Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Уладзімір Някляеў: «Справа БелТА» - гэта толькі нагода для таго, каб правесці ператрусы

09.08.2018 политика
Уладзімір Някляеў: «Справа БелТА» - гэта толькі нагода для таго, каб правесці ператрусы

Паэт i палітык пракаментаваў ператрусы ў рэдакцыях СМІ і затрыманні сярод журналістаў.

Палітык Уладзімір Някляеў пракаментаваў сайту palitviazni.info апошнія ператрусы ў рэдакцыях СМІ і затрыманні сярод журналістаў.

“Ім патрэбна забраць нейкую неабходную інфармацыю, – кажа былы палітвязень. – Але складана сказаць, што дакладна цікавіць, высновы можна будзе рабіць крыху пазней. На гэты момант уладам неабходна займець носьбіты інфармацыі рэдакцый і іх дакументацыю. Вось і прыдумалі нагоду, як гэта можна зрабіць”.

7 жніўня Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь распаўсюдзіў інфармацыю пра ўзбуджэнне крымінальнай справы па ч. 2 арт. 349 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі, здзейснены з іншай асабістай зацікаўленасці, які пацягнуў прычыненне істотнай шкоды).

Паведамлялася таксама пра затрыманне журналістаў Марыны Золатавай, Ганны Калтыгінай, Галіны Уласік, Ульяны Бабаед (Tut.by) і Таццяны Каравянковай (БелаПАН). Па некаторых звестках, былі затрыманыя і яшчэ некалькі журналістаў.

8 жніўня ператрус у офісе Tut.by працягнуўся, журналісты выклікаліся на допыт да следчых і з іншых выданняў.

– Для мяне відавочна, што так званае незаконнае карыстанне інфармацыяй агенцтва БелТА – гэта толькі нагода для таго, каб правесці ператрусы, – кажа Уладзімір Някляеў. – Ім патрэбна забраць нейкую іншую неабходную інфармацыю. Але складана сказаць, што дакладна цікавіць, высновы можна будзе рабіць крыху пазней. На гэты момант уладам неабходна займець носьбіты інфармацыі рэдакцый і іх дакументацыю. Вось і прыдумалі нагоду, як гэта можна зрабіць. Маўляў, дырэктарка БелТА напісала заяву ў міліцыю, а таму праводзіцца праверка.

– Сёння рэдакцыю Tut.by наведалі амбасадары ЗША і Вялікабрытаніі, кіраўніца прадстаўніцтва Еўрасаюза Андрэй Віктарын. Сусветныя СМІ распавядаюць пра хвалю рэпрэсій у дачыненні да журналістаў у Беларусі… Улады ізноў вырашылі “падправіць” свой імідж? Яшчэ “справа прафсаюзаў” не закончылася, а ўжо пачалі раскручваць новую палітычную справу.

– Тут праследжваецца ўжо тэндэнцыя да пастаяннага скандальнага ўнутранага стану ў краіне – трэба прэсаваць то прафсаюзы, то журналістаў, то актывістаў. Мяркую, што найперш гэта тлумачыцца тым, што моцна ўскладняецца знешнепалітычная сітуацыя, якая наўпрост уплывае на ўнутрыпалітычную.

Усе гэтыя сігналы з нядаўна ўзніклых інфармацыйных парталаў пра намеры Расіі да анэксіі Беларусі – яны небезпадстаўныя, таму што знешняя палітыка Расіі да нашай краіны сфармулявана Крамлём яшчэ ў першыя гады прэзідэнццтва Пуціна: далучайцеся да нас усё рэспублікай. І ніхто гэтую ясна сфармуляваную знешнюю палітыку не карэктаваў, а, тым больш, не адмяняў. Гэта застаецца мэтай Расіі. І адна з задач – змясціць акцэнт грамадска-палітычнай думкі.

Акрамя таго, варта сказаць пра функцыянаванне сілавых структур, якія сядзяць на шыі дзяржавы. Іх задача па сутнасці адна – гэта змаганнне з іншадумствам у краіне, з тымі людзьмі, якія лічаць, што шлях Беларусі і яе развіццё павінны быць іншымі. Яны актывізуюць сваю дзейнасць пад сцягам барацьбы за высокія мэты захавання дзяржаўнасці і незалежнасці, хаця менавіта іх праца і з’яўляецца асноўнай небяспекай для гэтай самай незалежнасці.

– Ваш прагноз: як далей будзе развівацца гэтая справа?

– З ёй адбудзецца тое самае, што і са справай “Белага легтёна”. Любому дасведчанаму ў журналістыцы чалавеку ў галаву не прыйдзе, што можна нешта каштоўнае ўкрасці ў дзяржаўным агенцтве. Магчыма, нехта і карыстаўся паролем БелТА, але якая тут “асабістая зацікаўленасць”? Смех!

Але ў гэтай справе ёсць яшчэ адна акалічнасць, якая мяне вельмі засмучае. Я кажу пра якасць чалавечага матэрыяла. У свой час, калі працаваў у ЛІМе, у мяне з адным з кіраўнікоў БелТА была канфліктная сітуацыя. Прыйшоў загад таму кіраўніку выкінуць на нас кампрамат, які грунтаваўся на фальшыўцы. І гэты чалавек патэлефанаваў мне, мы сустрэліся і разабраліся так, каб і яму не нанесці шкоды, і рэдакцыі ЛІМа. І вырулілі сітуацыю! Зрабілі так, каб было і па-чалавечы, і па-журналісцку.

Дык вось, калі я чытаю, што дырэктарка БелТА вырашыла правучыць калег праз заяву ў міліцыю, то разумею, што сёння мы маем у краіне не толькі пагаршэнне эканомікі, але і чалавечага матэрыяла ва ўсіх сферах нашага жыцця. Як бачым, гэта раз’ядае і сферу журналістыкі. І для мяне ва ўсёй гэтай гісторыі найбольш балюча.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]