Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Станіслаў Шушкевіч: Мы ўсё зрабілі разумна, крок за крокам

26.08.2018 политика
Станіслаў Шушкевіч: Мы ўсё зрабілі разумна, крок за крокам

Першы кіраўнік Беларусі – пра здабыццё незалежнасці.

27 ліпеня 1990 г. была прынята Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. 25 жніўня 1991 года Вярхоўны Савет БССР надаў ёй сілу канстытуцыйнага закона. Дэклярацыя захоўвала юрыдычную сілу да 15 сакавіка 1994 года, калі была прынята Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, перадае radyjo.net.

Аднак 25 жніўня ніколі не адзначаўся Дзень Незалежнасьці.

З 1991 да 1996 года Дзень Незалежнасьці сьвяткаваўся ў дату прыняцьця дэклярацыі — 27 ліпеня.

Згодна з дэклярацыяй, Беларусь абвяшчалася сувэрэннай дзяржавай зь дзяржаўнай беларускай мовай.

У адпаведнасьці з дэклярацыяй, на тэрыторыі БССР абвяшчалася вяршэнства Канстытуцыі і законаў БССР.

19 верасьня 1991 года 6-я пазачарговая сэсія Вярхоўнага Савета БССР перайменавала дзяржаву ў Рэспубліку Беларусь. Тады ж “Пагоня” і бела-чырвона-белы сьцяг сталі дзяржаўнымі сымбалямі краіны.

Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, прынятая 27 ліпеня 1990 г.
Фота: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь

Пра значэньне падзей жніўня-верасьня 1991 года ў кантэксьце гісторыі беларускай дзяржаўнасьці разважае тагачасны Старшыня Вярхоўнага Савета БССР Станіслаў Шушкевіч, чый подпіс стаіць пад дакумэнтам аб абвяшчэньні незалежнасьці.

Станіслаў Шушкевіч: Мы ўсё зрабілі разумна, крок за крокам. Каб зацьвердзіць сымбалі, спатрэбілася вельмі цяжкая, вельмі ўдумлівая, пасьлядоўная праца. І калі б нам не хапіла голасу аднаго дэпутата, мы б гэтыя сымбалі не зацьвердзілі. Бо калі б мы ўсё адразу рабілі, то маглі б і першы крок не зацьвердзіць. Мы дзейнічалі правільна, пасьлядоўна і спакойна.

Станіслаў Шушкевіч у той жа час лічыць, што Днём Незалежнасьці Беларусі павінен быць дзень 25 Сакавіка, калі была абвешчана незалежнасьць БНР.

Чаму беларусы не пайшлі шляхам суседзяў — Літвы або Ўкраіны, фарміруючы сваю нацыянальную ідэнтычнасьць і ўмацоўваючы дзяржаўную незалежнасьць?

Станіслаў Шушкевіч бачыць у гэтым аб’ектыўныя гістарычныя прычыны.

Станіслаў Шушкевіч: Трэба адрозьніваць стартавыя ўмовы. У Беларусі яны былі непараўнальныя зь Літвой і Ўкраінай. І ва Ўкраіне, і ў Літве палітычныя дзеячы, якія праводзілі палітыку камуністычнай партыі, былі таленавітымі адукаванымі людзьмі, абманутымі той прапагандай (я ня ўтойваю, што многа гадоў таму я таксама, як і мае бацькі, быў прыхільнікамі сацыялістычнага ладу і камуністычнай ідэі). Адрозьнівала Беларусь ад Украіны, Літвы і, напрыклад, Малдовы тое, што там відныя дзеячы былі перш за ўсё літоўцамі, украінцамі, малдаванамі, а пасьля камуністамі. А ў нас было наадварот: яны спачатку былі камуністамі, а потым беларусамі. Яны забыліся на мову, бо ва ўладных структурах яна была непатрэбна. Больш за тое, канцэнтрацыя вайсковых пэнсіянэраў у Беларусі ў 4,7 раза была большай, чым у сярэднім па тэрыторыі СССР. І тут праводзілася прымусовая русіфікацыя, уведзеная ў ранг дзяржаўнай рэспубліканскай палітыкі. Беларусь стала самай вялікай ахвярай антынацыянальнага працэсу. Таму мы павінны стаць спачатку беларусамі, калі мы хочам нацыянальную дзяржаву мець, а пасьля ўжо кім хочаце — хоць і камуністамі, хоць і правымі, левымі, кім хочаш. Але гэта ў нас не адбываецца, ідзе паволі, бо мы не пазбаўляемся расейскіх пут.

25 жніўня не зьяўляецца ў Беларусі дзяржаўным сьвятам. Дзень Незалежнасьці з 1997 года адзначаецца 3 ліпеня, у гадавіну вызваленьня Менска ад нацыстаў у 1944 годзе.

Беларусы жывуць у незалежнай дзяржаве з 1991 года, аднак генэалёгію гэтай незалежнасьці адлічваюць з савецкіх часоў.

Дарэчы, Польшча другой у сьвеце, пасьля Ўкраіны, прызнала незалежную Беларусь.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]