Актывісты лiчаць, што імены многіх вуліц горада не адлюстроўваюць гісторыю Баранавіч.
Сябры Таварыства беларускай мовы лічаць, што імёны многіх вуліц горада не адлюстроўваюць гісторыю Баранавіч, увекавечваюць памяць «чужынцаў», а не тых, хто жыў і будаваў горад, паведамляе intex-press.by.
Актывісты лічаць, што кожная вуліца, кожны завулак, парк павінны насіць назвы, якія б адлюстроўвалі гіторыю горада, яго лёс. А ў назвах многіх баранавіцкіх вуліц няма нічога, звязанага не толькі з гісторыяй горада, але і нават з Беларуссю.
– Што «робіць» Роза Люксембург ва Усходнім мікрараёне? А яе зямляк Эрнст Тэльман? – разважае член ТБМ Таццяна Кісель.
Актывісты не разумеюць і таго, чаму некаторыя вуліцы да гэтага часу носяць камуністычныя назвы (напрыклад, вуліцы Кірава, Свярдлова, Куйбышава), і услаўляюць такія юбілейныя даты, як 50 год БССР, 50 год УЛКСМ.
– І не толькі вуліцы. Два паркі ў горадзе носяць назвы ў гонар гадавін СССР і УЛКСМ. Хіба гэта правільна? – разважае член ТБМ Мікола Падгайскі.
Каб прыцягнуць увагу гарадскіх улад да гэтага пытання, сябры ТБМ плануюць збіраць подпісы за перайменаванне вуліц, каб потым аднесці зварот у Баранавіцкі гарвыканкам. Пачнуць яны са збору подпісаў за пераназванне вуліцы Войкава.
– Пётр Войкаў не мае ніякага дачынення да нашага города. Мала таго, ён рэвалюцыянер, арганізатар і выканальнік забойства царскай сям’і. Чаму не назваць гэтую вуліцу ў гонар Уладзіміра Карвата – першага Героя Беларусі, летчыка, які жыў і служыў у Баранавічах? – кажа Мікола Падгайскі.
Паралельна члены ТБМ плануюць збіраць прапановы жыхароў горада аб змяненні назваў і іншых вуліц. Свае меркаванні наконт таго, як можна было б назваць вуліцы Кірава, Свярдлова, Куйбышава, Фрунзэ, Чапаева і іншыя, яны просяць дасылаць на электронную пошту [email protected].
– У баранавіцкіх вуліц амаль няма беларускага аблічча. Горад як бы ёсць, але ён чужы. Чужынцы, якія знаходзіліся ў Баранавічах, атрымліваецца, пакінулі пасля себе «памяць», а беларусы, якія тут жылі і будавалі – не. Іх імёны канулі ў лету, – кажа Мікола Падгайскі.