Гісторык з Ізраілю Леанід Сьмілавіцкі напісаў кнігу пра савецкую цэнзуру ў паваеннай Беларусі.
95 год таму ў Беларусі зьявіліся спэцсховішчы кантрольных экзэмпляраў забранай зь бібліятэк «варожай» літаратуры. Азнаямленьне зь імі шырокай публікі лічылася непажаданым з ідэалягічных меркаваньняў. У тым жа 1923-м быў арганізаваны Камітэт кантролю за рэпэртуарам тэатраў, а таксама зьместам публічных выступленьняў.
«Спэцхраны» і «Рэпэрткамы» былі структурамі Галоўнага ўпраўленьня ў справах літаратуры і выдавецтваў, больш вядомага як Галоўліт. Яго функцыя палягала ў цэнзураваньні друкаваных выданьняў. У Беларусі гэты орган савецкага праўленьня бальшавікі стварылі 5 студзеня 1923 году, пiша «Радыё Свабода».
Гісторык з Ізраілю Леанід Сьмілавіцкі напісаў кнігу пра савецкую цэнзуру ў паваеннай Беларусі. Праца стала вынікам шасьцігадовага дасьледаваньня тэмы, якая ў самой Беларусі не запатрабаваная. Матэрыял для кнігі «Цензура в БССР: послевоенные годы, 1944–1956 гг.» ён зьбіраў у беларускіх архівах.
У кнізе сабраныя архіўныя дакумэнты, дапоўненыя зьвесткамі з навуковых і папулярных выданьняў, статыстычных зборнікаў і пэрыядычнага друку. Аўтар скарыстаў інтэрвію, успаміны і сьведчаньні былых супрацоўнікаў цэнзуры і сродкаў масавай інфармацыі, а таксама тых, каму давялося сутыкацца з працай Галоўліту.
Афіцыйная беларуская гістарыяграфія не адрэагавала на працу замежнага навукоўца. Выйшла кніга ў 2014 годзе.
Высновы дасьледчыка пра ролю цэнзуры
Без цэнзуры існаваньне савецкай дзяржавы як сыстэмы гвалтоўнага падаўленьня асобы было немагчымае. З дапамогаю цэнзуры дзяржава наладзіла ўсёабдымны кантроль за грамадзкай сьвядомасьцю грамадзян.
Галоўліт забясьпечваў уяўнае адзінства партыі і народу. Высілкі скіроўвалі на стварэньне новага чалавека і грамадзтва без нацыянальных адметнасьцяў.
Савецкае цэнзураваньне вяло да русыфікацыі Беларусі. З прыкметамі актывізацыі нацыянальнага жыцьця распраўляліся бязьлітасна.
Беларусь пераўтварылі ў палігон саветызацыі. Апірышчам сталі выхадцы зь іншых рэгіёнаў Савецкага Саюзу, якія прыбылі сюды па вайне.
Беларусы адкрыта не супраціўляліся цэнзуры, але шукалі магчымасьці яе абыйсьці.
Афіцыйная рэакцыя на працу замежнага навукоўца
Леанід Сьмілавіцкі называе час, які дасьледаваў, «складаным і супярэчлівым». «Гэта пэрыяд пераходу ад сталінізму да эпохі Хрушчова», — удакладняе ён.
Яго кніга засталася без увагі афіцыйнай беларускай гістарычнай навукі. За чатыры гады, як яна выйшла, не зьявілася ніводнай рэцэнзіі ў афіцыйных часопісах. Не было і прапаноў падтрымаць праект фінансава.
Леанід Сьмілавіцкі лічыць: беларуская дзяржава пераняла амаль цалкам мадэль савецкай цэнзуры. Адрозьненьне, дадае ён, у тым, што з краіны цяпер выпускаюць.
«Новае пакаленьне жыве цяпер пераважна матэрыяльнымі інтарэсамі. З аднаго боку — свабода, зь іншага боку — няясна, як гэтай свабодай карыстацца, калі скарыстацца ёю можна толькі за мяжой. Гэта стварае дадатковыя цяжкасьці для стварэньня нацыянальнай і сьвядомай інтэлігенцыі, і гэта трагедыя беларускага народу на сёньняшні дзень», — разважае гісторык.
Дасьледаваньні савецкай цэнзуры ў Беларусі
Леанід Сьмілавіцкі кажа: тэма савецкай цэнзуры ў Беларусі не запатрабаваная. Па яго словах, пераважная большасьць публікацый, што выходзілі ў незалежнай Беларусі, ахопліваюць даваенны пэрыяд і не прэтэндуюць на паўнавартаснае дасьледаваньне.
«Даваенны пэрыяд разглядаецца многімі як менш небясьпечны для іх, бо ўсё можна сьпіхнуць на Сталіна», — мяркуе дасьледнік.
