Беларускі сьпявак ужо запісаў тры песьні на вершы Алеся Ліпая.
Як кажа Зьміцер Вайцюшкевіч «Радыё Свабода», праца над альбомам працягнецца.
«Гэта была ягоная прапанова, — расказвае Зьміцер Вайцюшкевіч пра альбом на вершы Алеся Ліпая. — Увесну мы запісалі тры песьні, вырашылі зрабіць паўзу, бо я заняты быў, у яго свае справы... Хацелі ўвосень, бліжэй да Новага году, вярнуцца да справы, думаць далей, што рабіць. Думаю, налета буду рабіць альбом самастойна. І вершы ён мне высылаў, і кніжку я маю».
Адна зь песень — «Я браў цябе за руку» — у акустычным варыянце ўвайшла ў саўндтрэк «Партызан-фільму» Андрэя Курэйчыка. Яе, а таксама песьню «Хто ты такая» Вайцюшкевіч ужо выконваў на канцэртах.
Алесь Ліпай памёр 23 жніўня ў Менску пасьля цяжкой хваробы ва ўзросьце 52 гадоў. Ён вядомы перадусім як заснавальнік і дырэктар БелПАН, найстарэйшага незалежнага інфармацыйнага агенцтва ў Беларусі, якое працуе ад 1991 году. Але Ліпай быў таксама паэтам, сябрам Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтру, выйшли кнігі ягонай паэзіі «Пад сьнегам» (2001), «Рэшта» (2007) і «Абдымкі» (2017).
«Ліпай — лірык, мне падабаюцца ягоныя тэксты, — кажа Вайцюшкевіч. — Ён выступаў у мяне на літаратурных фэстывалях „Салаўё“, вельмі кранальна і чульліва чытаў. Бачна было, што Беларусь і ўсё, што зьвязана зь ёй, яму вельмі моцна баліць. Шкада, што ён так рана пайшоў. Мог як паэт выказацца больш».