Затрыманьне адбылося каля вёскі Бараўляны.
Затрыманьне адбылося каля вёскі Бараўляны, калі група актывістаў вярталася дадому ў Віцебск пасьля варты каля рэстарацыі побач з Курапатамі. Алену Янушкоўскую і Ірыну Захараву адвезьлі ў бараўлянскі пастарунак, паведамляе «Радыё Свабода».
У чым іх вінавацяць, пакуль не вядома. Алена Янушкоўская паведаміла, што чула размовы пра артыкул 23.34 (парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў), аднак пратаколу на затрыманых пакуль не складалі. Міліцыянты пагражаюць, што забяруць у жанчын мабільныя тэлефоны.
Сьведка затрыманьня Аляксандар Квіліс апавёў, што дарогай з Курапатаў за іхнай машынай сачылі, потым яе спынілі супрацоўнікі ДАІ і загадалі чакаць міліцыю.
Тацяна Севярынец, чацьвёртая ўдзельніца «віцебскага дэсанту», сышла з Курапатаў раней.
«Падчас нашага дзяжурства ніякіх асаблівых інцыдэнтаў не было — ні боек, ні сварак. Адно што Алена ўсё здымала на відэакамэру, і гэта вельмі не падабалася ахоўнікам рэстарацыі. Магчыма, гэта галоўная прычына затрыманьня», — мяркуе Тацяна Севярынец.
За чатырма жыхарамі Віцебску міліцыя сачыла сёньня з самай раніцы. Па дарозе ў Менск іх тройчы затрымлівалі. У Лагойску і Лепелі правяралі дакумэнты. А ў Бешанковічах пасьля амаль што дзьвюхгадзіннага разбору на кіроўцу склалі пратакол за перавышэньне хуткасьці.