Пачынальнік слаўнага роду і чацвёра яго братоў прымалі ўдзел у паўстанні супраць царызму ў 1863–1864 гадах.
Гісторыка-краязнаўчы гадавік «Віленскі павет» прыйшоў да мяне выпадкова, праз знаёмага, піша Галіна Каржанеўская для «Новага часу». Краязнаўца і патрыёт Вілейшчыны ведаў, што я пішу дакументальную кнігу пра Лагойскі раён. Маўляў, мы ж з вамі суседзі, раю прачытаць. Ва ўспамінах Козел-Паклеўскага пра бацьку (абодва Тадэвушы) я знайшла шмат цікавага і раней не вядомага.
Дзяды
Пачынальнік роду Юзаф, дзед па мячы, нарадзіўся на Віленскай зямлі ў родавым маёнтку Сэрвач. Ён і чацвёра яго братоў прымалі ўдзел у паўстанні супраць царызму ў 1863–1864 гадах. Былы штабс-капітан царскай арміі Вінцэнт арганізаваў групу паўстанцаў, якую царскае войска атачыла ва Уладыках. Сам прэзідэнт Польшчы адкрываў там помнік на магіле паплечнікаў Кастуся Каліноўскага ў міжваенны час. У 1961 годзе помнік быў зруйнаваны.
Уладзімір Кажамяка ў кнізе «Не пакідаюць нас белыя лебедзі» піша: «Паўстанцаў паўсюдна вышуквалі і забівалі на месцы, як гэта было 16 мая 1863 года ў Абадоўскай пушчы. Тут частка атрада пад камандаваннем Козел-Паклеўскага была знішчана цалкам. Некалькі чалавек патанулі ў рацэ Ілі. Царскія войскі таксама пацярпелі: хаця паўстанцы і былі заспеты знянацку, яны рашуча прымянілі зброю…» Двое братоў загінулі. Ацалелі два малодшыя змагары за вольнасць — Зянон і Юзаф, іх пакаралі ссылкай у Сібір.
Юзаф як удзельнік «студзеньскага паўстання» трапіў на прымусовую службу ў Омск. Невядома, колькі працягвалася тая служба, бо далёкі сваяк, фінансавы магнат і прамысловец Альфонс Фаміч з гэткім жа прозвішчам нейкім чынам здолеў забраць Юзафа да сябе ў губернскі горад Екацярынбург. Дакладней — на 250 кіламетраў далей, у Таліцу. Адкрываю назву ў сеціве… і што бачу? Што станцыя была перайменаваная, а раней, ад будаўніцтва магістралі Екацярынбург—Цюмень да 1963 года мела назву «Паклеўская».
Выяўляецца, што Альфонс Фаміч укладаў сродкі ў будоўлю чыгункі. І, відаць, немалыя, бо, скарыстаўшыся сувязямі ў сенаце, дамогся змены праекта. Чыгуначнае палатно і саму станцыю перанеслі бліжэй да яго ўладанняў, для зручнасці дастаўкі сыравіны да вінакурнага завода і адвозу віна-гарэлачнай прадукцыі. Таму новая станцыя атрымала частку яго шляхецкага прозвішча. У Расійскай імперыі пісалася яно на замежны манер — Паклеўскі-Козел.
Юзаф дапамагаў патрону і знайшоў асабістае шчасце: ажаніўся са стрыечнай сястрой антакольскага сваяка, таксама высланага за мяцеж. Даў жыццё тром сынам: Юзафу, Вінцэнту і Тадэвушу (Род багаты на сыноў. Блытаніна можна ўзнікнуць з-за таго, што ў ім паўтараюцца аднолькавыя імёны).
«Мой дзед памёр у 1915 годзе. Вестка пра яго смерць рэхам адгукнулася ў варшаўскай прэсе», — піша Тадэвуш-малодшы ў нататках «Мой тата».
Бацька
Сыны Юзафа скончылі дзяржаўную гімназію ў Екацярынбурзе, атрымалі вышэйшую адукацыю. Два старэйшыя вучыліся ў Львове, а малодшы скончыў юрыдычны факультэт Кіеўскага ўніверсітэта. Потым яны сустрэліся ў Бабруйску, у І Польскім корпусе (крэўная роднасць альбо любоў да Айчыны трымала іх поруч?).
У складзе І Корпуса тады налічвалася каля 24 тысяч салдат і афіцэраў. Камандаваў корпусам генерал-лейтэнант Рускай Імператарскай арміі Доўбар-Мусніцкі. Дарэчы, адным з афіцэраў быў і Уладзіслаў Андэрс, чыё імя ў Другую сусветную вайну стала сімвалам гераізму польскіх узброеных сіл у барацьбе з нацызмам. Вядомы даследчык Ігар Мельнікаў называе І Корпус «кузняй камандных кадраў будучай польскай арміі».
