Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Як 69-гадовы беларус вучыцца на сьвятара ў Кіеве

26.08.2018 общество
Як 69-гадовы беларус вучыцца на сьвятара ў Кіеве

Мiкола Ермакоў - адзіны беларус, якi вучыцца ў каталіцкай сэмінарыі Redemptoris Mater ва ўкраінскай сталіцы.

Міколу Ермакова ў 1980-х ведалі ў Гомлі як каратыста, хоць гэты від адзінаборстваў быў забаронены. У 90-х ён прыйшоў у палітыку, стаў сацыял-дэмакратам, пачаў размаўляць на роднай мове. На працы яго ведалі як добрага інжынэра-канструктара. У Бога ня верыў, у царкву не хадзіў. Цяпер Міколу 69 гадоў, ён вучыцца ў каталіцкай сэмінарыі ў Кіеве і марыць стаць сьвятаром, пiша «Радыё Свабода».

«Не заўжды з дапамогай палітыкі можна ўратаваць чалавека»

У каталіцкай сэмінарыі Redemptoris Mater ва ўкраінскай сталіцы вучацца юнакі з розных краінаў сьвету. Мікола — адзіны беларус. Старэйшы за рэктара, яго намесьніка і духоўнага айца сэмінарыі, ня кажучы пра студэнтаў. Адкуль ён там і чаму?

Мікола выхоўваўся ў савецкай сям’і ў часы «ваяўнічага атэізму». Праўда, у 1949 годзе яго ахрысьцілі ў праваслаўнай царкве.

«Бацькі перажылі жахі вайны, таму, напэўна, і ахрысьцілі мяне. Гасподзь захаваў ім жыцьцё, каб яны яго далі мне», — кажа сэмінарыст.

Пра сьвятарскае служэньне ня марыў, і каб хто раней такое сказаў — ня даў бы веры. Вывучыўся на інжынэра-канструктара, працаваў, пятнаццаць гадоў займаўся каратэ, дзесяць — падводным плаваньнем. Жыцьцё было «цікавае і насычанае».

«У 1992 годзе адчуў патрэбу размаўляць на роднай мове і паціху пачаў, ужо дваццаць гадоў размаўляю», — кажа сэмінарыст. На пачатку 90-х прыйшоў у палітыку, да сацыял-дэмакратаў.

«Потым убачыў, што Гасподзь заклікае да нечага большага, важнейшага, чым палітыка. Чалавек патрабуе збаўленьня. Не заўжды з дапамогай палітыкі можна ўратаваць чалавека», — кажа Мікола.

«Да царквы людзі прыходзяць у часе пакут»

Мікола ўпэўнены: да царквы людзі прыходзяць у большасьці выпадкаў праз пакуты і выпрабаваньні.

У 1992 годзе ён разьвёўся.

«Страціў сям’ю з уласнай волі. Быў адзін, вельмі пакутаваў праз гэта. Але без пакут чалавек ня здольны ўбачыць любоў Бога да сябе і навучыцца перадаваць яе іншым людзям. Без пакут я не прыйшоў бы ў касьцёл, не захацеў бы ісьці ў сэмінарыю. Жыў бы, як усе», — кажа Мікола.

Фота: svaboda.org

У 1999 годзе ён прыйшоў у каталіцкую царкву, трапіў да супольнасьці «Нэакатэхумэнальны шлях». Там стаў вандроўным катэхістам — сьвецкай асобай, якая абвяшчае ў розных краінах слова Божае. Пяць гадоў Мікола праводзіў у Латвіі катэхезы — адмысловыя рэлігійныя заняткі для сьвецкіх.

«Шмат убачыў за гэтыя гады людзей, якія пакутуюць, якім патрэбна дапамога, падтрымка, слова Божае. Раней я думаў, што на Захадзе людзі жывуць заможна і шчасьліва — нічога падобнага. Такія ж пакуты і праблемы, як у нас. Людзі часта разгубленыя, ня ведаюць, што ім рабіць, — і праз гэта я адчуў пакліканьне да сьвятарства», — кажа сэмінарыст.

Ён меў сумневы — ці прымуць у сэмінарыю ў такім веку?

«Але ўкраінскі арцыбіскуп Пётар Марчук, калі даведаўся пра мой узрост, сказаў: „Калі яго Гасподзь кліча, то хай вучыцца, а там паглядзім, што будзе“. Я яму вельмі ўдзячны за гэта», — кажа Мікола.

Сям’я зразумела, адгаворвалі ў каталіцкай грамадзе

Ці было што пакідаць? У Беларусі ў Міколы засталася кватэра, родны горад, упарадкаванае жыцьцё, сябры. У сэмінарыі трэба падпарадкоўвацца пэўным правілам і іншым людзям. У выпадку Міколы — яшчэ і значна маладзейшым за яго.

Ня ўсе блізкія і знаёмыя ўхвалілі яго жаданьне ісьці ў сэмінарыю. Дарослая дачка і сёстры паставіліся да навіны з разуменьнем, маўляў, тваё жыцьцё — табе вырашаць. Адгаворвалі, як ні дзіўна, у каталіцкай грамадзе.

«Казалі — для чаго табе гэта? Навошта?», — сьмяецца сэмінарыст. Зьдзівіліся і сябры.

«Маеш кватэру, пэнсію — што табе яшчэ трэба? Ня хочаш быць адзін — дык ажаніся», — казалі яго прыяцелі.

