Гісторыя аднаго патрыёта.
Гамяльчук Сяргей Макрэнка з лістапада мінулага году спрабуе дамагчыся для сваёй шасцігадовай дачушкі Сашы магчымасці вучыцца па-беларуску ў школе, нароўні з тымі, хто хоча вучыцца па-расійску. Гэта значыць не ехаць праз увесь горад ў канцэнтрацыйны пункт беларускамоўнага навучання – адзіны клас на паўмільённы горад, які чыноўнікі ад адукацыі стварылі пры 36-й гімназіі, а хадзіць у 5-ю школу, якая замацаваная за мікрараёнам, дзе жыве сям’я Макрэнак, піша «Гомельская Вясна».
У ліпені на прыёме ў начальніцы Упраўлення адукацыі Гомельскага гарвыканкама Людмілы Крылісценка Сяргею паабяцалі, што клас з беларускай мовай навучання створаць у пятай школе. Праўда пры ўмове, што набярэцца «паўнавартасны клас». Але за тыдзень да заканчэння прыёму дакументаў у першыя класы на чарговым прыёме чыноўніца паведаміда неабыякаваму да беларушчыны бацьку, што заява Сяргея ў 5-й школе на навучанне па-беларуску – адна, а чыноўнікі створаць клас толькі пры наяўнасці 15 вучняў. Менавіта такую колькасць у гарадскім упраўленні адукацыі лічаць «паўнавартасным класам». Пакуль жа адзіны шлях для навучання Сашы Макрэнка на роднай мове – ехаць за 7 кіламетраў у 36-ю гімназію. Сяргей дзеліцца сваімі меркаваннямі наконт роўнасці ў рэалізацыі права на выбар мовы атрымання адукацыі і выхавання, замацаванага ў беларускай Канстытуцыі, паміж тымі, хто абірае расійскую мову і тымі, хто не хоча здраджваць нацыянальнай - беларускай.