Тадэвуш Козел-Паклеўскі скончыў кавалерыйскае вучылішча, і ўсё яго далейшае жыццё было звязана з войскам і «стратэгічнай жывёлінай» — канём. Польская шляхта, як вядома, лічыла вайсковую службу сваім галоўным прызваннем. «Вось так сыны паўстанца 1863 года пасля 54 гадоў і пасля смерці бацькі сталі на той самы шлях барацьбы за незалежнасць Польшчы», — каментуе падзеі аўтар мемуараў.
Але гаворка ў нас пойдзе пра малодшага з сыноў Юзафа — Тадэвуша (1890–1942). Прыкладна ў 1916 годзе ён трапіў у сямейны маёнтак у Сэрвачы, куды пасля выгнання так і не вярнуўся бацька. У 1919 годзе, калі Польшча атрымала незалежнасць, браты ўступілі ў эскадрон запаснога палка пад кіраўніцтвам Закрэўскага.
Тадэвуш Козел-Паклеўскі, юнкер кавалерыі, прымаў удзел у баях з Чырвонай Арміяй пад Варшавай і быў узнагароджаны «Крыжам храбрых». Яго воінскія подзвігі высока ацаніў палкоўнік Адам Закрэўскі. Мяркуючы па штабных картах, якія захаваліся ў нашчадкаў, улан гнаў вестуноў сусветнай рэвалюцыі аж да Ракава і Радашковічаў, дзе амаль на 20 гадоў усталявалася ўсходняя мяжа Другой Рэчы Паспалітай.
Уланы
Уланамі (ад турэцкага «юнак») называлі лёгкую кавалерыю з пікамі, шаблямі і пісталетамі. Іх форма адметная высокім чатырохкутным галаўным уборам — легендарнай канфедэраткай. Уланы былі гонарам Польшчы і ў 20–30-я гады лічыліся лепшымі ў Еўропе.
Вось як выглядаў летні расклад кавалерыйскага палка, які стаяў у Баранавічах у 1925 годзе і ўваходзіў у створаны Корпус аховы памежжа (КАП). Пабудка ў 4.30. Ад 4.45 да 5.15 паілі і кармілі коней. Пасля ранняга сняданку 45 хвілін займаліся гімнастыкай. Астатні час аддавалі вучэнням.
Ад ураджэнца Вілейшчыны Міхаіла Саўчыца чула я прыпеўку польскіх кавалерыстаў, пачутую ім у дзяцінстве і перайначаную на беларускі лад:
Шаблі ў рукі, пікі ў длонь,
Бальшавікаў гонь-гонь-гонь!
Пікі з цягам часу ўдасканалілі: да вастрыя мацавалі супрацьтанкавую гранату, серыйны выраб такой зброі быў наладжаны на мэблевай фабрыцы ў Слоніме. Так што ў 1939 годзе нямецкія танкі кавалерыя атакавала не з шаблямі, як пішуць, а менавіта з гэтымі ўзрыўнымі пікамі.
Мноства такіх гранат дасталася чырвонаармейцам пры пераходзе польскай мяжы. Іх выкарысталі пад Курскам у якасці авіябомбаў. Немцам пашанцавала меней: скапіявалі ўзор, удасканалілі і атрымалі «Фаўстпатрон», значна менш дакладны па дзеянні.
Міжваеннае
У 1922 годзе кавалерыст быў дэмабілізаваны з Войска Польскага ў званні падхарунжага. У маі таго ж года ён ажаніўся з Магдаленай з Незабытоўскіх і пасяліўся ва ўласным маёнтку Кастыкі каля Сэрвачы ў гміне Касцяневічы Вілейскага павета. Згодна з месцам пасялення быў прымацаваны да 4-га Віленскага палка занёманскіх уланаў адроджанага Войска Польскага.
Пра гаспадарчую дзейнасць памешчыка сын амаль не расказвае, мы толькі ўскосна даведваемся, што бацька займаўся конегадоўляй і звераводствам. Згаданы Міхаіл Саўчыц распавёў, што ў блізкім ад Кастыкаў Людвінове ў савецкі час існавала звераферма, дзе вырошчвалі пушных звяроў. (Там жыў брат Тадэвуша, Вінцэнт. — Г.К.) Безумоўна, узнікла ферма на базе панскай, што існавала пры паляках, а пазней і пры немцах. Гэтак жа ўтвараліся калгасы на інфраструктуры апусцелых панскіх сядзібаў.
