Гісторыя пра тыднёвы сплаў пад нацыянальнымі колерамі.
Напэўна, мой тыднёвы сплаў па Прыпяці ў кампаніі сяброў прайшоў бы не так запамінальна, каб не бел-чырвона-белы сцяг, які ўвесь гэты час быў з намі — на плыце і на беразе. Па-першае, гэта было прыгожа, піша журналіст Салідарнасці Сямен Печанько.
Па-другое, як апынулася, сцяг на борце гарантавана прыцягваў увагу рыбакоў і адпачывальнікаў. Пра іх рэакцыю мы і раскажам падрабязней.
Мы стартавалі каля пераправы ў ваколіцах вёскі Кораб’е, што ў Лунінецкім раёне. Ужо праз які дзясятак хвілін заплыву з берагу пачулася:
— Глядзіце, плот плыве. А што гэта за сцяг? Палякі, напэўна.
У першы дзень мы праплылі па рацэ трошкі больш за гадзіну. І перш чым разбіць на ноч лагер, яшчэ раз пачулі пра «палякаў», а таксама кароткую даведку ад аматара гісторыі, які патлумачыў дзіцяці:
— А гэта сцяг Вялікага Княства Літоўскага. Была калісьці такая
Раніца другога дня пачалася з прыемнага.
— Вітаем на Прыпяці! Прыемна бачыць тут сцяг! — данеслася з берага ад шумнай кампаніі рыбакоў.
Тая сустрэча падарыла нам адкрыццё: пасля такога вітання ў нас дадалося сілаў, вёслы нібы самі запрацавалі ў руках.
А потым ізноў былі здагадкі ўслых пра тое, што «гэта, напэўна, польскі сцяг».
— Хорошо им. Привезли людей на реку, на плот усадили. И катайся себе, лови рыбу, фотографируй, — дзялілася здагадкамі са сваім спадарожнікам жанчына з берага.
— Дзень добры, паньства! Як вам у нас? — рыбак у лодцы не адразу паверыў, што на плыце пад бел-чырвона-белым сцягам плывуць не госці з-за Буга.
А вось насустрач нам нясецца нятанная маторка. «Каштуе, мабыць, як твая кватэра», — жартуе сябар.
У лодцы двое мужчынаў сярэдняга веку і жанчына. Маторка бярэ бліжэй да нас. Праплываючы побач кампанія моўчкі паварочваецца да нас, мужчына за рулём моўчкі вітальна падымае руку, ківаючы галавой на сцяг.
— Смотри, начало недели, будний день, а они на плоту загорают. Наверное, алкаши какие-то, — даносіцца з берага скептычны голас.
— Почему сразу алкаши? А может они депутаты, и могут себе позволить? — не пагаджаецца з версіяй пра алкашоў іншы голас.
У адзін з вечароў заўважаем каля берага старога рыбака, які чапляе жыўца на сама. Вырашаем пазычыць у яго пару в’юноў. Падплываем ціха, з-за чаго рыбак палохаецца:
— Што гэта за група захопу? — дзядзька спачатку напружваецца, а пасля заўважае сцяг. — А што за сцяг? А, бел-чырвона-белы? Паважаю!
В’юнамі мы не разжыліся, бо ў рыбака ўсё было падлічана да рыбіны. Але рэакцыя на сцяг нас акрыліла на апошні рывок да чарговага начнога лагеру.
Ваколіцы вёскі Сямігосцічы. На беразе Прыпяці высіцца будынак турыстычнага комплексу. На супацьлеглым беразе на пясчаным пляжы стаяць чорныя «паркетнікі», з аднаго на ўсю ваколіцу грыміць папса. Каля аўто дурэе кампанія маладзёнаў.
Па рацэ, ад паварота да паварота, навыперадкі носяцца навюткія маторкі. Адна з іх падплывае да нас, на борце кампанія маладых людзей.
Хлопцы касавурацца на сцяг і відавочна блытаюць нас з палякамі:
— Откуда плывёте? Из Лунинца? В Туров? Молодцы! А сами откуда приехали?
Пачуўшы адказ, пачалі жартаваць:
— Хорошо, наверное, так отдыхать. Проплыл день, а потом всю ночь у костра бухаешь.
— Смотри какой плот. А что это за флаг? Английский? Нет, наверное, польский.
З берага ў наш бок углядаецца адзін з рыбакоў, ягоны калега здымае нас на тэлефон.
— Вітаю, панове! Як плывецца? — апошні раз з палякамі нас паблыталі на мяжы Брэсцкай і Гомельскай абласцей. «Усходняя Беларусь пачалася», — выказаў здагадку адзін з удзельнікаў сплаву.
