Больш за два з паловай месяцы абаронцы Курапатаў пікетуюць рэстаран ля месца масавых расстрэлаў ва ўрочышчы Курапаты.
У суботу 18 жніўня на трох пікетоўцаў было складзена агулам 8 пратаколаў за парушэньне правіл дарожнага руху, паведамляе «Радыё Свабода».
У пятніцу 17 жніўня ў рэстаране насуперак абяцаньням уладальнікаў гуляла вясельле і грымеў салют.
З гэтай нагоды пачаўся збор подпісаў пад пэтыцыяй у Генэральную пракуратуру пра неаднаразовыя парушэньні прадпісаньня генэральнай пракуратуры рэстаранам «Паедзем паеду» ля Курапатаў. Раней уладальнікі абяцалі, што на адкрытай тэрыторыі ня будзе гучаць гучная жывая музыка і ня будзе забаўляльных музычных праграм, будуць толькі трансьляцыі ТБ, у асноўным — гэта спартовыя праграмы. Таксама было абяцана, што ня будуць праводзіцца гучныя мерапрыемствы і фэстывалі, ня будзе салютаў і фэервэркаў.