У першай дэкадзе верасьня плянуецца мітынг у Курапатах.
На пачатку верасьня абаронцы Курапатаў прэзэнтуюць адмысловы сайт, дзе будуць выкладзеныя ўсе матэрыялы наконт байкоту рэстарану «Поедем поедим». У першай дэкадзе верасьня плянуецца мітынг у Курапатах, паведамляе «Радыё Свабода».
Такое рашэньне прынята ў пятніцу на штотыднёвым апэратыўным сходзе. Яго правёў сустаршыня БХД Павал Севярынец, які 16 жніўня выйшаў на волю пасьля 10 сутак арышту.
«Пакуль кампанія байкоту ідзе мэтава, адрасна, паціху, але зь верасьня мы актывізуемся», — запэўніў Севярынец.
У сьпісе актыўных пастаўшчыкоў і вытворцаў рэстарацыі «Поедем поедим» — фірма «Марозпрадукт» з Мар’інай Горкі, які пастаўляе марозіва «Плямбір 20 капеек»; Слуцкі хлебазавод, які вырабляе хлеб пад назвай «Бульбаш» (менскія хлебазаводы пасьля тлумачальнай працы адмовіліся ад паставак); «Е-дастаўка» — структура «Эўраопта», якая дастаўляе прадукты па Менскай вобласьці; «Бабруйскі бровар» (Лідзкі піўзавод пастаўляць піва адмовіўся), Vino&Vino, некалькі індывідуальных прадпрымальнікаў.
«Мы агучваем фірмы па чарзе, бо пасьля таго, як іх заўважылі каля рэстарацыі, мы дасылаем ім ліст з тлумачэньнямі і просьбай адмовіцца пастаўляць сваю прадукцыю ў „Поедем поедим“. Калі яны цягам тыдня не адказваюць, абаронцы ўключаюць іх у сьпіс байкоту. Мы вытрымліваем „час прыстойнасьці“, даем ім магчымасьць падумаць, адказаць нам і адмовіцца», — кажа Павал Севярынец.
У сьпісе асобаў, якім актывісты абвясьцілі «пэрсанальны байкот», застаюцца тыя ж 35 прозьвішчаў, што былі ўнесеныя два тыдні таму. Ёсьць іх біяграфіі, фатаздымкі. Па чарзе зьвесткі пра іх будуць выстаўляцца на сайт байкоту.
Павал Севярынец паведаміў таксама, што была праблема з вартай у чацьвер, бо пасьля сыходу партыі БНФ з Курапатаў складана было закрыць гэты дзень. Але зьявілася ініцыятыўная група, якая ўзяла дзяжурства ў чацьвер на сябе.
«Зараз задача — дзень прастаяць і ноч пратрымацца, бо жнівень — вельмі цяжкі месяц, людзі ў адпачынках, на вакацыях. Так што просім неабыякавых людзей далучацца да варты ў Курапатах», — запрашае Севярынец.
Прынята рашэньне з тых ахвяраваньняў, якія людзі пералічвалі на рахунак ці перадавалі на абарону Курапатаў, дапамагчы асобным актывістам, якія знаходзяцца ў цяжкім матэрыяльным стане (некаторым паадключалі сьвятло, газ, інтэрнэт).
«Што да пазову Ізраілевіча да газэты „Новы час“ на 40 тысяч рублёў, будзем падключаць юрыстаў. Грамадзтва на нашым баку, думаю, што яны прайграюць гэты суд калі не ў адміністрацыйным сэнсе, то ў маральным дакладна», — кажа Севярынец.
Паводле Севярынца, у будзённыя дні наведнікаў бывае максымум 10 чалавек, у выходныя 15–20, пра рэнтабэльнасьць і прыбытак размова не ідзе.