Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Ненавязлівы сэрвіс

07.08.2018 общество
Ненавязлівы сэрвіс

Забараняць у нас умеюць, а вось пра людзей думаюць у апошнюю чаргу.

У Беларусь усё болей і болей едуць замежныя турысты. Пра гэта сведчаць і афіцыйныя лічбы статыстыкі і візуальныя назіранні ў нашых беларускіх гарадах. Дзяржава ацаніла перавагі прыезду іншаземцаў у нашу краіну і цэлы час спрашчае візавы рэжым, пашыраючы так званы бязвіз на большую колькасць дзён. І гэта правільна, бо закрытасць межаў – гэта ізаляцыянізм і цемрашальства, масты трэба будаваць, а не разбураць. А ў Беларусі сапраўды ёсць што паказаць і што паглядзець. З сэрвісам жа куды горш.

Давялося днямі праехацца мне рэйсавым дзяржаўным аўтобусам па некалькіх раённых цэнтрах Гарадзеншчыны. Люблю я вандраваць нашымі дарогамі ў розны спосаб – ад ровара да цягніка. Цікава паглядзець краявіды, убачыць помнікі архітэктуры, нейкія мясцовыя адметнасці, паслухаць тутэйшых людзей. Вёскі і мястэчкі нашы выміраюць, невялікія гарады таксама – дэмаграфічны крызіс кашчаваю рукой спакваля робіць сваю чорную справу. Пра прычыны такога стану заняпаду малых населеных пунктаў тут гаварыць не буду. Зрэшты, яны і так вядомыя. Так што тым дзяржаўным прапагандыстам, якія скрозь трубяць, што “мы сахранілі сяло”, хочацца плюнуць у вочы. А яшчэ лепш, пасяліць іх самых назаўсёды ў прыдуманыя імі савецкія “аграгарадкі”, якія канчаткова сцерлі з твару зямлі культуру і побыт нашых мястэчак.

Беларускую вёску ўжо не ўратаваць, як ні прыкра гэта асэнсоўваць, працэс фізічнага вымірання незваротны. Магчыма, праз дзесяцігоддзі унукі і праўнукі пачнуць вяртацца ў дзедаўскія сядзібы, адбудоўваць іх як лецішчы для адпачынку, адраджаць паселішчы ўжо ў іншых формах.

Дык вось субота, аўтастанцыя дастаткова ўтульнага раённага цэнтру. Стаіць ужо два месяцы спякота. На вакзале не так шмат людзей, але ж піць у гарачыню хочацца. Яшчэ нядаўна непадалёк станцыі быў невялікі бар, дзе можна было з асалодай выпіць квасу, мінералкі ці піва – зараз на яго месцы ўжо магазін рытуальных паслугаў. Побач функцыянавала дзяржаўная “забягалаўка”, але яна зачынена на рамонт. Газетны кіёск, які апрача папяровай прадукцыі, гандлюе і напоямі, у сярэдзіне суботняга дня таксама закратаваны. Добра, яшчэ, што працуе платная прыбіральня. І канешне дзеіць шапік з цыгарэтамі. Вось цыгарэты ў нас падарожнік купіць усюды! Куры, хоць задушыся, а вось вады – хвіга з маслам, як казалі некалі.

Едзем далей. Яшчэ адзін раённы цэнтр, слаўны сваім бочкавым квасам. Такія бочкі ў Беларусі – гэта сапраўдная атракцыя і квас сапраўднага смаку, якога няма нідзе больш на свеце. Дык вось гэтыя бочкі, расстаўленыя ў розных кропках гораду, у гэты спякотны дзень усе былі на замку. На аўтастанцыі мясцовая закусачная таксама была зачынена – аказваецца яе перанеслі ў іншае месца. Бегаць і шукаць гэтае месца часу не было. Наступны гарадок – і вось ён цуд выходнага дня – на аўтастанцыі працуе шапік з прахалоднымі напоямі. Але тут ужо катэгарычны кіроўца – стаянка аўтобуса адна хвіліна, так што выходзіць няма калі. Такі вось ён, як раней казалі, ненавязлівы савецкі сэрвіс. У выніку тры гадзіны дарогі без шанцаў на кроплю вады.

Не лепшая сітуацыя і ў цягніках-дызелях. Раней па іх сноўдалі ўвішныя бабулькі і вёрткія маладзёны, якія прапаноўвалі пасажырам марозіва, чыпсы, піражкі, часам напоі. Цяпер яны зніклі, напэўна ўвялі забарону. Ну, калі гэта не адпавядала нейкім санітарным і іншым нормам, то пастаўце у сярэднім вагоне халадзільнічак і гандлюйце афіцыйна! Ёсць жа і пазітыўныя прыклады – некаторыя міжнародныя беларускія цягнікі значна палепшылі сэрвіс і сталі вельмі камфортнымі для пасажыраў. Варта толькі крыху падумаць пра людзей і ўсё наладжваецца нібы само сабой. Але для гэтага трэба яшчэ галоўны фактар – даць свабоду малому бізнесу і дробнаму гандлю. А вось на гэта дзяржава “рынкавага сацыялізму” ніколі не пойдзе. Бачылі б вы, якая свабода прыватнага гандлю, прыкладам, у грузінскім Тбілісі – у нас бы дакладна 90 адсоткаў тых крамак ды кавярняў пазачынялі б з гледзішча санітарных “нормаў”. Забараняць у нас умеюць, а вось пра людзей думаюць у апошнюю чаргу.

Уладзімір Хільмановіч, harodniaspring.org

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]