Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Андрэй Павук: Убачыў, як дабро перамагае зло, і захацеў быць супергероем

15.08.2018 политика
Андрэй Павук: Убачыў, як дабро перамагае зло, і захацеў быць супергероем

Вядомы блогер – пра тое, чаму нам трэба супраціўляцца і бунтаваць.

Наколькі небяспечная відэакамера ў руках чалавека з грамадзянскай пазіцыяй? Гледзячы па апошніх дзеяннях улады — дастаткова небяспечная, каб абыходзіцца з відэаблогерамі як са злачынцамі.

Навіны аб пераследу сацыяльна-палітычных відэаблогераў патроху з эксцэсаў робяцца інфармацыйным фонам. Аляксандр Кабанаў, Максім Філіповіч, Сцяпан Святлоў, Сяргей Пятрухін, Віталь Манько — вось далёка не поўны спіс тых, хто пацярпеў за сваё імкненне з камерай у руках расказваць тысячам людзей аб праблемах іх гарадоў і краіны ўвогуле. Хваля затрыманняў журналістаў у сталіцы, аднак, не вельмі пахіснула асновы ў райцэнтрах, дзе свабода слова ніколі не лічылася мясцовымі чыноўнікамі каштоўнасцю. Аб тым, як гэта быць палітычным відэаблогерам у гарадскім пасёлку, «Новы Час» паразмаўляў з Андрэем Павуком — знакамітасцю і галоўным дысідэнтам г.п. Акцябрскі Гомельскай вобласці.

— Андрэй, як табе прыйшла ў галаву думка заняцца відэаблогінгам і ўвогуле грамадскай дзейнасцю?

— Аднойчы ў дзяцінстве я паглядзеў фільм «Тэрмінатар 2», убачыў, як дабро перамагае зло і таксама захацеў быць супергероем.

— І як атрымоўваецца ім быць?

— У мяне — вельмі добра. Зло на кожным кроку, шле СМСкі... Зло — гэта нашае чынавенства, нашыя сілавікі, міліцыянты. А людзі ў нас добрыя, руплівыя, працавітыя.

— Апошні эпізод рэпрэсій супраць цябе быў звязаны з супрацай з Белсатам. Што адбылося?

— Я тады анансаваў стрым з выязнога паседжання. Тут быў дэпутат — прадстаўнік Нацыянальнага сходу. За тры дня я гэта анансаваў і потым мяне проста СМСкай выклікалі на размову — што на мяне заведзеная адміністрацыйная справа. Я прыйшоў, адмовіўся здаваць свае рэчы, яны тады мяне затрымалі, бо іншага выйсця ў іх не было для таго, каб пратрымаць мяне гэтыя тры гадзіны (каб я не трапіў на гэтае выязное паседжанне), і таму яны выдумалі нейкае глупства — што я супрацоўнічаю з Белсатам, маючы на ўвазе тое інтэрв'ю, якое ў мяне бралі за цішотку з чыноўнікамі.

— І чым усё скончылася?

— Зараз, як я разумею, справа адпраўленая на дапрацоўку, і сёння мне ўжо прыйшла СМСка, што трэба азнаёміцца з пратаколам па адміністрацыйнай справе. Артыкул 22.9 КаАП — парушэнне закона аб СМІ. (падчас суду па іншай справе над Павуком - за недапушчэнне яго на паседжанне райвыканкаму, увогуле высветлілася, што рашэнне па справе было гатовае загадзя — аўтар).

— Чаму, па-твойму, чынавенства так нервова рэагуе на тваю грамадскую актыўнасць? Ты нікога не абражаеш, не чыніш масавых беспарадкаў, не заклікаеш да перавароту ў Акцябрскім... Што ім не падабаецца?

— Гэта для мяне загадка, насамрэч. Я не магу зразумець, што адбываецца ў Беларусі. Канстытуцыя нам гарантуе права свабодна думаць, здымаць, здабываць і распаўсюджваць інфармацыю. Я — грамадскі актывіст. І чаму мяне не любіць улада, трэба запытаць у іх: чаму яны такія пужлівыя?

— Ты, безумоўна, ведаеш пра апошнюю атаку дзяржавы на СМІ. Як думаеш, у чым прычына?

— Я адмаўляюся верыць у тое, што нашая ўлада настолькі дэбільная, што можа проста так лупіць, запалохваць грамадзян гэтымі арыштамі і ператрусамі ў незалежных СМІ. Напэўна, павінна быць нагода. Я так разумею — яна яшчэ не агучаная. Бо гэтыя ўсе версіі аб тым, што хочуць задушыць свабоду слова, альбо «помста за інсульт», альбо падрыхтоўка да анексіі Беларусі... Я чакаю, што скажа наш «дзед», у чым прычыны. Бо ён пакуль не каментуе, а павінен сказаць, чаму ён заварыў гэтую кашу. Я адмаўляюся верыць, што Джордж Оруэл ажыў.

— Але пераслед незалежных блогераў — гэта ўжо не навіна, ён працягваецца не першы дзень. Больш за тое, дзіўны сам той факт, што з'явілася такая вялікая колькасць блогераў, якія крытыкуюць улады. Як думаеш, чаму так адбылося?

— Я лічу, што чалавек не можа жыць у тым сюрэалізме, які прыдумала наша дзяржава. Бо тут нельга рабіць нават тое, што не забаронена. Таму людзі паўстаюць — у іх няма выбару. Яны гавораць праўду. Яны хочуць жыць у цудоўнай свабоднай краіне, а не ў калоніі агульнага рэжыму.

— І ты лічыш, яны будуць паўставаць надалей?

— Так, з такімі метадамі, якія зараз ужывае дзяржава, нам нічога не застаецца, акрамя як супраціўляцца і бунтаваць.

— А чуткі пра інсульт — праўда?

— Не магу такія навіны абмяркоўваць, бо не ведаю, хто такі спадар Лукашэнка. Ведаю толькі таго персанажа, якога паказваюць па тэлевізару, які кажа нешта незразумелае і супярэчлівае. Не ведаю, хто ён. Мо іх два, мо іх тры? Таму адмаўляюся каментаваць такія навіны...

— У апошні час цік на блогераў і незалежныя СМІ ўзмацняецца. Зразумела, што хутка любога могуць пачаць затрымліваць, саджаць на суткі... Што будзеш рабіць, калі гэта адбудзецца?

— Пра такія планы не кажуць у эфіры (смяецца!). Але... усё ідзе па плану!

—- Тваё жыццёвае крэда?

— Трэба жыць так, каб пра цябе ведаў Гугл!

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]