Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Міхаіл Чыгір: Дробныя зьмены не дадуць чаканых вынікаў

20.08.2018 общество
Міхаіл Чыгір: Дробныя зьмены не дадуць чаканых вынікаў

Беларускай эканоміцы патрэбныя радыкальныя зьмены.

Госьць «Інтэрвію тыдня» «Радыё Свабода» — першы прэм’ер-міністар Беларусі пасьля ўвядзеньня пасады прэзыдэнта Міхаіл Чыгір. Ён лічыць, што супольная і аб’яднаная пазыцыя чальцоў ураду часам можа пераканаць кіраўніка дзяржавы, заяўляе, што пазыцыя былога прэм’ера Кабякова заўсёды была накіраваная на падтрымку меркаваньня Лукашэнкі, і мяркуе, што беларускай эканоміцы патрэбныя радыкальныя зьмены.

Калі ў маю бытнасьць прэм’ерам усе ўрадоўцы займалі нейкую агульную пазыцыю, то Лукашэнка пагаджаўся з намі

 

— Калі вы даведаліся пра зьмены ва ўрадзе, у тым ліку асобы прэм’ер-міністра, — як вы ацанілі гэты крок? Ці лічыце, што гэта можа прывесьці да нейкіх зьменаў у эканамічнай палітыцы? Ці галоўнае не ў пэрсаналіях, а ў тым курсе і тых рамках, якія задае сам Лукашэнка?

— Надзея заўсёды памірае апошняй. Хацелася б, каб зьмены былі. Калі ў маю бытнасьць прэм’ерам усе ўрадоўцы займалі нейкую агульную пазыцыю, то Лукашэнка (які вельмі кепска паддаецца на прапановы іншых) усё ж пагаджаўся з намі. Калі дружна адстойваць нейкую пазыцыю, то Лукашэнка (прынамсі, раней) пагаджаўся з такімі прапановамі. Таму я спадзяюся, што нейкія зьмены павінны быць, бо сытуацыя гэтага вымагае.

— А хіба гэтыя новыя чальцы ўраду складаюць адну каманду — каб аб’яднацца і нешта даказваць Лукашэнку? Здаецца, яны даволі розныя людзі, з рознымі падыходамі.

— Румаса я ведаю някепска, але іншых ня вельмі, каб меркаваць, якую яны будуць займаць пазыцыю. Але калі чалавек займае пэўную пасаду, ён павінен заглыбіцца ў справу і выпрацаваць тую ці іншую пазыцыю. Інфармацыі паступае дастаткова, трэба проста выбраць сваё стаўленьне. Паглядзім, як яно будзе.

Пазыцыя Кабякова заўсёды была накіраваная на падтрымку меркаваньня Лукашэнкі

 

— У папярэднім складзе ўраду галоўным «рыначнікам» і «рэфарматарам» (як яго называлі назіральнікі) быў Васіль Мацюшэўскі, які, сярод іншага, скончыў Лёнданскую школу эканомікі. Але яго не пакінулі ў новым складзе ўраду. Ці можна сказаць, што падчас ягонай працы віцэ-прэм’ерам адбыліся істотныя станоўчыя зьмены?

— Зьменаў не адбылося. Але тут шмат залежыць ад прэм’ера. Нават калі ў віцэ-прэм’ера ёсьць нейкая пазыцыя — яна павінна дайсьці да кіраўніка дзяржавы праз прэм’ера. Я думаю, гэтага не адбывалася. Кабякоў працаваў яшчэ пры мне, і яго пазыцыя заўсёды была накіраваная на падтрымку меркаваньня Лукашэнкі. Думаю, так было і пазьней.

— Вы былі выбраныя на пасаду прэм’ер-міністра адразу пасьля абраньня першага прэзыдэнта Беларусі, у ліпені 1994 году. Але ў лістападзе 1996 году вы падалі ў адстаўку на знак пратэсту супраць рэфэрэндуму, які рыхтаваў Лукашэнка з мэтай зьмяніць структуру ўлады, узмацніць сваю ўладу. Вы можаце сабе ўявіць, каб у наш час міністры маглі б публічна пратэставаць супраць Лукашэнкi?

 

— Цяжка сказаць. Спадзявацца на адкрытае супрацьстаяньне не даводзіцца. Але, па-першае, павінна быць закрытае супрацьстаяньне. Людзі павінны выпрацаваць сваю пазыцыю і пайсьці далажыць — без СМІ, без староньніх людзей. Пагатоў Румас падаваў пэўныя надзеі, ён жа пра крыптавалюты адкрыта выказаўся, што гэта ня тое, што патрэбна краіне. А больш ніхто. Тым больш я веру, што калі разам, дружна, то пераканаць Лукашэнку можна.

— У вас бывалі такія моманты?

— Бывалі. Калі атрымлівалі першы крэдыт МВФ. Лукашэнка працівіўся, казаў, што ніхто ня дасьць. Але ж атрымалася.

Ня трэба шукаць нейкага свайго асаблівага беларускага шляху ў эканоміцы

— Калі б Беларусsь працягвала тую лібэральную эканамічную палітыку, якую ў 1994–1996-м праводзілі вы і старшыня Нацыянальнага банку Станіслаў Багданкевіч — дзе была б Беларусь цяпер?

— Ну ня там, дзе мы цяпер. Можна параўнаць цяперашнія заробкі ў Польшчы, Літве і Беларусі. Ня трэба нічога выдумляць, трэба зрабіць аналіз, высновы і рабіць захады, многія зь якіх ляжаць на паверхні. Чаму паліцыі ў Польшчы амаль столькі ж, колькі ў Беларусі, а насельніцтва ў 4 разы больш?

— Цяпер сярэдні і мэдыянны заробак у Беларусі меншы, чым у 2010 годзе. Дык ці дастаткова будзе нейкіх дробных, не кардынальных зьменаў, каб палепшыць сытуацыю?

— Не. Дробныя зьмены не дадуць чаканых вынікаў.

— А што перш за ўсё трэба? Якія галоўныя зьмены ў эканоміцы, вы лічыце, неабходныя Беларусі зараз?

— Перш за ўсё паглядзець бюджэтныя выдаткі. Іх трэба скарачаць, як і памяншаць бюджэтны прэс. Не павінна быць дзяржаўнай уласнасьці ў дробных і сярэдніх прадпрыемствах. Ёсьць нямала добрых прапановаў з боку апазыцыі, ёсьць сусьветны досьвед у эканоміцы, які трэба выкарыстоўваць. Ня трэба шукаць нейкага свайго асаблівага беларускага шляху ў эканоміцы.

— Ваш прагноз: колькі Румас зможа прытрымацца на гэтай пасадзе?

— Гэта залежыць ад таго, як ён будзе працаваць. Калі будзе дабівацца зьменаў у эканамічнай палітыцы — дык можа доўга не пратрымацца. Хаця я ўсё спадзяюся, што Лукашэнка павінен зразумець, што трэба нешта рабіць, што не павінна так заставацца, як ёсьць.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]