Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«Вялікая вайна»: Як ВКЛ грамiла крыжакоў

17.08.2018 общество
«Вялікая вайна»: Як ВКЛ грамiла крыжакоў

Беларусы далi бой наймацнейшай ў тагачаснай Еўропе арміi.

Нашае войска сустрэлася з ворагам 15 ліпеня 1410 г. на ўзгорыстым полі паміж тагачаснымі прускімі мястэчкамі Танэнбэргам і Грунвальдам.

Тэўтонцы на чале з вялікім магістрам Ульрыхам фон Юнгінгенам з'явіліся першыя і добра падрыхтаваліся да бітвы. Крыжакі размясцілі сваю наймацнейшую ў тагачаснай Еўропе армію ў дзве лініі на фронце 2,5 кіламетра на ўзвышшы. Поруч з немцамі стаялі рыцары з Англіі, Францыі, Швейцарыі ды іншых заходнееўрапейскіх краінаў. Наперадзе закутых у панцыры крыжацкіх «кліноў» знаходзіліся, як паведамляе «Хроніка Быхаўца», замаскаваныя дзёрнам «воўчыя ямы» - пастка для непрыяцельскай конніцы. За баявымі шыхтамі рыцараў чакалі сігналу арбалетнікі і бамбардзіры. Крыжакі выставілі 51 харугву - болей за 30 тысяч ваяроў.

Войска Вітаўта і Ягайлы ўтварала роўны па даўжыні фронт з праціўнікам. Сорак харугваў Вялікага Княства знаходзіліся на правым фланзе.

У складзе Вітаўтавых сілаў была татарская кавалерыя хана Джэлал-ад-Дзіна. Маскоўскі князь Васіль І ад удзелу ў паходзе ўхіліўся. Ягайлава войска, як і тэўтонскае, складалася з 51 харугвы. На дапамогу Вялікаму Княству і Польшчы прыйшлі таксама аддзелы чэхаў і мараваў.

Злучаныя сілы дзвюх дзяржаваў мелі блізу 40 тысяч ваяроў. Крыжакоў было прыкладна на 10 тысяч меней, аднак яны мелі лепшае ўзбраенне, хоць і ў шэрагах нашай арміі шмат ваяроў у рыцарскім рыштунку нічым не саступалі ворагам.

Звесткі пра агульную колькасць удзельнікаў бітвы ў розных гістарычных крыніцах значна разыходзяцца. Некаторыя хронікі называюць лічбы 100 і нават 150 тысяч. У кожным разе гэта была адна з найбуйнейшых бітваў Сярэднявечча, ад якой залежала будучыня цэлых народаў.

Традыцыйна лічыцца, што аб'яднанымі сіламі кіраваў кароль Ягайла. Але гэтае кіраванне было намінальным. Ёсць важкія доказы ў тых гісторыкаў, якія сцвярджаюць, што арміяй рэальна камандаваў Вітаўт. (Наш гаспадар, дарэчы, старшыняваў на апошняй перад сечаю вайсковай радзе.)

Пасля спявання ўсім войскам «Багародзіцы» першай па сігнале баявых трубаў пайшла ў наступ лёгкая, а затым цяжкая кавалерыя Вялікага Княства. Пярэднія шэрагі вершнікаў праваліліся ў «воўчыя ямы», аднак астатнія знайшлі праходы і не далі атацы захлынуцца. Татарская конніца выкарыстала старую ўлюбёную зброю - арканы, у выніку чаго пярэдні шыхт крыжакоў на вокамгненні апынуўся пад капытамі ўласных коней. Вітаўт увесь час быў сярод сваіх ваяроў і сам кіраваў імі ў сечы.

Спадзяванні тэўтонцаў на артылерыю сталіся марныя. Нашыя вершнікі пасеклі кананіраў і арбалетнікаў. Але вялікі магістр Ульрых фон Юнгінген разам з вялікім камтурам Кунам фон Ліхтэнштайнам і вялікім маршалам Фрыдрыхам фон Валенрадам, якія камандавалі правым і левым флангамі, былі спакойныя. Яны ведалі, што ўзначальваюць наймацнейшую ў Еўропе армію, і не сумняваліся ў поспеху.

Загула зямля, і на харугвы Вялікага Княства рушыла цяжкая тэўтонская Кавалерыя. Праз гадзіну ўпартай сечы ліцьвіны сталі адыходзіць да абозу.

Крыжакі, ужо прадчуваючы перамогу, кінуліся ў пагоню. Яны не ведалі, што «ўцёкі» ліцьвіноў напраўду былі тактычным манеўрам Вітаўта, які меў на мэце парушыць баявыя парадкі цяжкой кавалерыі непрыяцеля і рассеяць яе на шырокай прасторы.

Харугвы вялікага магістра і правы фланг нямецкай арміі неўзабаве былі абкружаныя і апынуліся ў двух вялізных «катлах». Надвячоркам жорсткая і бязлітасная сеча скончылася поўным разгромам тэўтонцаў. Ад рукі аднаго з Вітаўтавых ваяроў-ліцьвіноў загінуў вялікі магістр Ордэна. Палегла і ягонае кіраўніцтва: вялікі і ўсе астатнія камтуры, вялікі маршал, большасць войтаў.

Наладзіўшы пагоню, Вітаўт і Ягайла мелі шанец канчаткова дабіць Ордэн. Але перамога далася вельмі дарагой цаной. Палова войска Вялікага Княства навекі засталася ў чужой зямлі. 3 другога боку, Вітаўт не імкнуўся да поўнага разгрому Тэўтонскага ордэна, бо гэта ўзмацняла б Польшчу.

Перамога пад Грунвальдам (беларускія летапісы называюць гэтую бітву Дубровенскай, а нямецкія хронікі - Танэнбэргскай) паўплывала на гістарычны лёс шэрагу еўрапейскіх народаў. Была спыненая больш чым 200-гадовая нямецкая экспансія на ўсход. Паводле ўмоваў падпісанага ў 1411 г. Торунскага міру крыжакі мусілі вызваліць усе захопленыя землі і заплаціць пераможцам 300 тысяч дукатаў.

Уладзiмiр Арлоў, «Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]