Паводле навукоўца, беларускія архівы захоўваюць вялікі аб’ём дакумэнтаў аб дзейнасьці Галоўліту. Праблемаў з доступам да іх у замежнага дасьледніка не было. Ён заўважае: забароны на дасьледаваньне тэмы не існуе, але няма і інтарэсу.
«Калі тэма не вітаецца, — кажа суразмоўца, — то на яе ніхто ня хоча марнаваць часу».
Цэнзуры ў БССР прысьвяціў працу і прафэсар зь Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Аляксандар Гужылоўскі. Ягоная кніга «Чырвоны аловак» ахоплівае даваенны і пасьляваенны пэрыяды дзейнасьці Галоўліту.
Леанід Сьмілавіцкі адзначае: у адрозьненьне ад Беларусі, на астатняй постсавецкай прасторы дзейнасьць Галоўліту актыўна дасьледуецца ад 1991 году.
Ці дасьледавалася тэма цэнзуры савецкімі навукоўцамі?
У Савецкім Саюзе, кажа Леанід Сьмілавіцкі, слова «цэнзура» не было ў дыскурсе. Савецкія даведнікі ня згадвалі і пра існаваньне Галоўнага ўпраўленьня па справах літаратуры і выдавецтваў. Галоўліт быў закрытай структурай.
У энцыкляпэдыях пісалі пра цэнзураваньне толькі ў царскай Расеі. Гэтая тэма савецкімі навукоўцамі вывучалася.
Асаблівасьці савецкай цэнзуры ў паваенны час
Беларусь тры гады знаходзілася пад нацысцкай акупацыяй. Насельніцтва зьменшылася на чвэрць.
У 1944 годзе было 6,5 мільёна жыхароў, кажа гісторык. У 1941-м — 10 мільёнаў. Галакост вынішчыў больш за 800 тысяч габрэяў, якія лічыліся гарадзкой нацыяй.
Утвораны вакуўм, адзначае Леанід Сьмілавіцкі, запоўнілі расейцы і выхадцы зь іншых савецкіх рэспублік. Іх прысылалі на аднаўленьне разбуранай вайной гаспадаркі. Яны ня ведалі мясцовых рэалій і не былі зьвязаныя зь мясцовым нацыянальным жыцьцём, кажа гісторык, таму імі лёгка было маніпуляваць. Яны не супраціўляліся ціску ідэалёгіі. Беларусь ператварылася ў палігон саветызацыі.
Існавала розьніца паміж усходнімі і заходнімі рэгіёнамі. Усходнюю Беларусь пасьпелі да вайны саветызаваць, а Заходнюю — не.
Гэтае адрозьненьне было заўважнае ў тым, на якой мове друкаваліся газэты. У заходніх рэгіёнах абласныя газэты, кажа Леанід Сьмілавіцкі, пісалі на беларускай і расейскай. Расейскамоўныя раёнкі выдаваліся толькі на захадзе Беларусі. На ўсходзе ж газэты пісалі пераважна па-беларуску.
«Упаўнаважаныя і актывісты, камандзіраваныя ў Заходнюю Беларусь, аддавалі перавагу расейскай мове, якая супрацьпастаўлялася польскай», — даводзіць аўтар кнігі.
У савецкіх партыйных структурах вядучую ролю пэўны час адыгрывалі службоўцы, якія прайшлі праз партызанскі рух.
Яны былі самастойныя ў сваіх учынках. Ня ўсе інструкцыі з Масквы выконваліся. Часьцяком іх спускалі на тармазах.
Стаўленьне беларусаў да цэнзуры
Леанід Сьмілавіцкі даводзіць: беларусы ставіліся да цэнзуры іначай, чым у іншых савецкіх рэспубліках. Яны не стваралі праблемаў цэнтральнай уладзе, але стараліся рабіць усё па-свойму. Для беларуса галоўнае — выжыць. Гэтаму навучыў лёс, паколькі гістарычна Беларусь не аднойчы «станавілася прахадным дваром».
«Кантроль цэнзараў беларусы не ўспрымалі літаральна, — тлумачыць суразмоўца. — Яны адкрыта не супраціўляліся цэнзуры, але як зьяўлялася магчымасьць яе абыйсьці, то рабілі гэта».
Пад савецкую цэнзуру падпадалі ўсе аспэкты грамадзкага жыцьця: ад вытворчасьці да прагнозу надвор’я, які дазволена было даваць толькі на тры дні.
Нацыянальнае жыцьцё і цэнзура
З прыкметамі актывізацыі нацыянальнага жыцьця, кажа Леанід Сьмілавіцкі, цэнзура распраўлялася бязьлітасна.
«Яно ўплывае на сьвядомасьць і розум людзей ды выводзіць іх з-пад каўпака савецкай ідэалёгіі. Супраць яго цэнзура выкарыстоўвала запалохваньне, рэпрэсіі і мардаваньне», — адзначае гісторык.