Так шмат і ўпарта вучыўся, што пачаліся праблемы з сэрцам

У Redemptoris Mater выкладаюць на ўкраінскай і польскай мовах, таму што большасьць выкладчыкаў прыяжджае вучыць сэмінарыстаў з Каталіцкага ўнівэрсытэту ў Любліне. Апроч гэтага, трэба вывучаць грэцкую, лаціну, арамейскую. «Грэцкая мова для мяне цяжкая, але трэба было вучыць, як мог. Лаціна трохі лепш. Самае цікавае, што арамейская пайшла лягчэй за ўсе мовы», — кажа сэмінарыст.

Першыя месяцы ў сэмінарыі Мікола займаўся гэтак шмат і ўпарта, што пачаліся праблемы з сэрцам. «Рэктар тады мне сказаў, што я пэрфэкцыяніст і ня варта так рвацца. Сказаў — вучыся, колькі здольны, ня болей», — усьміхаецца Мікола.

Фота: svaboda.org

Спачатку ў сэмінарыі было цяжка — з прычыны розьніцы ва ўзросьце.

«Старэйшаму чалавеку — жыць і вучыцца з хлопцамі, якім па 20–25 гадоў? Але зь цягам часу прызвычаіўся. Па-першае, я спазнаў за гэты час гісторыю гэтых хлопцаў, даведаўся, якія яны мелі цяжкасьці і ў сям’і, і ў сэмінарыі. Калі пазнаеш чалавека глыбей — то ўзрост больш не перашкода», — кажа Мікола.

На Божае Нараджэньне, Вялікдзень і канікулы сэмінарыстаў разьмяркоўваюць па розных парафіях, прычым па ўсім сьвеце. Можна трапіць у Харватыю, Польшчу, Дамініканскую Рэспубліку ці Калюмбію. З гэтых краінаў, а таксама Італіі і Гішпаніі вучацца сэмінарысты ў Кіеве. «Таму весела», — сьмяецца Мікола.

Шэсьць гадоў — каб разабрацца з пакліканьнем

Сэмінарысты ня маюць сваіх грошай — просяць пры патрэбе ў рэктара. Мабільнымі тэлефонамі карыстаюцца толькі на канікулах, інтэрнэт дазволены дзьве гадзіны вечарам. Сацыяльнымі сеткамі карыстацца не пажадана.

«Я без мабільнага не пакутую — няма і няма. Сацыяльныя сеткі таксама мне не патрэбныя», — усьміхаецца Мікола.

Шэсьць гадоў у сэмінарыі дадзены для таго, каб разабрацца — ці сапраўднае пакліканьне?

«Каб чалавек зразумеў, чаго прагне яго душа. Аддаць сябе цалкам Богу і людзям як сьвятар ці стварыць сям’ю. Ня так проста разабрацца. Крызісы ў сэмінарыі бываюць вельмі моцныя. Найперш — у міжчалавечых адносінах, бо жывём у адным доме», — кажа Мікола.

«Я пашлю цябе далёка»

Пасьля сьвятарскага пасьвячэньня, а для Міколы яно можа быць ужо налета, сэмінарысты Redemptoris Mater мусяць служыць пяць гадоў у Кіеўска-Жытомірскай дыецэзіі. Потым сьвятара могуць накіраваць у іншую краіну сьвету. Мікола згодзен ехаць служыць туды, куды накіруе біскуп.

Фота: svaboda.org

«Калісьці, вельмі даўно, мне было такое слова зь Бібліі: „Я пашлю цябе далёка“. Гэта зь Дзеяў апосталаў. Я ўсё думаў — куды мяне Бог накіруе? Потым другі раз да мяне было гэта слова. Ведаючы, што ад Госпада так проста слова не прыходзіць, спадзяюся, што Гасподзь яго зьдзейсьніць», — кажа Мікола.

За свой сэмінарскі час ён ён пабываў у Францыі, Славаччыне, Аўстрыі, Італіі і Польшчы.

«На адным месцы не сядзім, прызвычаіўся да такога жыцьця. Гасподзь выканае тое, што Ён сказаў. Толькі трэба быць паслухмяным», — кажа сэмінарыст.

«Сьвятар дапамагае людзям знайсьці Бога — гэта самая важная справа ў жыцьці»

Мікола кажа, што сьвятар дапамагае людзям знайсьці Бога. І гэта самае важнае ў жыцьці, дзе ўсё можа пахіснуцца ў кожны момант — праца, сям’я, кар’ера, здароўе, дабрабыт.

«Я сустракаў адданых служэньню сьвятароў, напрыклад, у Латвіі. Там быў такі манах, які мог усе грошы аддаць цыганам — і жыць, не паміраць. Бачыў, што сьвятар з дапамогай Бога можа людзям даваць гэтую надзею, якая не памірае. Нягледзячы на тое, што жыцьцё няпростае, цяжкае — але празь яго можна ісьці і мець падтрымку, праходзіць розныя выпрабаваньні. Сьвятар дапамагае людзям знайсьці Госпада, гэта вельмі важная справа. Напэўна, самая важная ў жыцьці. Для чаго маё служэньне? Мусіць, каб я перадаў каму-небудзь гэтую веру, якую Ён дае мне. Можа, каму-небудзь я дапамагу яе атрымаць», — кажа Мікола.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]