Меркаванні наведнікаў крамы з нацыянальнай сімволікай.
У Гомелі амаль тры месяцы працуе крама, якая прадае сувеніры з нацыянальным каларытам і сімволікай, перадае racyja.com.
У аксесуары – аўтамабільныя налепкі, вышыванкі і адзенне ад беларускіх вытворцаў.
Адкрыць краму «Мроя» ў Гомелі вырашыў рэчыцкі прадпрымальнік Дзяніс Мядзведзеў, які штодня ездзіць у абласны цэнтр на працу. Абслугоўванне кліентаў вядзецца на беларускай мове.
Гандляр: – Нашая крамнічка зусім яшчэ маленькая пакуль што. Яна існуе ўсяго пару месяцаў. У паўмільённым Гомелі гэта першая крама падобнага кшталту. Я спадзяюся, што існаванне такіх аб’ектаў таксама пасадзейнічае папулярызацыі беларускай культуры і нацыянальных каштоўнасцей.
Час ад часу набыць нейкі сувенір з беларускімі сімваламі ў краме «Мроя» прыходзяць замежныя турысты. Але асноўная частка пакупнікоў – гомельцы. Ірына прыйшла ў краму спецыяльна, каб азнаёміцца з прадукцыяй.
Пакупніца Ірына: – Лідар групы «Стары Ольса» Зміцер Сасноўскі некалі сказаў: «Цяжка быць беларусам у Гомелі». Але тут – бац! Такая крама адкрылася менавіта ў нас. Я мяркую, у любым выпадку гэта патрэбна, бо госці, якія прыязджаюць у наш горад, могуць набыць прадукцыю з нацыянальнай сімволікай.
Дзяніс Мядзведзеў заўважае, што сярод беларусаў паступова расце попыт на прадукцыю з нацыянальнай сімволікай. Аднак, паводле гаспадара крамы, гэты трэнд трэба падтрымліваць. У бліжэйшы час ён намераны надаць больш увагі рэкламе крамы «Мроя» ў сацыяльных сетках.