Усё, што было на беларускай мове, працягвае ён, выклікала падазрэньне і знаходзілася пад пільным кантролем Галоўліту. Творчыя саюзы маглі разьвівацца толькі ў вызначаных межах. Іх чальцы не гаварылі пра нацыянальныя правы, бо рызыкавалі падпасьці пад абвінавачваньне ў нацыяналізьме.
«Улада зь недаверам ставілася да нацыянальнай п’есы, якая мела ў сабе ідэі адраджэньня беларускай дзяржаўнасьці. У гэтым палягала сапраўдная прычына поўнага зьнікненьня з рэпэртуараў беларускіх тэатраў беларускай клясыкі — Дуніна-Марцінкевіча, Вярыгі-Дарэўскага, Каганца, Бядулі, Мірановіча», — адзначае ў кнізе Леанід Сьмілавіцкі.
За беларускай мовай, лічыць гісторык, пакінулі парадную функцыю. Яе выкарыстоўвалі, кажа ён, «у мэтах паказной прапаганды і агітацыі, часткова ў паэзіі і мастацкай літаратуры». Паволі беларускасьць выцясьнялася расейскай мовай, якую шырока ўжывалі ў навуцы, навучальных установах, на вытворчасьці. Шмат прыежджых беларускую мову не ўспрымалі.
Каго бралі ў цэнзары
Паколькі цэнзура была пад поўным кантролем партыі і службы бясьпекі, піша ў сваёй кнізе Леанід Сьмілавіцкі, то такую працу даручалі асобам незалежна ад іх нацыянальнай прыналежнасьці. Разам з тым, адзначае ён, габрэяў у складзе цэнзараў налічвалася да шасьцідзесяці працэнтаў.
«Габрэі былі адукаванымі людзьмі і стараліся ня выпасьці з прафэсіі», — тлумачыць суразмоўца.
Пад канец 1940-х гадоў на пасады ў сыстэме кантролю над грамадзтвам пачалі ставіць беларусаў і расейцаў. Ад габрэяў пачалі пазбаўляцца. Хваля звальненьняў супала са «змаганьнем з касмапалітамі» (кампанія, якую праводзілі ў СССР у 1948–53 гадах супраць праслойкі інтэлігенцыі, якую вінавацілі ў пашырэньні празаходніх тэндэнцый. — РС).
Лёс габрэяў у Беларусі
Пры канцы 1940-х гадоў габрэі трапілі ў больш жорсткі, чым беларусы, рэжым выжываньня. Па вайне нацыянальныя ўстановы габрэяў не адрадзіліся — яны былі пад забаронай, кажа Леанід Сьмілавіцкі.
Габрэйскія школы на ідыш, зачыненыя ў 1938 годзе, больш не зьявіліся. 110 тысяч габрэяў, якія вярнуліся з фронту, партызанаў ці эвакуацыі, меліся «сядзець ціха». Нацыянальнасьць для іх стала прысудам. Многія перапісвалі нацыянальнасьць. Тым, хто нарадзіўся ў вайну і пасьля яе, не давалі нацыянальных імёнаў.
Лёс цэнзараў
Па вайне адпала неабходнасьць у масавых рэпрэсіях. З цэнзарамі больш не распраўляліся, як са сьледчымі, якія фабрыкавалі справы ў 1930-я гады, кажа Леанід Сьмілавіцкі. Іх звальнялі.
Матэрыяльна яны былі дужа залежныя. Заробак цэнзара быў меншы, чым заробак рэдактара ў выдавецтве. Таму ў структурах Галоўліту была вялікая цякучка кадраў.
Хто такі Сьмілавіцкі
Леанід Сьмілавіцкі нарадзіўся ў 1955 годзе ў Рэчыцы. З 1984 па 1992 гады — дацэнт катэдры гісторыі Беларусі, СССР і замежных краін Менскага інстытуту культуры. У 1992 годзе разам зь сям’ёй рэпатрыяваўся ў Ізраіль. Спэцыялізуецца на дасьледаваньнях беларускага габрэйства. Ён аўтар 6 кніг і блізу 400 артыкулаў. Піша на іўрыце, ангельскай, польскай, расейскай мовах. У Ізраілі мае доктарскую ступень.
Стварыў у Тэль-Авіўскім унівэрсытэце архіў ваенных лістоў і дзёньнікаў для далейшага іх дасьледаваньня.
Па выхадзе кнігі «Яўрэі ў Тураве. Гісторыя мястэчка Мазырскага Палесся» заняўся дасьледаваньнем савецкай цэнзуры ў Беларусі. У гэтай тэме яго цікавіла пытаньне пра ўдзел габрэяў у дзейнасьці Галоўліту. Цяпер зьбірае матэрыял для кнігі «Па сьлядах габрэйскіх могілак Беларусі».