На савецка-польскай мяжы пад Стоўбцамі
Прадстаўнік польскай эліты захоўваў спартанскі лад жыцця. Галоўнай мэбляй у пакоі Тадэвуша-старэйшага былі козлы, на якіх ляжалі сёдлы, вісела конская вупраж і зброя: дзве шаблі, некалькі паляўнічых стрэльбаў і дзедаўская крэмніевая аднастволка. Меўся рэвальвер «Кольт» і пісталет, які ўначы трымаўся пад падушкай.
«Бацька жыў на кані», — успамінае сын. Конна назіраў за працай на палях і ў лясах, ездзіў у гміну і ў Вілейку (33 км.). Калі жонка з дзецьмі ехалі на свята ў брычцы, ён скакаў поруч. У якасці рэзервіста і знаўцы коней памешчык быў прыняты ў павятовую Рамонтную камісію («рамонт» па-польску «прызыў».) Бо коні, як і людзі, у часы ліхалеццяў падлягалі прызыву, станам конегадоўлі належала займацца. У суседніх маёнтках жылі родныя браты, Юзаф і Вінцэнт.
2 верасня 1939 года, на другі дзень пасля нападу Вермахта на Польшчу, Тадэвуш Козел-Паклеўскі быў мабілізаваны для абароны Айчыны. Ён прымаў удзел у абароне на той час польскай Вільні ад Саветаў. Пасля на працягу двух дзён абараняў Гродна і зноў мусіў са сваім падраздзяленнем перайсці літоўскую мяжу. Атрымаў статус інтэрніраванага, здолеў уцячы з лагеру і ў хуткім часе ўз’яднаўся з сям’ю, якая перабралася ў Вільню з маёнтка пад Касцяневічамі.
15 чэрвеня 1940 года «мы трапілі ў Савецкі Саюз ужо другі раз», — піша Тадэвуш-малодшы.
Другая сусветная
Прыходу немцаў ніхто, акрамя бальшавікоў, у Вільні не баяўся: «Мы з запалам каментавалі прычыны панічных уцёкаў нашай апошняй улады і чакалі немцаў, якія павінны былі выбавіць нас ад вывазу ў Сібір». У Сібіры Тадэвуш-старэйшы нарадзіўся, і долю бацькі-выгнанніка паўтараць не хацеў.
Бацькі неадкладна пачалі рабіць крокі для бяспекі сям’і. Яны шмат ведалі пра вываз у Казахстан палякаў, а таксама сваякоў і знаёмых з Вілейскага павету. Ехаць туды не хацелі, таму змянілі нацыянальнасць. Змена нацыянальнасці палягала ў тым, што было атрымана новае пасведчанне аб святым хросце з праваслаўнай парафіі. Пры гэтым згубілася беларуская частка прозвішча «Козел».
Такім чынам, сям’я пры акупацыі заставалася ў Вільні, а гаспадар стаў упраўляючым свайго былога маёнтка ў Кастыках. Пабачыўшы, як немцы абыходзяцца з палоннымі чырвонаармейцамі, сказаў, што яны такімі метадамі вайну не выйграюць.
Сын заўважыў, што бацька замнога кружыць па павеце і шмат з кім сустракаецца. Кантакты, як ён пазней зразумеў, мелі канспіратыўны характар. Аднойчы, везучы жонку з дачкой да сваёй сядзібы, зрабіў ад Касцяневічаў ладнага кругаля і патрапіў ажно ў Плешчаніцы. Праз мястэчка з вілейскай турмы № 22 гналі на ўсход вязняў. Відаць, немцы на сваёй мабільнай тэхніцы даганялі пешых, і ўсе вязні (800 чалавек) 24 чэрвеня 1941 года былі знішчаны. Большасць з іх — жыхары Гродзеншчыны, схопленыя пасля ўсталявання Савецкай улады.
Толькі праз 70 год сястра адважылася распавесці пра ўбачанае на месцы трагічнай падзеі. Вязніца ў Вілейцы «была страшэнная». Дзейнічала яна да 1947 года, у ёй загінулі тысячы зняволеных. У тым будынку пазней размясцілі бальніцу. У 2000 годзе капалі зямлю пад фундамент правага крыла і натрапілі на «ямы смерці». Парэшткі ахвяр эксгумавалі і перанеслі на новыя могілкі, усталявалі там каменны помнік і роўнаканцовы крыж.
Польскі памешчык і з немцамі ладзіў, і з партызанамі сустракаўся. Шкуркамі «серабрыстых лісаў» падкупляў германскіх афіцэраў і выкарыстоўваў іх у якасці кур’ераў для сувязі з сям’ёю. Меў кантакты з «камісарам Цімчуком». Тут таксама варта спыніцца.
