Нашае абурэньне — гэта натуральная рэакцыя.
Абурэньня беларускіх грамадзянаў з нагоды заплянаванага кіно «Беларусьфільму» пра Янку Купалу па-расейску і з расейскімі акторамі, мяркую, зусім не зразумеюць у Міністэрстве культуры Беларусі, якое выступае замоўцам. Бо такая замова, менавіта ў такой форме — лягічны працяг доўгага ланцуга гадоў (ад савецкай Беларусі і пасьля невялікай паўзы — ад прыходу да ўлады Лукашэнкі) культурніцкай палітыкі ў краіне Беларусь.
Нашае абурэньне — натуральная рэакцыя нармальных грамадзянаў, якія хочуць жыць у Беларусі беларускай. Іхнае неразуменьне таксама натуральнае, бо ў Міністэрстве культуры працуюць адмыслова падабраныя людзі, якія на працягу ўсёй сваёй кар’еры выконвалі іншае заданьне — далёкае ад працы на беларушчыну (за гэта іх у міністэрства і падабралі).
У савецкіх партыйных і кагэбісцкіх школах будучым функцыянэрам мэтадычна, настойліва ўбівалі ў галаву (і, мяркую, працягваюць убіваць сёньня) галоўную аксіёму палітыкі партыі бальшавікоў: усё, што мае ўплыў на масавую сьвядомасьць, мусіць быць пад нашым кантролем. Адсюль вядомае выказваньне Леніна: «З усіх мастацтваў найважнейшым для нас зьяўляецца кіно».
У савецкай Беларусі найважнейшаю мэтаю бальшавіцкай культурнай палітыкі была русыфікацыя. Пасьля невялікай паўзы ў пачатку 1990-х гадоў (распад СССР, аслабленьне Расеі), ад прыходу да ўлады Лукашэнкі гэтая мэта зноў выйшла ў галоўны прыярытэт дзяржаўнай культурнай палітыкі, ужо пад шыльдаю фармальна незалежнай Рэспублікі Беларусі. Прынцып той самы — усё масавае мусіць быць пад кантролем, а канкрэтна — мусіць быць выключна па-расейску, рэалізуецца ў Беларусі з жалезнай пасьлядоўнасьцю.
Вось шэраг красамоўных фактаў, якія лучыць між сабой сувязь з уплывам на масавую сьвядомасьць. Блізкая да поўнай ліквідацыі беларускамоўная адукацыя (Міністэрства асьветы ўжо нават не падае статыстыку вучняў — яшчэ баіцца нашай рэакцыі). Спэцыяльна зьліквідаваная вышэйшая беларускамоўная адукацыя, каб адбіваць ахвоту ў бацькоў аддаваць дзяцей у беларускія школы. Зьліквідаваныя ўсе беларускамоўныя FM-радыёстанцыі (з апошняга: успомніце лёс расейскамоўнага Аўтарадыё, якое «зашмат» пачало круціць песьняў па-беларуску). Дамінуе расейскае тэлебачаньне, а на канале «Культура», нібыта беларускім, насамрэч пераважае расейшчына ў савецкай форме.
Можа каму даводзілася купляць беларускамоўны атляс аўтадарог (самыя папулярныя карты ў краіне)? Я бяз посьпеху спрабую мо гадоў трыццаць. А беларуская мова на ўпакоўках тавараў (ужо большай масавасьці не знайсьці)?! Напрыклад, як толькі кандытарскія фабрыкі «Камунарка» і «Спартак» вярнуліся пад кантроль дзяржавы — адразу зьніклі беларускія надпісы на шакалядках.
Клясыкаў беларускай літаратуры на «Беларусьфільме» можна экранізаваць толькі па-расейску і толькі з расейскімі акторамі (пільнуюць «замяталіны» ды іх наступнікі-расейцы). «Дзікае паляваньне караля Стаха», «Чорны замак Альшанскі», усе экранізацыі твораў Васіля Быкава. Можа хто ведае адваротныя прыклады?
Працаўнікі Міністэрства культуры ў музэях краіны маюць устаноўку праводзіць экскурсіі для беларускіх турыстычных групаў па-расейску (спэцыяльна правяраў). Карэспандэнты дзяржаўнай тэлевізіі асьвятляюць дні беларускага пісьменства па-расейску, вуліцы імя Якуба Коласа ці Янкі Купалы абазначаюць расейскамоўнымі шыльдачкамі. Яшчэ фактаў, ці досыць?
Гэтак званае міністэрства культуры цалкам лягічна замаўляе за беларускія грошы фільм пра клясыка беларускай літаратуры па-расейску. Бо пад яго шыльдай хаваецца пятая/наццатая варожая калёна — удзельніца расейскай апэрацыі захопу Беларусі пад назвай «мэнтальная акупацыя».
Алесь Краўцэвіч, «Радыё Свабода»