачым апрацаваныя MSQRD фатаздымкі на вялізных экранах. І раптам высвятляецца, што гэтая камп’ютарная візуалізацыя працуе менавіта такім самым знеасобленым чынам. Некалькі разоў на экранах мільгаюць шэрагі сэлфі і мы не можам іх адрозніць адзін ад аднаго. Візуальная культура Instagram, якая мусіла падкрэсліць нашу індывідуальнасць, паглынула яе і размыліла на тысячы заштампаваных выяваў… Мажліва ў гэтым і ёсць сапраўдная прычыны смутку Аберона.
Але маладзёжным я назаву спектакль не праз сучасныя тэхналогіі на сцэне, а таму што маладая частка трупы тут спраўляецца са складанымі мастацкімі задачамі цалкам самастойна і за гэтым хочацца назіраць.
Рэжысёр даў магчымасць трупе выявіць на сцэне свае найлепшыя якасці. Цяпер хай растуць, гэта залежыць ад іх.