Патрабуючы правоў, людзі выходзяць на вуліцы.
Чаму ціснуць на незалежны прафсаюз радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП), лідэраў якога асудзілі ў Менску? Бо гэта дзейны, эфэктыўны прататып палітычнай партыі. Не фармальнай, а рэальнай сілы, здатнай захопліваць розумы і сэрцы выбарнікаў.
Неяк я рабіў для Радыё Свабода рэпартаж з Воранаўскага раёну Горадзенскай вобласьці пра страйк мэханізатараў. За ўсю гісторыю незалежнай Беларусі такіх выпадкаў было ўсяго некалькі. Падзея сама па сабе экстраардынарная. Сяляне-пратэстоўцы — гэта даведзеныя да адчаю людзі. Да пратэстоўцаў прыехаў толькі адзін журналіст — я, больш нікога. Справа ўрэшце заглухла, пратэстоўцы паўладкоўваліся ў суседнія гаспадаркі.
А цяпер уявіце сабе, што да пратэстоўцаў, апроч групы журналістаў розных мэдыя, прыехаў бы лідэр палітычнай партыі ці руху. Выслухаў бы скаргі (у выпадку з Воранаўскім раёнам вялося пра тое, што дырэктар сельскагаспадарчага каапэратыву зьбіваў работнікаў і заніжаў заробкі). Арганізаваў бы юрыстаў, адстаяў у судзе інтарэсы рабацяг. Не на ўлёткі з налепкамі грошы патраціў, а на юрыстаў. Трыццаць пратэстоўцаў, плюс сем’і, плюс сябры. Усе твае прыхільнікі. Пагалоска пайшла б па ўсёй паўночна-заходняй частцы Беларусі. Да цябе як да палітыка-супэргероя-заступніка ўжо стаіць чарга. Толькі працуй, толькі набірай патэнцыйных сваіх выбарнікаў. Там і па ўсёй Беларусі пойдзе розгалас.
Неяк у размове адна дама, якая рэпрэзэнтуе афіцыйна зарэгістраваную палітычную партыю, патлумачыла мне, што я разважаю пра праваабарончую дзейнасьць, а задача палітычных партый у іншым: у стварэньні і прасоўваньні палітычных канцэпцый.
Не. У аўтакратыях ня так. Тут, у Беларусі, вам даюць магчымасьць гуляцца «ў палітыку». А паколькі ваша «палітыка» не становіць пагрозы для аўтакратыі, вам не замінаюць зьбірацца ў офісах і ўяўляць сябе палітычнымі дзеячамі, якія ствараюць і прасоўваюць свае канцэпты.
А вось як толькі вы пачынаеце зьбіраць вакол сябе патэнцыйных выбарцаў, тады вы робіцеся небясьпекай. І тады ўладзе ня важна, што там у вас напісана: вы лібэралы, кансэрватары ці сацыялісты. Ці наагул аматары піва. Была ў Беларусі Партыя аматараў піва. Толькі ўсе цудоўна разумелі, што гаворка не пра піва, а пра шлях краіны да заходніх каштоўнасьцяў. Сярод іншага — і правоў чалавека.
Дурны сон любога дыктатара
Правы чалавека — дурны сон любога дыктатара. Любыя правы. Патрабуючы правоў, людзі выходзяць на вуліцы. Прычым часта апалітычныя людзі. Як было з акцыямі «дармаедаў» у 2017 годзе. Вось ты дыктатар, гадамі бачыш, што людзі «паліцікай не інцірысуюцца», інэртныя, нават баязьлівыя. Усё, што ты робіш, прымаюць, а некаторыя дык усё яшчэ адабраюць. А тут раз — і яны выходзяць на пратэсты. А начальнікі спэцслужбаў дакладаюць, што выйшлі толькі самыя актыўныя, а насамрэч незадаволеных большасьць.
А яшчэ табе дакладаюць, што нейкі РЭП актыўна працуе з рабочымі, тлумачыць ім іх правы, падказвае, што яны могуць патрабаваць, вучыць, як бараніць сябе ад прыціску з боку начальства і ўладаў. Знаходзіць сродкі на юрыстаў, якія бароняць правы людзей у судах.
Табе дакладаюць, што не бяз РЭПа дзе-нідзе арганізаваліся акцыі «дармаедаў». А ты як дыктатар ведаеш, што з эканомікай нічога добрага ня будзе ў бліжэйшы час. І што твой калісьці адданы электарат усё болей расчароўваецца ў табе. А дзесьці ўжо крыўдзіцца і нават злуецца. І табе як дыктатару ўжо ня важна, ці маюць «прафсаюзьнікі» палітычныя амбіцыі, ці не. Ты даеш загад іх абясшкодзіць. У выпадку з РЭП — паралізаваць працу дзьвюх ключавых фігур арганізацыі.
Людзі з аўтарытарным складам мысьленьня мераюць іншых па сабе. Вось паралізуй дзейнасьць дыктатара — пасыплецца ўся сыстэма. Таму і завялі справу супраць Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка. Маўляў, дваіх нэўтралізуем — і канец справе.
Цяпер для прафсаюзу РЭП вельмі важна прадэманстраваць, што сіла — у камандзе.
Абмежаваньне перасоўваньня ў прасторы Генадзя Фядыніча ды Ігара Комліка не павінна паўплываць на дзейнасьць РЭП. Бо РЭП — гэта люстэрка грамадзянскай супольнасьці. А грамадзянская супольнасьць — гэта пэрпэндыкулярная аўтарытарнай вэртыкалі зьява. Дыямэтральна супрацьлеглая зьява. Грамадзянская супольнасьць — гэта каманда роўных.
Севярын Квяткоўскі, «Радыё Свабода»