— Глядзі, БНФ плыве! — з блізкага берагу на нас глядзіць група рыбакоў. На выгляд — звычайныя рабацягі.
— Хлопцы, на плоце няма ніводнага партыйнага. Гэта сцяг незалежнай Беларусі, пры чым тут Фронт? — не вытрымлівае адзін з нашых.
Дзядзькі на беразе прымірэнча загулі:
— Ды мы ж нічога супраць не маем. І сцяг наш яшчэ ўздымецца над краінай. Хутка, вось пабачыце!
— О, сма-а-атри. Сала-мяса-сала плывёт!
Гэта была бадай адзіная негатыўная рэакцыя на сцяг за ўвесь тыдзень.
Спёка, поўдзень. Рака апусцела пад бязлітасным сонцам. Мы плывём пад спевы «Нейра Дзюбеля» з мабілкі. Толькі што скончылася песня «Марскі чалавек». З кустоў даносіцца вокліч «Жыве Беларусь!»
Углядаемся ў бераг. Сярод рэдкіх кустоў хаваецца ў цяньку дзядзька ў саламяным капелюшы.
За адным з бясконцых прыпяцкіх паваротаў бачым знакаміты «Сакавік» — невялікую яхту, што належала пінскаму мастаку Яўгену Шатохіну.
У свой час яна хадзіла пад бел-чырвона-белым вымпелам. Пасля смерці мастака «Сакавік» знайшоў новага гаспадара. Той углядаўся ў наш бок, але на сцяг ніяк не адрэагаваў.
— Глядзіце, на беразе таксама БЧБ! — адзін калегаў паказвае рукой на кампанію, што хаваецца ад сонца пад тэнтам. Мы набліжаемся, адзін з адпачывальнікаў замацоўвае на беразе бел-чырвона-белы сцяг.
— А мы пабачылі ў вас сцяг на плоце і ўзгадалі, што ў саміх свой у заплечніку ляжыць. То падумалі, навошта ён там будзе пралёжваць, — тлумачаць нам з берага.
Неўзабаве мы ізноў бачым на беразе сцяг. На гэты раз — савецкага ВМФ.
— Мужики, а чё у вас за флаг? А, нежалезная Беларусь. Мы тоже против Лукашенко. А смотрите какой у нас флаг?!
Бліжэй да Турава нам усё часцей вітальна машуць рукамі з лодак.
— А это флаг какой страны? — пытаецца з берага дзяўчынка.
— Незалежнай Беларусі!
— Ага, ну-ну… — чуецца недавер у голасе.
— Пачытай гісторыю, там усё напісана.
З берага даносіцца голас дарослага, які штосьці кажа дзяўчынцы пра найноўшую гісторыю, але мы плывем далей і вецер абрывае словы.
— Хлопцы, можа рыба трэба? Пару ляшчоў на юшку? — нас дагнаў на лодцы рыбак.
Мы нядоўга думаем і згодна ківаем галовамі. Пакуль разважаем, колькі дзядзька папросіць за «хвасты», той даганяе нас ізноў. Перакідвае на плот колькі рыбінаў, з прыязнай усмешкай ківае на сцяг, кажа «рэспект», жадае ўдачы і вяртаецца да сваіх.
Ваколіцы Верасніцы, Тураў. Блізяцца выхадныя, на пляжах процьма адпачывальнікаў. Многія здымаюць наш плот на смартфоны. За тыдзень мы прызвычаіліся да такой увагі, але ў нейкі момант цікаўнасць бярэ верх: як жа наш экіпаж выглядае з берага?
У нейкі момант заўважаем дзяўчыну з тэлефонам, што здымае нас на змярканні.
— У вас вайбер ёсць? А можаце скінуць пару фотаздымкаў на гэты нумар? Запісвайце…
Праз колькі гадзін разглядаем здымкі нашага плыта, зробленыя з тураўскага берага.
Даплылі!
Падсумуем вынікі: прыблізна ў палове выпадкаў рэакцыя на сцяг была пазітыўнай. Нас віталі, выказвалі ўдзячнасць, жадалі ўдачы.
Рэшту склалі выпадкі, калі з-за сцяга нас прымалі за палякаў. Тут можна дапусціць, што з берага скамечаны ў бязветраны дзень сцяг не так і проста пазнаць. Зрэшты, і ў якасці палякаў нам зычылі добрага шляху.
І што самае пазітыўнае — за тыдзень мы ніводнага разу не сутыкнуліся з праявай відавочнай агрэсіі.