Патрыятычныя строфы Ларысы Геніюш.
9 жніўня – дзень нараджэння найвялікшай паэткі Беларусі Ларысы Геніюш (1910-1983), жанчыны, якая прайшла праз сталінскія катаванні і допыты, якая да апошніх дзён свайго жыцця заставалася непераможнай і мужнай дачкой сваёй Бацькаўшчыны, перадае racyja.com.
Не за гарамі той час, калі яе імя будуць насіць вуліцы і плошчы Беларусі, будуць стаяць ёй помнікі, у Зэльве адкрыецца яе музей, а сама паэтка будзе рэабілітавана.
Ёй напісаны тысячы паэтычных радкоў, многія ўжо выдадзены і перавыдадзены, але сотні яшчэ знаходзяцца ў дзяржаўных і асабістых архівах. Прыйдзе час, і ўся творчая і эпісталярная спадчына паэткі будзе выдадзена поўным зборам твораў. У дзень нараджэння Ларысы Геніюш нагадаем яшчэ раз некалькі патрыятычных твораў паэткі. Іх павінен ведаць кожны беларус на памяць.
***
Адзінай мэты не зракуся,
І сэрца мне не задрыжыць:
Як жыць – дык жыць для Беларусі.
А без яе – зусім не жыць!
***
Ці мо сэрца малое мае,
Ці мой дух неузлётны і вузкі?
Для Цябе толькі, Краю мой, б’е,
Для Цябе, мой Народ Беларускі!
***
Мая мова – як шчасце на вуснах,
Хвалявання гарачы прыбой.
Можа быць, на чужой засмяюся,
Ўсё ж заплачу з тугі на сваёй.
***
Хай славіцца наш беларускі род –
Душой з вясны і воляю са сталі,
Каб з гнёздаў нам не пеўнікі на плот,
А горда арляняты выляталі!
***
Не згінай мяне, я не сагнуся,
Не баюся ні страхаў, ні зла.
Нездарма я з зямлі беларускай
Непахіснай сасною ўзрасла.
***
Народнае шчасце мы выкупім ў боі,
Пад вёсны засеем зялёную рунь –
Шумець будуць нівы над вольнай Дзвіною,
Над Бугам, над Нёмнам: «Жыве Беларусь!»