Іван Цімчук быў камісарам у некалькіх брыгадах. На той час — у атрадзе Варанянскага, «Дзядзі Васі» (пазней — брыгада «Народныя мсціўцы»). Узначальваў Лагойскі падпольны райкам партыі, у 1944 — Першую Антыфашысцкую брыгаду. (Для тых, хто не ведае: брыгаду Гіля-Радыёнава, якая належала да СС і перайшла на бок партызанаў. — Г.К.) Змагаўся са злоўжываннямі ў партызанскіх шэрагах.
Іван Мацвеевіч прыбыў у Беларусь у 1932 годзе. З 1939 па 1941-ы ўзначальваў Вілейскую звераферму. Хутчэй за ўсё, тую самую — пад Касцяневічамі. Памешчык мог ведаць Цімчука па сваёй працы. Іншае пытанне, пры якіх абставінах яны маглі перасекчыся. Выкажу дапушчэнне, што знаёмства адбылося ў першыя дні вайны, пакуль гітлераўцы яшчэ не прыйшлі.
Мяне ўразіў факт, што камісар ужо ратаваў польскую сям’ю: «Гэта быў той чалавек, які 18 кастрычніка 1939 года замест Казахстана адправіў маю маці з дзецьмі ў Вільню». То бок Савецкая ўлада не дала загінуць прыбытковай гаспадарцы і спешна перавяла Цімчука яе дырэктарам. Так ён пазнаёміўся з пані Магдаленай, што засталася з пяццю дзецьмі і з рэальнай перспектывай на высылку.
Вярнуўшыся, Козел-Паклеўскі неўзабаве знайшоў партызанскага камісара і меў з ім нейкія перамовы. Магдалена разумела, што муж вядзе падвойнае жыццё. Заклікала да адказнасці: табе 51 год, памятай пра сям’ю! Ты і так прайшоў «паўтары сусветныя вайны»!
У лютым 1942-га бацька прыехаў да сям’і апошні раз. Пра яго арышт і смерць паведаміў дзядзька з Сэрвачы. Юзаф паспеў сысці з бацькаўшчыны і ніколі больш туды не вярнуўся, містычным чынам паўтарыўшы лёс свайго бацькі-цёзкі. Вінцэнт яшчэ раней трапіў у Казельск, а потым знайшоў смерць у Катыні.
Тадэвуша таксама папярэдзілі пра небяспеку, але ён мусіў чакаць сувязную ад партызанаў. Фатальным чынам яна спазнілася, яе апярэдзілі гестапаўцы. Так падпольшчыка арыштавалі.
Віленскае гестапа складалася з латышскіх немцаў, шэфам СД быў Грубер. Тадэвуша Паклеўскага пачалі дапытваць, у засценак вадзілі людзей на вочную стаўку. Ён усю віну браў на сябе. Высветлілася, што падпольную сетку ў Вілейскім павеце выдаў адзін арыштаваны. Немцы пацягнулі за нітачку — і выявілі іншых удзельнікаў падполля. Следства цягнулася нядоўга. У ноч з 9 на 10 ліпеня сына паўстанца расстралялі на падворку турмы. Ён быў кіраўніком падраздзялення Арміі Краёвай Вілейскага павета пад кодавай назвай «Поле». За некалькі месяцаў ён стварыў пашыраную сетку з сарака палякаў, якія засталіся пасля вынішчэння ГПУ і НКУС з 1939 па 1941 год.
Дзеці
Усе дзеці Паклеўскіх у сацыялістычнай Польшчы атрымалі адукацыю. Жылі цяжка, бо ўдава афіцэра або зусім не мела пенсіі, або атрымлівала невялікую. Атрымаўшы ў Вільні фальшывыя паперы аб іншым месцы нараджэння, рэпатрыянты і ў Польшчы заставаліся «з фальшывай нацыянальнасцю». Па ўсёй бачнасці, перапісаліся на рускіх.
Сацыялістычная Польшча
Тадэвуш-малодшы дзіцем пры вызваленні Вільні страціў вока. У 1949 годзе паступіў у Лодзінскі ўніверсітэт на факультэт гісторыі мастацтва, пазней перайшоў на старажытную гісторыю. Вучыўся ў Францыі і Бельгіі. Абараніў ступень магістра, а пасля — доктарскую. Займаўся гісторыяй сярэднявечных замкаў. Меў сям’ю. Наконт нацыянальнасці адказваў так: «Я з Вялікага Княства. Напэўна, па выхаванні і маўленні паляк, але я ведаю, што сям’я мая з каранямі беларускімі і літоўскімі».
Родныя Кастыкі Тадэвуш наведаў у 1997 годзе. За два гады да смерці выдаў кнігу мемуараў. Апошні нашчадак слаўнага роду памёр 25 верасня 2015 года.